Так выглядае дом пасля выбуху газу, яго давядзецца зносіць. Фота: МНС

Так выглядае дом пасля выбуху газу, яго давядзецца зносіць. Фота: МНС

У той дзень каля 19:40 у міліцыю прыйшло паведамленне пра выбух у старым цагляным двухпавярховым доме. На месцы супрацоўнікі МНС высветлілі, што адбыўся выбух у двухпакаёвай кватэры на другім паверсе. Пажарнікі выратавалі яе гаспадара, 73-гадовага пенсіянера, яго вынеслі з кватэры і шпіталізавалі.

У выніку выбуху больш за ўсё пацярпелі кватэры самога мужчыны і яго суседкі 1930 года нараджэння. Пажылая жанчына таксама была дома, але пры надзвычайным здарэнні не пацярпела. Акрамя таго, у доме абваліліся перакрыцці, былі разбураныя сценавыя перагародкі і выбітыя шыбы.

Паколькі многія кватэры ў той час былі пустыя, то абышлося без іншых пацярпелых. Але пасля надзвычайнага здарэння дом давялося прызнаць непрыдатным для жыцця, яго цяпер павінны знесці. Нанесеную шкоду ацанілі ў 96 тысяч беларускіх рублёў, а тры чалавекі засталіся без даху над галавой.

Першапачаткова разглядалася версія, што здарэнне было вынікам парушэння правіла эксплуатацыі газавых прылад, але неўзабаве высветлілася, што мужчына падарваў газ наўмысна, спрабуючы скончыць жыццё самагубствам. Спачатку ён перарэзаў шланг газу каля пліты, а пад вечар, калі кватэра напоўнілася газам, чыркнуў запалкай і адбыўся выбух. Аднак, насуперак планам, пенсіянер падчас гэтага выбуху выжыў.

Падчас следства ён заявіў, што ў апошнія гады ў яго памёр сын, пагоршылася здароўе, а праз катаракту страчаны зрок. Мужчына казаў, што пакутуе ад адзіноты і не можа даць рады цязе да алкаголю. Ён даўно думаў пра розныя спосабы пайсці з жыцця, але абраў той, на які хапіла сіл, бо апошнім часам «зусім аслеп і з цяжкасцю перасоўваўся праз агульную слабасць». Хоць адразу пасля выбуху казаў ратавальнікам, што хацеў выпіць гарбаты, а шланг парэзаў выпадкова, разразаючы каўбасу.

Высветлілася, што за некаторы час да надзвычайнага здарэння пенсіянер лячыўся ў псіхлякарні праз суіцыдальныя думкі, і міліцыя з гэтай жа прычыны праводзіла праверку. У яго былі дыягназы «арганічнае расстройства асобы» і «алкагалізм».

Эксперты прыйшлі да высноў, што ў момант злачынства абвінавачаны не мог у поўнай меры ўсведамляць значэння сваіх дзеянняў і кіраваць імі, але ўсё ж яго палічылі псіхічным здаровым. Фігуранта прызналі вінаватым у наўмысным знішчэнні чужой маёмасці, здзейсненым агульнанебяспечным спосабам, што пацягнула цяжкія наступствы і шкоду ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт. 218 Крымінальнага кодэкса Беларусі). Прысуд яму — 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ды лячэнне ад алкагалізму.

Акрамя таго, пенсіянера абавязалі выплаціць суседзям матэрыяльную шкоду ў суме амаль 20 тысяч беларускіх рублёў, а таксама судовыя выдаткі.

Чытайце таксама:

У Чэрвеньскім раёне трактарыст скасіў вяскоўца, які спаў у траве

У Глыбоцкім раёне пяцігадовая дзяўчынка ўпала ў 10-метровы калодзеж. Дапамог выратавацца сусед

Мінчук скраў у мінака партфель і прадаў яго тэлефон за смешныя грошы. А там таксама былі дошкі садху

Клас
0
Панылы сорам
17
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
15
Абуральна
3