«Калі я ўспамінаю, у мяне пачынаюць трэсціся рукі»

Ірыне (імя змененае з меркаванняў бяспекі) каля 30 гадоў, больш за год яна жыве ў Партугаліі, працуе ў кансалтынгу. Яна хварэе на эндаметрыёз

— распаўсюджаную хваробу жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы.

Жанчына захварэла яшчэ да ад’езду з Беларусі. Расказвае, што гадоў з 11—12, калі ў яе толькі пачалася менструацыя, яна была моцная і балючая, але медыкі ўспрымалі гэта як асаблівасць арганізма: маўляў, народзіце, і ўсё будзе добра. Яна выкарыстоўвала розныя лекі, ад таблетак да ўколаў, каб суцішыць боль. Такі стабільна дрэнны стан працягваўся ў Ірыны да 2019 года.

У канцы 2019-га, пасля спробы прымаць аральныя кантрацэптывы, сітуацыя з менструацыяй значна пагоршала. Беларуска ўспамінае, што была нават вымушаная кінуць працу.

Як гэта ўплывала на звычайнае жыццё? Ірына расказвае: «Менструацыя ў мяне доўжылася сем дзён, тры дні з якіх я адчувала невыносны боль, і гэта паўтаралася кожны месяц. У такія дні было немагчыма ні ўстаць, ні сесці, ні проста нармальна існаваць, не тое што працаваць. 

Акрамя таго, час ад часу я адчувала моцны боль падчас авуляцыі, гэта здаралася каля двух дзён штомесяц, то-бок балючай пры гэтай хваробе можа быць не толькі менструацыя. Дактары двойчы блыталі гэтыя болі з апендыцытам, і адзін раз я праз гэта тыдзень правяла ў бальніцы. Мне тыдзень забаранялі есці, бо думалі, што ў мяне апендыцыт, а гэта была звычайная авуляцыя».

Недзе год дактары не маглі паставіць жанчыне дакладны дыягназ. Яна тлумачыць, што ў выпадку з эндаметрыёзам такое бывае часта, бо гэтая хвароба мае шмат невідавочных формаў. І ў яе выпадку доўга не было характэрных для гэтай хваробы прыкмет: яўных кістаў, ачагоў эндаметрыёзу, бачных на УГД. 

З аднаго боку, быў боль, але Ірына тлумачыць, што гэта такі сімптом хваробы, які адчувае толькі пацыент. Некалькі разоў да жанчыны ставіліся так, быццам яна кажа няпраўду. Маўляў, калі ёй проста баліць і іншых сімптомаў няма, то, можа, ёй і не баліць, яна проста «розум траціць».

Акрамя таго, тады беларускія лекары ставілі дыягназ «эндаметрыёз» толькі пасля лапараскапічнай аперацыі, якую прызначалі, калі ачагі хваробы ўжо былі бачныя на УГД. Каб трапіць на аперацыю, трэба было вытрымаць велізарную чаргу — Ірына мусіла б чакаць дзевяць месяцаў. І нават калі былі грошы, зрабіць такую аперацыю платна было няпроста.

Ірына з хваляваннем згадвае: «Калі я ўспамінаю ўсе зносіны з беларускімі дактарамі за гэты час, у мяне пачынаюць трэсціся рукі, бо гэта было абсалютна жахліва і неэтычна, вельмі жорстка. 

Да мяне так ставіліся, што я працяглы час лічыла, быццам у мяне праблемы з галавой: маўляў, вам не можа балець, у вас усё добра. Мой стан доўга блыталі з іншымі хваробамі. Праз тое, што не было правільнага лекавання, балець стала яшчэ мацней. Проста немагчыма ўявіць, каб у Партугаліі да мяне дактары ставіліся гэтак жа, тут яны нібыта з іншай планеты».

