Піт Паўлаў на канцэрце для беларускіх добраахвотнікаў з палка Каліноўскага. Фота: instagram.com/pitpawlaw

Піт Паўлаў на канцэрце для беларускіх добраахвотнікаў з палка Каліноўскага. Фота: instagram.com/pitpawlaw

Выпраўляцца да ваяроў без гасцінцаў не хацелі, кажа Піт Паўлаў. За два месяцы сабралі 8,5 тысячы даляраў на неабходны каліноўцам вайсковы рыштунак. Збіранне сродкаў працягваецца дагэтуль (для ахвотных далучыцца рахунак тут).

«Набытыя рэчы лічацца на фронце расходнымі, бо хутка зношваюцца. Гэта тактычныя пальчаткі, акуляры, накаленнікі, балаклавы. З важных для ваяроў прысмакаў прывезлі жэлацінавыя цукеркі і мясныя чыпсы. У каліноўцаў гэта ўсё ёсць, але калі мы сказалі, што будзем набываць нешта для іх, то камандзіры параілі, што ім трэба», — тлумачыць лідар гурта N.R.M.

Так склалася, што да каліноўцаў паехаў толькі Піт Паўлаў. Пра сваё падарожжа ён вёў відэаблог. Прабыў музыка ва Украіне амаль тыдзень: адыграў два канцэрты з новымі песнямі, пабачыў на ўласныя вочы, што нарабілі расіяне вайною.

Першы канцэрт адбыўся на базе каліноўцаў.

«На ім было шмат ваяроў. Гэта былі людзі рознага ўзросту. Шмат дзяўчат. Багата было ўжо сталых мужчын, майго веку і, як мне падалося, старэйшых за мяне. Усе годныя сімпатычныя людзі. Атмасфера мне спадабалася, у ёй адчуваўся дух таварыства», — расказвае Піт Паўлаў.

Былы дэсантнік Піт Паўлаў на адваяваным украінцамі расійскім БТРы. Фота: асабісты архіў Піта Паўлава

Былы дэсантнік Піт Паўлаў на адваяваным украінцамі расійскім БТРы. Фота: асабісты архіў Піта Паўлава

Па словах музыкі, асабліва спадабалася каліноўцам песня «Палае», напісаная падчас вайны.

«У палку адбылася яе прэм'ера. Каліноўцы нават прапанавалі зняць на яе відэа. Хутчэй за ўсё, у ім будуць выкарыстаны здымкі з палка, — расказвае музыка, а затым напявае прыпеў песні:

Палае трава,
Гарыць
Мяжа
У небяспецы.
Сцяной ідзе полымя.
Палае трава.
Палае дзень.
Палае сэрца.
Палае зямля мая».

Перад другім выступам у вучэбцы для навабранцаў музыку самога зрабілі рэкрутам ды адправілі на заняткі.

Рэкрута Паўлава вучылі, як карыстацца амерыканскай вінтоўкай М-16, кідаць гранаты, зрабілі ўводзіны ў тактыку вядзення сучаснага бою.

Лідар гурта N.R.M на занятках па карыстанні зброяй. Фота: instagram.com/pitpawlaw 

Лідар гурта N.R.M на занятках па карыстанні зброяй. Фота: instagram.com/pitpawlaw 

«Я сам сяржант-дэсантнік і праводзіў падобныя заняткі, але, як высветлілася, савецкі досвед не адпавядае сучасным рэаліям вядзення бою», — дзеліцца ўражаннямі музыка.

Сам жа канцэрт праходзіў проста ў акопе.

«Я граў у вайсковай форме і толькі М-16 памяняў на гітару. Яна нібы пераўвасобілася са зброі. Людзей на ім было, зразумела, менш, але прыём быў такім жа цёплым, як і ў часці, дзе дыслакуюцца каліноўцы», — кажа беларускі музыка.

Піт Паўлаў на канцэрце для навабранцаў. Фота: instagram.com/pitpawlaw

Піт Паўлаў на канцэрце для навабранцаў. Фота: instagram.com/pitpawlaw

Для Піта Паўлава і іншых сваіх гасцей ваяры арганізавалі заняткі на адваяваным у расіян БТРы.

Спачатку машыну ганялі полем, а затым накіравалі асфальтаванай дарогай да супермаркета.

«Гэта была састарэлая, у кепскім стане вайсковая махіна. Але было крута. Я сядзеў на брані, як некалі ў войску. Людзі нас у паселішчах віталі», — апавядае музыка.

Ля крамы Піта Паўлава прымалі за вайскоўца.

Да яго падышла маладая жанчына з сынам і папрасіла сфатаграфавацца на фоне вайсковай машыны з украінскім сцягам.

«Жанчына расказала, як перажывае вайну, як ратуецца ад бамбардзіровак. Кранальна было, як сын жанчыны прынёс з крамы печыва. Тады на мяне накацілі такія моцныя пачуцці», — згадвае музыка.

Ён кажа, што ва Украіне адчуванне вайны ва ўсім.

