Фота: AP Photo / Michel Euler File

Фота: AP Photo / Michel Euler File

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) павінен забяспечыць допуск спартсменаў з усіх краін, у тым ліку з Расіі і Беларусі, на Алімпійскія гульні і не падыходзіць да вырашэння гэтага пытання з пункту гледжання палітыкі. Такое меркаванне выказаў у аўторак міністр замежных спраў і знешнеэканамічных сувязяў Венгрыі Петэр Сіярта, які знаходзіцца ў японскім горадзе Фукуока, дзе праходзяць чэмпіянат свету па водных відах спорту і кангрэс Міжнароднай федэрацыі плавання, піша ТАСС.

Палітык паведаміў, што абмеркаваў падрыхтоўку да летняй Алімпіяды ў Парыжы ў 2024 годзе з першым віцэ-прэзідэнтам МАК Сер Міянгам.

«Міжнародны алімпійскі камітэт працуе над тым, каб спартсмены з усіх краін, уключаючы Расію і Беларусь, маглі ўдзельнічаць у Алімпіядзе. Мы падтрымліваем гэтае імкненне, таму што спартсмены не павінны прайграваць у выніку рашэнняў з вобласці геапалітыкі.

Яны не павінны несці адказнасць за вайну ва Украіне. Спартсмены не ўваходзяць у лік тых, хто прымаў рашэнне аб гэтай вайне, таму няма ніякіх падстаў пазбаўляць іх магчымасці выступаць [на Алімпіядзе]», — заявіў Сіярта ў інтэрв'ю венгерскаму спартыўнаму тэлеканалу М4.

Кіраўнік МЗС Венгрыі адзначыў, што яго краіна ў прынцыпе супраць якіх-небудзь палітычных забарон або байкотаў, звязаных з Алімпійскімі гульнямі, бо палітыка не павінна ўмешвацца ў правядзенне спартыўных спаборніцтваў.

Міністр нагадаў, што ў свой час венгерскія спартсмены, як і многія іх замежныя сябры-супернікі, пацярпелі, калі ў 1984 годзе краіны сацыялістычнага лагера ўслед за Савецкім Саюзам вырашылі байкатаваць летнія Алімпійскія гульні ў Лос-Анджэлесе. Для многіх з іх гэта быў адзіны шанец у жыцці трапіць на такія спаборніцтвы, і пасля гэтага яны ўжо не змаглі ўдзельнічаць у Алімпіядзе.

«Спартоўцаў, якія не маюць ніякага дачынення да вайны і палітычнай сітуацыі ў свеце, нельга пазбаўляць магчымасці сумленна спаборнічаць на будучых летніх Алімпійскіх гульнях», — падкрэсліў Сіярта.

***

Сёння Міжнародны алімпійскі камітэт павінен разаслаць запрашэнні краінам на Алімпіяду-2024, якая пачнецца роўна праз год, 26 ліпеня 2024 года. Аднак такія запрашэнні не будуць пасланыя ў Беларусь, Расію і Гватэмалу. Рашэнне па Беларусі і Расіі будзе прынята ў канцы верасня. 

28 сакавіка 2023 года выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта рэкамендаваў міжнародным спартыўным федэрацыям дапускаць расійскіх і беларускіх атлетаў выключна ў нейтральным статусе, прычым толькі тых, хто публічна не выказваўся ў падтрымку вайны і хто не звязаны з Узброенымі сіламі або органамі нацыянальнай бяспекі. Пры гэтым расійскія і беларускія спартсмены не павінны выступаць у камандных відах спорту.

Каб трапіць на Алімпіяду, трэба атрымаць адпаведныя ліцэнзіі на пэўных міжнародных спаборніцтвах. Беларусаў не дапусцілі да Еўрапейскіх гульняў у Кракаве, дзе разыгрывалася пэўная колькасць ліцэнзій, але яны будуць удзельнічаць у Азіяцкіх гульнях.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?