«Адчуваеш сябе так, быццам з’язджаеш з глузду»

У пачатку 2021-га прыкметы хваробы сталі бачныя на УГД і аглядах. Ірыне прызначылі дзюфастон — прэпарат, які ў Партугаліі ўвогуле не выкарыстоўваюць у першай лініі тэрапіі. Але ў беларускай гінекалогіі, як тлумачыць жанчына, яго часта прызначаюць як «сродак ад усіх хвароб». У любым выпадку ёй тады стала крыху лепш.

Адна з беларускіх доктарак сказала Ірыне: «Гэта пройдзе, калі вы народзіце дзіця», — маўляў, зацяжарыць — стапрацэнтны сродак вылечвання. Але ёсць даследаванні, якія паказваюць, што гэта не так, тлумачыць беларуска. І два лекары ў Партугаліі гаварылі ёй, што гэта недакладная рэкамендацыя, і казаць так — непрафесійна, што ёсць выпадкі эндаметрыёзу і пасля першай, і пасля другой цяжарнасці. Таксама да цяжарнасці варта рыхтавацца, у тым ліку перад ёй лепш узяць эндаметрыёз пад кантроль. 

Яшчэ Ірыне казалі, што ёй замест гінеколага лепш звярнуцца да псіхолага ці псіхіятра. Калі яна пераказала гэтыя словы партугальскай лекарцы, тая была шакаваная, а потым сказала: «Эндаметрыёз не лечыцца псіхатэрапіяй. Ён лечыцца або гарманальнай тэрапіяй, або гарманальнай тэрапіяй і аперацыяй». Яна супакоіла жанчыну і патлумачыла, што невядома, чаму ўзнікае эндаметрыёз, і ў хваробе няма яе віны. Яе справа — жыць з гэтым далей, а не дабіваць сябе.

Ірына згадвае свой стан і тое, як на яе ўплывалі словы беларускіх дактароў: «Ёсць пэўныя адчуванні, праз якія вельмі цяжка сядзець, складана і стаяць, і ляжаць. Яшчэ ёсць дужа моцныя спазмы. Мае блізкія людзі былі ў шоку, калі бачылі ўсё гэта, бо калі боль хранічны і нясцерпны, чалавек пад яго ўплывам робіцца іншым.

Мне казалі, што «ў мяне ўсё файна» і я проста «нешта прыдумляю», абвінавачвалі ва ўсім псіхасаматыку. Гэта вельмі зручныя словы, каб прыкрыць сваю некампетэнтнасць, і яны ставяць пад пытанне мае ўласныя пачуцці. Ёсць боль, але ёсць і сумнеў: маўляў, гэта ўсё нерэальна і ёсць толькі ў маёй галаве. І гэта самае жахлівае, бо ты адчуваеш сябе так, быццам з’язджаеш з глузду. Табе амаль няма да каго звярнуцца, бо тое, як ставяцца да балючай менструацыі ў хуткай дапамозе, — проста жах, гэта вельмі прыніжальна».

Жанчына згадвае выпадак, калі падчас менструацыі яна пайшла ў прыватную лабараторыю і там ёй раптам стала вельмі дрэнна: «Я проста асунулася, мяне пачало трэсці ад болю, я не магла сабой кіраваць». Супрацоўніцы лабараторыі аказалі ёй першую дапамогу і пазванілі ў хуткую, але тая не хацела ехаць: маўляў, гэта сітуацыя не вартая ўвагі, укаліце ёй анальгін, і ўсё будзе нармальна. Потым, як расказвае Ірына, хуткая ўсё ж прыехала, але медыкі ставіліся да яе дужа прыніжальна.

Але на гэтым усё не скончылася. Жанчыну прывезлі ў бальніцу, і там з доктаркай, якая яе прымала, працавалі два хлопцы-практыканты. Лекарка сказала ім дапамагчы Ірыне залезці на крэсла.

Жанчына папярэдзіла яе, што мае крывацёк і зараз залье ўсё крывёй, але атрымала адказ тыпу: «Зай, ну што ты тут будзеш саромецца, давай». Яна не спытала дазволу Ірыны, каб на аглядзе прысутнічалі практыканты, і хлопцы былі ў шоку і вельмі напужаныя, яна таксама. Той выпадак Ірына ўспамінае як неймавернае прыніжэнне.

