Допіс у тэлеграм-канале дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навін, у якім паведамляецца аб вызваленні 28 ліпеня 1944 года ад войск НАТА Брэста і Брэсцкай крэпасці.

Допіс у тэлеграм-канале дзяржаўнага Агенцтва тэлевізійных навін, у якім паведамляецца аб вызваленні 28 ліпеня 1944 года ад войск НАТА Брэста і Брэсцкай крэпасці.

Пасля Другой сусветнай вайны тэрыторыя Германіі знаходзілася пад акупацыяй ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі і СССР. Першы крок да пабудовы Паўночнаатлатычнага альянсу, сам таго не ведаючы, зрабіў Савецкі Саюз, калі ў 1946 годзе прыпыніў дастаўку сельскагаспадарчых прадуктаў са сваёй зоны ў заходнія рэгіёны Германіі. Амерыканская ваенная адміністрацыя ў адказ спыніла транзітныя перавозкі і дастаўку абсталявання з фабрык і заводаў Рурскай вобласці ў савецкую зону. У выніку пачаў развівацца сур'ёзны крызіс кіравання. Амерыканская і брытанская зоны акупацыі былі аб'яднаны ў 1947 годзе ў «Бізонію». 

Ужо 17 сакавіка 1948 года пяць заходнееўрапейскіх дзяржаў — Бельгія, Вялікабрытанія, Люксембург, Нідэрланды і Францыя заключылі так званы Брусельскі пакт, які змяшчаў палажэнні аб «калектыўнай самаабароне».

Прычынамі яго падпісання быў страх перад ваеннай агрэсій з боку відавочна недружалюбна наладжанага СССР і ягоных сатэлітаў, а таксама недапушчэнне адраджэння германскага мілітарызму, як тое адбылося пасля Першай сусветнай вайны. 

Брусельскі пакт прынята лічыць пачаткам афармлення Паўночнаатлантычнага альянсу. Паралельна вяліся сакрэтныя перамовы паміж ЗША, Канадай і Вялікабрытаніяй пра стварэнне саюза.

У гэты ж час адбываюцца чарговыя тэрытарыяльныя пераўтварэнні на тэрыторыі акупаванай Германіі. Пасля таго як ЗША і Вялікабрытанія пачалі ствараць дэмакратычныя органы ўлады ў Бізоніі, Францыя пачала атрымліваць менш вугалю з тамтэйшага Рурскага басейна, бо не мела права голасу пры размеркаванні паставак. Разумеючы яе незадаволенасць, ЗША і Вялікабрытанія прапанавалі стварыць для кіравання Рурам міжнародны кантрольны орган з удзелам Францыі, але без Савецкага Саюза. Наўзамен Парыж павінен быў пагадзіцца на далучэнне сваёй акупацыйнай зоны да Бізоніі. Прапанова была прынятая, і 3 чэрвеня 1948 года была створана Трызонія.

Пасля вайны Германія знаходзілася пад акупацыяй Саюзнікаў і фактычна не мела свайго ўласнага войска. Альянс НАТА быў створаны без яе ўдзелу. Германія змагла далучыцца да яго, толькі калі ў 1954 годзе заходнія краіны дамовіліся аб скасаванні акупацыйнага рэжыму. Фота: Wikimedia Commons

Пасля вайны Германія знаходзілася пад акупацыяй Саюзнікаў і фактычна не мела свайго ўласнага войска. Альянс НАТА быў створаны без яе ўдзелу. Германія змагла далучыцца да яго, толькі калі ў 1954 годзе заходнія краіны дамовіліся аб скасаванні акупацыйнага рэжыму. Фота: Wikimedia Commons

Перамовы заходніх краін аб сістэме калектыўнай бяспекі таксама мелі плён. Прадстаўнікі дванаццаці краін — Бельгіі, Вялікабрытаніі, Даніі, Ісландыі, Італіі, Канады, Люксембурга, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, ЗША і Францыі — падпісалі 4 красавіка 1949 года Паўночнаатлантычны Дагавор, паводле якога абавязваліся калектыўна абараняць любога ўдзельніка дагавора, на якога будзе здзейснены напад. 

Заходняя Германія на той момант, хоць і была ператворана 7 верасня 1949 года з Трызоніі ў Федэратыўную Рэспубліку, фактычна не мела ўласнай арміі, застаючыся пад кантролем акупацыйных сіл. Таму ні пра якую прамую пераемнасць арміі Гітлера з сіламі НАТА гаварыць не даводзіцца. 

