«Даўно хацела зрабіць сабе чокер з жэтонаў. Выкарыстала 14 юбілейных жэтонаў 2014 года, 8 з выявамі станцый ад «Маскоўскай» да «Інстытута культуры» і 6 паўторных. Зараз у чорны дзень закіну не ў ламбард, а ў турнікет», — напісала мастачка ў сацсетках.

Як расказала Надзея ў каментарыі CityDog.io, cярод стандартных жэтонаў на метро сустракаюцца жэтоны юбілейнай серыі, выпушчаныя да 30-годдзя запуску Мінскага метрапалітэна, з выявай пэўнай станцыі. Гэта восем уведзеных у эксплуатацыю ў 1984 годзе станцый: «Маскоўская», «Парк Чалюскінцаў», «Акадэмія навук», «Плошча Якуба Коласа», «Плошча Перамогі», «Кастрычніцкая», «Плошча Леніна» і «Інстытут культуры».

Контурны малюнак станцыі нанесены на кожны такі жэтон, а таксама подпіс на беларускай мове кірыліцай і лацінкай. Колер у гэтай серыі такі ж самы, таму многія не заўважаюць розніцы паміж звычайным і юбілейным жэтонам.

«Серыя была вялікая, па 75 000 кожнага тыпу, таму і зараз можна сабраць сабе набор юбілейных жэтонаў з ужытку, — дзеліцца мастачка. — Я даўно сабрала свой камплект, і ён вісеў над працоўным сталом у якасці натхнення, бо я часта малюю сталічны транспарт. І вось сабрала другі камплект і падумала, што можна выкарыстаць іх для нечага іншага».

Надзея гаворыць, што ідэя зрабіць упрыгажэнні прыйшла сама сабой:

«Я час ад часу раблю сабе ўпрыгажэнні з накрывак ад піва ці галоў ад лялек Барбі. Так і з’явіліся каралі з жэтончыкаў».

Пад пастом у сацсетках падпісчыкі дзяўчыны пытаюцца, ці можна замовіць такую прыгажосць сабе. Надзея на гэта кажа, што канкрэтна гэты чокер яна рабіла для сябе, але калі нехта захоча, то можна і паўтарыць.

«Тэхнічна ніякіх цяжкасцяў няма: унутры жэтона металічная ўстаўка, якая займае не ўсю плошчу, так што я проста пракалола ў пластыку дзірачкі гарачай іголкай і злучыла чырвонай лёскай, якая сімвалізуе лінію падземкі».

Надзея дзеліцца, што зараз проста абавязаная знайсці час намаляваць мінскае метро: «Тралейбусы і трамваі даўно ёсць, а на метро мне бракуе часу».

Чытайце таксама:

17 крутых слоў, якія беларусы выкарыстоўваюць у рускай мове (а расіяне могуць і не зразумець)

Разабраць кніжную шафу і патусіць на гарадскім пікніку: вось дзе проста цяпер патрэбна ваша дапамога

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?