Яна ўсё адно спрабавала знайсці добрага доктара і наведала не менш за пяць гінеколагаў, але не знайшла таго, хто быў бы знаёмы з падыходам да эндаметрыёзу ў развітых краінах. «Калі такая сітуацыя здараецца ў Партугаліі, пацыента не адпраўляюць на аперацыю, яму не кажуць, што ў яго нешта з галавой не так. Яны проста прызначаюць гарманальны прэпарат і глядзяць, як ён працуе. Калі чалавеку лепш — прымаем прэпарат далей да першай цяжарнасці. Калі прэпарат не працуе, ёсць лекі другой, трэцяй лініі, то-бок існуюць пэўныя алгарытмы лекавання», — кажа Ірына.

Што да аперацыі, то, паводле беларускі, партугальскія лекары лічаць дурасцю рэзаць жанчыну, проста каб пабачыць, што ў яе эндаметрыёз. На іх думку, балючая менструацыя і авуляцыі, немагчымасць весці нармальнае жыццё, у тым ліку боль падчас палавога кантакту, — усё гэта ўжо дае падставу думаць, што ў жанчыны эндаметрыёз, і прызначыць ёй гарманальную тэрапію. 

Аптэка ў Лісабоне падчас кавіду. Фота: Pedro Fiúza / NurPhoto via Getty Images

Аптэка ў Лісабоне падчас кавіду. Фота: Pedro Fiúza / NurPhoto via Getty Images

Той прэпарат, які Ірына цяпер прымае, у Беларусі ёй назваў толькі адзін лекар, але пракаментаваў яго дзеянне так: «Як жа так, у вас увогуле знікне менструацыя, якая ж вы ў гэтым выпадку будзеце жанчына?» У той час у партугальскіх дактароў, паводле Ірыны, ёсць мэта як мага хутчэй вярнуць чалавека да нармальнага жыцця і да працы, усё астатняе іх не цікавіць.

Тым не менш Ірына добра адгукаецца пра беларускую лекарку, якая прызначыла ёй першы гарманальны прэпарат: магчыма, яна і не мела сучасных сродкаў лекавання і медычных пратаколаў, але хаця б дакладна сказала, якая ў жанчыны хвароба і ў якой форме. Аднак ёй трапілася толькі адна такая лекарка.

«У вас усё добра, валіце на працу»

У 2021-м Ірына пераехала ва Украіну. Фізічныя прыкметы хваробы ўжо былі добра бачныя на УГД, і ёй прапанавалі зрабіць аперацыю, але жанчына не была ўпэўненая, што гэта дапаможа. Потым яна перабралася ў Партугалію і хутка выйшла на асацыяцыю пацыентак, хворых на эндаметрыёз, — паводле яе, яны вельмі актыўныя. Праз яе беларуска знайшла дактароў, якія спецыялізуюцца на гэтай хваробе.

Ірына ўпэўненая, што ў Партугаліі ўзровень разумення эндаметрыёзу значна вышэйшы, чым у Беларусі. Свой першы візіт да мясцовай лекаркі яна ўспамінае так: «Запісалася ў прыватную клініку, прыйшла на прыём з усімі паперамі, усё распавяла лекарцы. Яна не магла паверыць у маю гісторыю, шмат разоў мяне перапытвала. Партугальцы звычайна вельмі ветлівыя і лаяльныя, але яна не вытрымала, ускінула рукі ўгору і сказала, што яна не можа паверыць, што са мной рабілі ўсё гэта». 

