Ва Украіне афіцыйна перанеслі святкаванне праваслаўнага Раства на 25 снежня
Вярхоўная Рада Украіны сёння змяніла даты дзяржаўных святаў. Раство Хрыстова перанеслі на 25 снежня (замест 7 студзеня), як піша «Украінская праўда».
Калядны Кіеў. Фота: Sergiy Trofimov / Getty Images
Дзень украінскай дзяржаўнасці будуць адзначаць 15 ліпеня (было 28 ліпеня). У гэты дзень шануецца памяць святога роўнаапостальнага князя кіеўскага Уладзіміра Вялікага.
Дзень абаронцаў і жанчын-абаронцаў Украіны пераносіцца на 1 кастрычніка (з 14 кастрычніка), бо гэтае свята звязана з украінскімі ваеннымі традыцыямі ўшанавання дня Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
«Гэты закон падпішуць пасля 28 ліпеня, таму яшчэ ў гэтым месяцы Дзень украінскай дзяржаўнасці будзе 28 ліпеня», — паведаміў дэпутат Яраслаў Жалязняк.
Праваслаўная царква Украіны з 1 верасня 2023 года пяройдзе на новаюліянскі каляндар для нерухомых святаў.
Каляндар распрацаваны ў пачатку 1920-х гадоў сербскім астраномам, прафесарам матэматыкі і нябеснай механікі Бялградскага ўніверсітэта Мілуцінам Міланкавічам. У маі 1923 года ў Канстанцінопалі адбыўся Сабор праваслаўных усходніх цэркваў, скліканы Сусветным патрыярхам Мялеціем IV. На ім было прынята рашэнне ўсім цэрквам перайсці на новаюліянскі каляндар. У 1924 годзе Канстанцінопальская, Эладская (Грэцкая), Румынская, а ў 1928 годзе і Александрыйская і Антыяхійская царква ўвялі ў сябе новаюліянскі каляндар. Пазней увялі Балгарская, Кіпрская, Крыцкая, Амерыканская праваслаўная цэрквы. Руская, Сербская, Грузінская і Іерусалімская выкарыстоўвалі ранейшы юліянскі каляндар.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