Фота: тэлеграм-канал «Варшавка Граница Брест-Тересполь»

Фота: тэлеграм-канал «Варшавка Граница Брест-Тересполь»

Польшча. Фармальна застрахаваць машыну анлайн нельга

Беларускія страхавыя кампаніі прыпынілі афармленне «Зялёнай карты» з 17 мая, апошнія полісы выпісаныя ў Беларусі мелі тэрмін дзеяння да 1 чэрвеня. Ад гэтай даты для ўезду ў ЕС беларускім аўтааматарам трэба мець страхавы поліс ад еўрапейскай страхавой. Як высветлілася, аформіць страхоўку няпроста, а цэны пайшлі ўверх.

У адзіным дагэтуль дзейным пункце пропуску для легкавога транспарту «Брэст — Тарэспаль», аформіць страхавы поліс немагчыма. Як і патрапіць на супрацьлеглы бок мяжы на незастрахаваным транспарце.

Фармальна набыць страхавы поліс анлайн на аўто з беларускай рэгістрацыяй нельга. Польскім страхавым забаранілі афармляць страхоўкі анлайн на аўтамабілі з беларускай і расійскай рэгістрацыяй у сярэдзіне мая. Але людзі, якія маюць сяброўскія кантакты са страхавымі агентамі, кажуць, што пры жаданні вырашыць гэтае пытанне можна. 

Апроч таго, агентаў, якія гатовыя выпісаць польскую страхоўку анлайн, можна знайсці ў адмысловых чатах у тэлеграме. Страхоўка на 30 дзён у іх каштуе 42 еўра ў той час, калі самы танны поліс на 30 дзён у Польшчы каштуе 140 злотых (каля 31,5 еўра).

Аплаціць страхоўку можна пераводам на еўрапейскі валютны рахунак у еўра або польскіх злотых. Таксама прадаўцы гатовыя правесці разлік у крыптавалюце.

За тыя ж 42 еўра, або 186 злотых, страхоўку можна набыць у адным з абменных пунктаў, якія знаходзяцца адразу пасля перасячэння мяжы. Але такі варыянт пасуе толькі ў тым выпадку, калі вы ўжо патрапілі ў Польшчу, бо праехаць мяжу без страхоўкі і адразу аформіць яе на выездзе з пункта пропуску немагчыма. Польскія памежнікі яшчэ на мосце разварочваюць тых, хто едзе без поліса.

Каб выпісаць страхоўку, беларусам даводзіцца перадаваць дакументы на аўто знаёмым, якія едуць у Польшчу, каб тыя маглі зрабіць гэта за іх.

Некаторыя шукаюць такіх людзей усё ў тых жа адмысловых тэлеграм-чатах.

Літва. Прасцей, але стала даражэй

У адрозненне ад сваіх польскіх калег, літоўскія страхавыя агенты цалкам законна афармляюць полісы анлайн. Галоўнае — знайсці магчымасць разлічыцца. Прасцей за ўсё гэта могуць зрабіць тыя беларусы, якія маюць рахунак у літоўскім банку і могуць зрабіць плацеж праз мабільны дадатак. Калі свайго рахунку няма, то можна папрасіць заплаціць за поліс любога знаёмага з рахункам у Літве. Хто будзе плацельшчыкам — непрынцыпова. Таксама за страхоўку можна разлічыцца праз Paysend.

Тым не менш літоўскія страхавыя кампаніі ўжо паспелі адрэагаваць на новыя ўмовы на рынку. Днямі яны павысілі цэны на полісы для аўто з беларускай і расійскай рэгістрацыяй. Цяпер поліс на 15 дзён каштуе 28 еўра, а на 30 дзён — 48 еўра. Да нядаўняга часу поліс на 15 дзён прадавалі за 21 еўра, а на 30 дзён — за 36 еўра.

Першымі цэны на страхоўку выраслі ў агентаў, якія працуюць у пунктах пропуску. Пры гэтым цягам некалькіх дзён анлайн усё яшчэ можна было купляць 30-дзённыя страхоўкі па 36 еўра. Цяпер менш чым за 48 еўра страховак тэрмінам на 30 дзён няма.

Цікава, што яшчэ мінулым летам страхоўкі на беларускія аўто ў Літве каштавалі яшчэ танней, чым да нядаўняга падаражання. Год таму 15-дзённы поліс прадавалі за 20 еўра, а 30-дзённы — за 28 еўра.

Тым не менш набыццё страхавых полісаў на літоўскім кірунку застаецца найбольш зручным варыянтам, бо, апроч куплі анлайн, застрахаваць машыну можна ў чатырох з шасці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы. Страхоўку выпісваюць паўсюль, апроч пунктаў пропуску «Лоша» і «Відзы».

Латвія. Страхоўку можна аформіць на адным з двух пунктаў пропуску

Пры ўездзе ў Латвію страхоўку можна аформіць у ПП «Грыгораўшчына», ва «Урбанах» аформіць поліс немагчыма.

***

Аўтамабілісты, якія жывуць у Беларусі, фінансава нічога не губляюць, бо нават з улікам павелічэння цэн застрахаваць машыну ў літоўцаў выходзіць на 2 еўра танней, чым было ў Беларусі. У нас поліс на 15 дзён прадавалі за 30 еўра, а на трыццаць дзён — за 50 еўра.

Для большасці аўтааматараў фундаментальна нічога не зменіцца. Але калі нехта плануе падарожжа на аўто ў такія краіны, як Чарнагорыя, Сербія, Албанія і шэраг іншых краін Балканскай паўвыспы, то давядзецца паклапаціцца пра куплю іншага поліса, бо беларуская «Зялёная карта» хоць і была даражэйшай, але пакрывала гэтыя краіны.

Чытайце таксама:

Як шматдзетных і інвалідаў падстаўляюць на дзясяткі тысяч даляраў пры пакупцы аўто

У Беларусь прыходзіць новы аўтамабільны брэнд з Кітая — Voyah, які спецыялізуецца на электрамабілях

Клас
3
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
8