Кевін Спэйсі ў акружэнні адвакатаў ідзе ў суд. Фота: Dan Kitwood / Getty Images

Кевін Спэйсі ў акружэнні адвакатаў ідзе ў суд. Фота: Dan Kitwood / Getty Images

У сераду ў каралеўскім судзе Саўтуарка ў Лондане пачынаецца суд над галівудскім акцёрам Кевінам Спэйсі па абвінавачанні яго ў сэксуальных дамаганнях у дачыненні да чатырох мужчын. Працэс прадоўжыцца чатыры тыдні. Плануецца, што Спэйсі будзе асабіста прысутнічаць на кожным слуханні. Яго абвінавачваюць па 12-ці эпізодах рознай ступені цяжкасці, як піша Бі-бі-сі.

Да пачатку першага пасяджэння галівудскі акцёр прыбыў без спазнення ў атачэнні сваіх адвакатаў.

Старшыняваць на працэсе будзе суддзя Марк Уол. Абаронца акцёра — Патрык Гібс, адвакаты боку абвінавачання — Крысцін Эгнью і Шон Рычы.

Гэта не першая гучная справа, якая будзе слухацца ў раённым судзе Саўтуарка. У красавіку 2022 года за ўтойванне актываў быў асуджаны да 2,5 года турмы зорка тэніса Барыс Бекер, а ў ліпені 2014-га амаль шэсць гадоў атрымаў паводле абвінавачання ў педафіліі брытанскі тэлевядоўца і партрэтыст каралевы Лізаветы II Рольф Харыс.

Сутнасць абвінавачанняў

Абвінавачанне супраць Кевіна Спэйсі будуецца на 12-ці эпізодах сэксуальных дамаганняў, непрыстойных паводзінах сэксуальнага характару і сэксуальнага гвалту. Усе эпізоды, згодна з матэрыяламі справы, адбыліся ў перыяд з 2001 па 2013 год.

У маі мінулага года Каралеўская пракуратура Вялікабрытаніі санкцыянавала разгляд пяці эпізодаў абвінавачання, а ў лістападзе 2022-га — пазасталых сямі.

Афіцыйная працэдура разгляду была адкладзеная, бо акцёр знаходзіўся за межамі Брытаніі.

Большая частка эпізодаў, паводле версіі абвінавачання, адбылася ў Лондане. Адна скарга была пададзеная ў сувязі з інцыдэнтам, які адбыўся ў 2013 годзе ў графстве Гластэршыр.

Усім меркаваным ахвярам цяпер ад 30 да 40 гадоў. Гэта значыць, што на момант самага даўняга эпізоду, які разглядаецца, хтосьці з іх мог быць яшчэ непаўналетнім.

Акцёр не прызнае сябе вінаватым ні па адным пункце.

Канец кар'еры

Кевін Спэйсі вырас у Каліфорніі, але больш за дзесяць гадоў пражыў у Лондане, заявіўшы тады, што гэты горад стаў яго другім домам.

У 2014-2015 гг. ён кіраваў лонданскім тэатрам «Олд Вік», акцёры якога таксама скардзіліся на непрыстойныя паводзіны мастацкага кіраўніка.

На хвалі руху #MeTo гэтыя і іншыя абвінавачанні набылі шырокую агалоску і каштавалі акцёру кар'еры.

Кевін Спэйсі — двухразовы ўладальнік прэміі «Оскар». Ён здымаўся ў такіх фільмах, як «Сем», «Сакрэты Лос-Анджэлеса», «Прыгажосць па-амерыканску», «Планета Ка-Пэкс» і «Малы на драйве», а таксама ў серыяле Netflix «Картачны домік».

Пасля таго, як выбухнуў скандал, сцэны з удзелам акцёра выдалілі з некалькіх карцін, якія на той момант знаходзіліся ў вытворчасці, фільм «Усе грошы свету» тэрмінова перазнялі з іншым акцёрам у той жа ролі, стрымінгавая платформа Netflix разарвала кантракт са Спэйсі на здымкі ў «Картачным доміку».

У заключным сезоне серыяла Спэйсі ўжо не з'явіўся.

Першы суд камяком

Працэс, які пачынаецца цяпер у Лондане, — трэцяя крымінальная справа супраць Кевіна Спэйсі, якая дайшла да суда. Аднак першыя дзве акцёр здолеў выйграць.

Улетку 2019 года ў судзе штата Масачусетс слухалася справа аб сэксуальных дамаганнях акцёра да 18-гадовага хлопца на востраве Нантакет у 2016 годзе.

Малады чалавек, які аказаўся сынам вядомай тэлевядучай Хезэр Анру, сцвярджаў, што Спэйсі чапляўся да яго ў рэстаране, папярэдне напаіўшы яго.

Аднак справа развалілася, таму што бок абароны даказаў шматлікія парушэнні, дапушчаныя бокам абвінавачання, аж да падтасоўвання доказаў.

У ліпені 2019 года пракуратура Масачусетса зняла з акцёра ўсе абвінавачанні.

У кастрычніку 2022 года Кевін Спэйсі таксама выйграў суд у Нью-Ёрку па пазове аб сэксуальных дамаганнях, пададзеным іншым акцёрам Энтані Рэпам.

Прысяжныя пастанавілі, што Рэп не змог даказаць свае сцвярджэнні аб дамаганнях галівудскай зоркі.

Клас
3
Панылы сорам
14
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
2