Калі ў жанчыны пастаянна жудасныя менструальныя болі, мясцовыя лекары прызначаюць моцны гарманальны прэпарат з катэгорыі прагестынаў, які пачынае гасіць боль. Ірына дзеліцца, што не надта верыла ў новае лячэнне, бо была дужа стомленая. Але яе папярэдзілі, што калі прэпарат можа ёй дапамагчы, то яна хутка адчуе палёгку. Лекі дапамаглі не адразу, але цяпер жанчына п’е іх ужо год і кажа, што да яе проста вярнулася жыццё.

А што з цэнамі? Ірына расказвае, што калі ёй першы раз прызначалі гарманальную тэрапію ў Партугаліі, то на тры месяцы выдзелілі прэпарат бясплатна, каб яна не траціла грошы на лекі, якія маглі б ёй не падысці. Калі б прэпарат насамрэч не падышоў, ёй далі б іншы. У Партугаліі пачак гэтага прэпарату каштуе 39 еўра, гэта 84 таблеткі, якіх хапае на 84 дні. Партугальцы лічаць, што гэта даволі дарагі прэпарат. У Беларусі за столькі ж таблетак трэба было б заплаціць недзе 125 еўра.

Мясцовыя дактары патлумачылі Ірыне, што яе форма хваробы неаперабельная. У яе выпадку тонкая павуцінка эндаметрыя пакрывае амаль усе органы малога таза, не толькі матку, але і ў тым ліку мачавы пузыр, кішэчнік. Гэтая павуцінка настолькі тонкая, што яна не бачная на УГД, але калі доктар дасведчаны, ён можа зразумець яе наяўнасць падчас агляду. Выдаляць такое — значыць траўмаваць усе органы, пашкоджаныя эндаметрыёзам, таму трэба вырашаць пытанне кансерватыўна.

Бальніца ў Лісабоне. Фота: AP Photo / Pedro Rocha

Бальніца ў Лісабоне. Фота: AP Photo / Pedro Rocha

Ірына прыводзіць прыклад першага візіту да партугальскага лекара. Яе сустрэў мужчына, які выдатна гаварыў па-англійску. Ён павітаўся з ёй за руку, прапанаваў прысесці, спытаў імя і перадгісторыю хваробы. Лекар не пытаўся пра тое, як часта і з кім яна займаецца сэксам, бо гэта цалкам яе справа. 

Той лекар прызначыў ёй прэпарат і ўсё падрабязна растлумачыў, дапамог і сесці на [гінекалагічнае] крэсла, і злезці з яго. А яшчэ сказаў кароткую фразу, якая вельмі ўразіла Ірыну: «Вы павінны ведаць, што гэты прэпарат не мае кантрацэптыўнага эфекту. Таму, калі вы будзеце займацца сэксам з людзьмі, якія эякулююць, то-бок выдзяляюць сперму, вы можаце зацяжарыць».

Калі Ірына звярталася ў гінекалагічную лякарню ў Мінску, стыль размовы быў зусім іншы:

«Мне, па-першае, сказалі: маўляў, у вас усё добра, валіце на працу. Па-другое, у мяне тады не першы дзень быў вельмі моцны крывацёк, а доктарка сказала: «Ну і што, вы крыві не бачылі? Ну і што, што балюча, ну не патр*цеся вы некалькі дзён, што з таго? Нічога страшнага. Вы жанчына, вы што, не ведаеце, як бывае балюча?»

Беларускія дактары размаўлялі са мной груба, але без мата, аднак былі і такія каментары: маўляў, вам што, тр*ца балюча?»

«Выглядаеце як «Мерсэдэс», а адчыніш капот — і там «Лада»

У Беларусі Ірыне казалі, што прэпарат, які пазней ёй выпісалі ў Партугаліі, мае шмат пабочных эфектаў. Але мясцовы лекар патлумачыў, што ў яго практыцы станоўчых сцэнароў выкарыстання гэтых лекаў значна больш, чым адмоўных, і калі раптам усё пойдзе па горшым сцэнары, ёсць тактыка, да якой можна звярнуцца. Пабочная рэакцыя накшталт амаль поўнага спынення менструацый сапраўды ёсць, кажа Ірына, але яе жыццё цяпер — проста неба і зямля ў параўнанні з тым, што было раней. Яна шмат працуе і адчувае сябе нармальным чалавекам. За год, што яна прымае лекі, Ірына аднойчы забылася пра іх, а другі раз мела праблемы з іх засвойваннем праз атручэнне. У абодвух выпадках амаль забытыя пакутлівыя сімптомы хутка вярталіся.