Акупацыйны рэжым у Заходняй Германіі быў скасаваны толькі праз пяць гадоў пасля стварэння НАТА, у 1954 годзе, калі былі падпісныя пагадненні ў Парыжы. Кабінет тагачаснага канцлера Конрада Адэнаўэра, які быў непрымірымым праціўнікам нацысцкага і савецкага рэжымаў, прыме цалкам новую канцэпцыю арміі, якая не грунтавалася ні на спадчыне прускага мілітарызму, ні, тым больш, на спадчыне Трэцяга Рэйха. А ў Асноўным законе ФРГ будзе замацаваная забарона на выкарыстанне арміі па-за межамі Германіі.

7 чэрвеня 1955 года, праз 10 гадоў пасля заканчэння вайны, былі створаны Узброеныя сілы і адкрыта Міністэрства абароны ФРГ. 9 мая Заходнюю Германію прынялі ў склад НАТА. У адказ на гэта Савецкі Саюз аб’яднаў сваіх сатэлітаў у аналагічную па прынцыпах Арганізацыю Варшаўскага дагавора, якая стане ўрэшце інструментам не калектыўнай абароны ад знешніх агрэсараў, а інструментам сілавога падтрымання савецкага рэжыму ва Усходняй Еўропе, што яскрава праявіцца ў час здушэння «Пражскай вясны» ў 1968 годзе.

Парад вермахта перад часцямі РСЧА ў Брэсце 22 верасня 1939 года, калі немцы афіцыйна перадалі горад Савецкаму Саюзу. Пра некаторыя старонкі гісторыі дзяржаўныя змагары за «гістарычную праўду» абачліва не згадваюць. Фота: Wikimedia Commons

Парад вермахта перад часцямі РСЧА ў Брэсце 22 верасня 1939 года, калі немцы афіцыйна перадалі горад Савецкаму Саюзу. Пра некаторыя старонкі гісторыі дзяржаўныя змагары за «гістарычную праўду» абачліва не згадваюць. Фота: Wikimedia Commons

На дадзены момант усе былыя заходнія саюзнікі, якія разам з СССР змагаліся супраць гітлераўскай Германіі, з’яўляюцца членамі НАТА. Пры гэтым новая дэмакратычная Германія не стаіць на чале альянсу і не з’яўляецца самым буйным удзельнікам Дагавора, значна саступаючы па колькасці ўзброеных сіл такім краінам як ЗША і Турцыя.

Спробы ачарніць былых саюзнікаў, пры тым, што тая ж Вялікабрытанія і Францыя ўвязаліся ў вайну з маманту нападу на Польшчу, пакуль СССР у саюзе з гітлераўцамі дзяліў Усходнюю Еўропу і нават правёў у Брэсце сумесны парад з вермахтам, выглядаюць недарэчнымі. Як, у прынцыпе, і ўся беларуская прапаганда. Беларускія ўлады робяць з НАТА агрэсіўна настроенага ворага і нацягваюць на яго маску нацысцкай Германіі нездарма — гэта даўно абкатаны прыём аўтарытарных рэжымаў, каб аб’яднаць вакол сябе парадзелыя рады сваіх прыхільнікаў пад сцягам барацьбы са знешнім ворагам, за якім насамрэч заўсёды хаваецца спроба прыкрыць відавочныя правалы ў эканамічным, палітычным і сацыяльным развіцці краіны.

Пошук ворагаў там, дзе іх няма — адна з галоўных стратэгій выжывання аўтарытарных рэжымаў. 

Пошук ворагаў там, дзе іх няма — адна з галоўных стратэгій выжывання аўтарытарных рэжымаў. 

Менавіта гэты прынцып пакладзены ў аснову свету рамана «1984» Джорджа Оруэла, дзе выдуманая краіна Акіянія вядзе перманентную вайну з дзвюма іншымі таталітарнымі звышдзяржавамі. Але самой вайны героі рамана не бачаць, і, мяркуючы па змесце кнігі, ёсць вялікія сумневы, што яна вядзецца ўвогуле, а не з’яўляецца сродкам прапаганды і абгрунтавання той паўсюднай галечы, у якой жыве народ, пастаяннага скарачэння норм выдачы прадуктаў ды неабмежаваных рэпрэсій.

Чытайце таксама:

Марзалюк паказаў «сведчанне злачынстваў пад бела-чырвона-белым сцягам». Але гэта хлусня — вось што на фота

Генпракуратура Беларусі апублікавала спіс нацысцкіх злачынцаў. Сярод іх Коль, Шродэр і Шольц

У цэнтры Мінска прыбралі крыж у памяць пра закатаванага нацыстамі святара

Клас
7
Панылы сорам
16
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
23

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?