Украінец, які выехаў у Бельгію ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі як бежанец, выйграў 500 тысяч еўра ў імгненную латарэю. Пра гэта ў панядзелак паведаміла Нацыянальная латарэя Бельгіі ў прэс-рэлізе, піша «Еўрапейская праўда».

Мужчына-ўкраінец ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў, які жыве ў Брусельскім сталічным рэгіёне, набыў скрэтч-карту на запраўцы 16 мая за пяць еўра. Адзін з нумароў быў выйгрышным.

Прадстаўніца бельгійскай Нацыянальнай латарэі адзначыла, што з афармленнем дакументаў на выйгрыш хлопцу дапамаглі сябры.

«Яго пачуцці былі вельмі змяшанымі. Ён відавочна думаў пра Украіну, а ў гэты час цяжка радавацца пры тым, што адбываецца ў тваёй краіне. Але ў той жа час, вядома, ён быў вельмі рады сваёй перамозе і, перш за ўсё, поўны надзеі», — распавяла прадстаўніца латарэі Жоўк Вермер.

Хоць Нацыянальная латарэя Бельгіі традыцыйна не раскрывае інфармацыі пра асобу пераможцы, Вермер адзначыла, што хлопец цяпер працуе ў краіне як бежанец, але імкнецца як мага хутчэй вярнуцца дадому.

Выйгрыш хлопец плануе патраціць на дапамогу Украіне, але спачатку «хоча арганізаваць вечарыну тут, у Бельгіі, для сям'і і сяброў, якія клапаціліся пра яго і дапамаглі яму інтэгравацца ў краіну».

Усяго з пачатку поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну Бельгія прыняла як мінімум 65 тысяч украінскіх бежанцаў.

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2