Кіеў выглядае мірным горадам, але шмат вайскоўцаў. На гарадскіх вуліцах багата процітанкавых «вожыкаў», на аб’язных дарогах блокпасты. На сцежках да пасадак таблічкі — «Міны».

Вазілі беларускага музыку і ў Бучу.

Горад аднаўляюць, але сляды баявых дзеянняў прыкметныя. Багата ўшчэнт разваленых мастоў, разбураны цэлыя кварталы дамоў, як гаворыць Піт Паўлаў.

Блогер Шура Балаганаў з Пітам Паўлавым ля разбуранага ў Барадзянцы дома. Фота: асабісты архіў Піта Паўлава

Блогер Шура Балаганаў з Пітам Паўлавым ля разбуранага ў Барадзянцы дома. Фота: асабісты архіў Піта Паўлава

«Блогер Шура Балаганаў вазіў нас у знакамітую Барадзянку. На гэты горад расіяне скідвалі авіяцыйныя бомбы. Пасля таго, як яны траплялі ў звычайныя шматпавярховыя дамы, якіх у Мінску тысячы, ад іх заставалася толькі палова. Такія бомбы разбураюць прыкладна два пад’езды, а астатнія стаяць. Пабачыўшы знявечаныя будынкі, перажываеш моцныя эмоцыі», — адзначае Піт Паўлаў.

Музыка кажа, што яму расказвалі шмат гісторый гераізму ўкраінскіх салдат.

«У мяне была гутарка з «Псіхолагам» (Аляксей Назараў. — «НН»), адным з шасці беларусаў, якія ваююць з 2014 года ў легендарным «Азове». Маладым, прыгожым чалавекам. Героем. Ён казаў, што ў адным з баёў яму адсекла нагу, а руку параніла. Яму ўдалося ацалелай [рукой] перацягнуць жгуты. А калі адпаўзаў, дык адсечаная нага чаплялася за ўсё, што траплялася на шляху. Нягледзячы на раненне, «Псіхолаг» вярнуўся ў полк, каб перадаць свой неверагодны досвед іншым», — расказвае Піт Паўлаў.

Піт Паўлаў з «Псіхолагам». Фота: instagram.com/pitpawlaw

Піт Паўлаў з «Псіхолагам». Фота: instagram.com/pitpawlaw

Музыка даводзіў украінцам і мясцовым журналістам, што віна за тое, што тэрыторыю Беларусі расіяне выкарысталі для нападу на Украіну, ляжыць на Лукашэнку і яго памагатых. Пра тое ж лідар N.R.M гаварыў і на агульнаўкраінскім тэлемарафоне, куды яго запрасілі.

«Я казаў, што пераважная большасць беларусаў успрымаюць вайну ва Украіне як сваю. Яны на баку ўкраінцаў усімі сваімі сэрцамі. Я заклікаў украінцаў аддзяляць беларусаў ад лукашыстаў», — адзначае Піт Паўлаў.

Ён лічыць, што беларусы ў 2020 годзе пратэстамі зрабілі ўсё магчымае, каб адстаяць свабоду.

Піт Паўлаў заставаўся ў Беларусі два гады, калі ў краіне ўжо панавалі рэпрэсіі.

«Я кожны дзень чакаў, што мяне забяруць. І страх перасіліў маю трываласць. У нейкі момант я адчуў, што больш не магу і трэба з'язджаць, — расказвае музыка.

Ён прызнаецца, што на яго не было непасрэднага ціску.

«Не было крымінальнага артыкула. Даходзілі звесткі ад іншых людзей, што на допытах, калі ў іх знаходзілі мой кантакт, то выпытвалі, адкуль ён», — прызнаецца суразмоўца.

У эміграцыі Піт Паўлаў з гуртам N.R.M ладзіць канцэрты. З гэтых сродкаў жыве.

Найбліжэйшым часам, як кажа музыка, N.R.M выправіцца ў еўрапейскі тур, які будзе называцца «Мроя як зброя».

На чужыне з гуртам «Піт Паўлаў» ужо выдадзены альбом «Зброя.Золата.Кабеты». Ён пісаўся 13 гадоў, на яго ўжо знята чатыры кліпы. Гэта матэрыял пра падзеі ў Беларусі стагадовай даўніны, апавядае музыка.

«У ім адчуваюцца матывы «Народнага альбома». Там плён майго даследавання таго перыяду. Пачаў пісаць сцэнар да серыяла пра гэты час», — анансуе Піт Паўлаў.

Ён лічыць, што вярнуцца ў Беларусь трэба са зброяй.

«Гэта просты і зразумелы сцэнар», — падсумоўвае Піт Паўлаў.

Глядзіце таксама:

Украінцы за пяць тыдняў вызвалілі амаль столькі тэрыторыі, колькі расіяне захапілі за паўгода

Зяленскі: Не хачу ехаць у Вільню дзеля забавы, Украіна павінна атрымаць гарантыі бяспекі

Добраахвотнік «Янкі»: План па сілавым вызваленні Беларусі — казачны замак. Для гэтага трэба 250 тысяч байцоў

Клас
56
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?