Дарэчы, пра атручэнне: Ірына расказвала, што ў тым выпадку звярнулася да доктара толькі на пяты дзень, бо было непрыемна гэта рабіць. Яна памятае, што такое беларуская лякарня, таму пайшла да доктара толькі тады, калі лепш не рабілася і яна ўжо не магла стаяць на нагах.

Але партугальскую бальніцу беларуска называе вельмі прыемным досведам: «Лекарка дужа здзівілася, што я звярнулася да іх толькі на пяты дзень. Яна мне сказала: «Вы ж не можаце нармальна жыць, пакуль вам дрэнна. Калі вам становіцца дрэнна, то вы адразу тэлефануеце ў хуткую, і вам кажуць, куды звяртацца. Зараз мы вам выпішам лячэнне, яно вам хутка дапаможа, і вы зможаце жыць нармальна». 

Кабінет у партугальскай бальніцы, горад Порту. Фота: Rita Franca / NurPhoto via Getty Images

Кабінет у партугальскай бальніцы, горад Порту. Фота: Rita Franca / NurPhoto via Getty Images

У юнацтве Ірына перажыла рак шчытападобнай залозы, таму цяпер наведвае дактароў яшчэ і дзеля таго, каб кантраляваць свой стан. Пра тое, як яе лячылі ў Беларусі, адгукаецца толькі станоўча, але сумняваецца ў наяўнасці ў беларускіх лекараў медыцынскай этыкі. 

Ірына захварэла на рак у падлеткавым узросце і пасля лекавання мусіць прымаць тыраксін, каб падтрымліваць у арганізме належны ўзровень гармонаў шчытападобнай залозы. Калі беларускія тэрапеўты пыталіся ў яе пра хранічныя хваробы, Ірына расказвала ім сваю гісторыю і часта чула ў адказ: «Які жах, рак у дзяцінстве, проста катастрофа!» Праз гэта яна і сама з часам пачала лічыць, што з ёй здарылася катастрофа.

Беларуска прыводзіць каментар аднаго з лекараў у свой адрас: «Гляджу на вас — вы выглядаеце як файны «Мерсэдэс», але адчыніш капот — і там нейкая «Лада». Вам трэба знайсці сабе багатага мужчыну, каб ён аплачваў ваша лячэнне». Потым, смяецца Ірына, яна сама стала «багатым мужчынам», таму ёй гэта не трэба, хаця наша гераіня і замужам.

Ірына ўспамінае, што адна з лекарак раіла ёй не нараджаць, казала: «Каго вы можаце з такой генетыкай нарадзіць?» А іншая, калі жанчыне было ўсяго 15, прапаноўвала: «Як будзеце выходзіць замуж, мужу пра гэта [наступствы раку] не расказвайце і таблеткі лепш хавайце ад яго, каб ён не ведаў, што вы іх прымаеце». 

Расказаць такую гісторыю патрабуе вялікай мужнасці, але Ірына ведае, чаму яна пайшла на гэта: «Я буду вельмі задаволеная, калі камусьці з жанчын мая гісторыя дапаможа. Калі б я прачытала гэта пару гадоў таму, мне б, напэўна, было нашмат лягчэй».

«Сустракаю на прыёме дарослых жанчын, якія не ведаюць слова «менструацыя». Доктар дае парады мамам дзяўчынак

«Заставацца ў Беларусі я не планую». Маладыя дактары шчыра расказалі пра зарплату, злых пацыентаў і магчымую эміграцыю

Беларускія дактары і актывісткі запусцілі праект аб жаночым здароўі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?