Ігар Макар Игорь Макар Uhar Makar

Ігар Макар перад пачаткам праверкі на паліграфе. Скрыншот відэа праграмы «Шчыра кажучы»

Як адзначыла вядоўца праграмы Арына Маліноўская, гэта было самае доўгае тэставанне.

Ігар Макар адзначыў, што заўсёды гаворыць праўду і выступае за тое, каб чалавек адказваў свае ўчынкі незалежна ад таго, апазіцыянер ён ці лукашыст.

«Хіба што мяне так выхоўвалі, і я цярплю з-за праўды», — заўважыў Макар і адзначыў, што ў сваім жыцці толькі два разы праходзіў паліграф.

Па словах былога сілавіка, першы раз гэта адбылося ў 2021 годзе ва Украіне, калі ён лётаў туды па справе аб гібелі Паўла Шарамета. Макар сцвярджае, што той раз ён прайшоў праверку на паліграфе.

На праграму «Шчыра кажучы» былы афіцэр «Алмаза» патрапіў па ўласным жаданні.

На пытанне, чаму ён гэта прапанаваў, Макар адказаў, што яму няма чаго ўтойваць.

«Я, быць можа, дзякую Богу, што вы мяне сюды запрасілі, бо я дакажу, хоць і няма сэнсу, што я ні ў чым не замяшаны».

Па словах былога сілавіка, пасля праходжання паліграфа ў студыі праграмы ён адчувае сябе, як выціснуты лімон.

«Я б лепш тры кіламетры прабег і быў бы ў лепшым стане, чым цяпер».

Як адзначае Ігар Макар, падчас правядзення тэста ён разумеў, што як бы ён ні адказваў на пытанні, што б ні гаварыў — праўду ці не, усё роўна будзе куча бруду.

Макар адмоўна адказаў на пытанні вядучай аб тым, ці прымаў заспакаяльныя сродкі і ці ведае ён, як падмануць паліграф.

Вядучая адзначыла, што былому афіцэру «Алмаза» падчас правядзення тэста было зададзена каля 30 пытанняў, але яна не бачыць сэнсу іх агучваць, бо, па яе словах, герой перадачы не прайшоў паліграф.

Яна патлумачыла, што рэакцыя Макара была аднолькавай як на хлусню, так і на праўду. Таму не атрымалася даведацца, дзе ён схлусіў, а дзе сказаў праўду. Па словах Арыны Маліноўскай, такі выпадак першы за ўсю гісторыю праграмы.

Як адзначыў паліграфолаг Віталь Савюк, у гэтым выпадку мела месца супрацьдзеянне праверцы.

«Гэта магло быць звязана з рознымі прычынамі. Напрыклад, з ужываннем пэўных медыцынскіх прэпаратаў. Таксама такая сітуацыя магчымая ў выпадку моцнай стомленасці ці хваробы».

Спецыяліст заўважыў, што ўзровень узбуджэння нервовай сістэмы ў Ігара Макара падчас правядзення даследавання быў вышэйшы за норму.

«Адразу некалькі фактараў паказвала на тое, што ў гэтым выпадку ідзе супрацьдзеянне праверцы. Былі зафіксаваны аднолькавыя рэакцыі на пытанні, якія супярэчаць па сэнсе адно аднаму. Калі Ігар Макар хлусіў на відавочныя пытанні ці гаварыў праўду, рэакцыі былі аднолькавыя».

Напрыклад, Макару было прапанавана падмануць паліграф. Для гэтага яму трэба было адмоўна адказаць на пытанне, ці яго імя Ігар.

Віталь Савюк заўважыў, што такія сітуацыі здараліся ў яго практыцы, і ён лічыць, што гэта выклікана ці ўжываннем нейкіх прэпаратаў, ці дрэнным самаадчуваннем чалавека.

«Але ў гэтым выпадку дакладна вызначыць, што стала прычынай такіх рэакцый у Ігара Макара, мы не можам».

Сам Макар заўважыў, што гэта магло адбыцца з-за таго, што ён стаміўся ад палітыкі.

На заўвагу вядучай аб тым, што ён, магчыма, ведае, як падмануць паліграф, Ігар Макар адказаў:

«Я адказваў на ўсе пытанні сумленна і шчыра. І мяркуючы па ўсім, пасля вось гэтай студыі я буду ўжо ненавідзець апазіцыйны рух».

Чытайце яшчэ:

Хто такі Ігар Макар — джокер альбо правакатар?

«Макар дзейнічае як правакатар». Байполавец Азараў прааналізаваў скандальныя аўдыязапісы

Пра забойства Стрыжака і Кулажанку, Карач і Ціханоўскую, свой фонд і аплату крэдытаў сілавікам. Вялікае інтэрв'ю Ігара Макара

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?