Былы беларускі памежнік Іван Страшкевіч. Фота: Белсат

Былы беларускі памежнік Іван Страшкевіч. Фота: Белсат

Са слоў Івана Страшкевіча, яшчэ тыдзень таму да яго прыйшлі прадстаўнікі міграцыйнай службы і паведамілі, што атрымалі адказ ад польскіх калегаў — тыя пацвердзілі, што гатовыя прыняць і разглядаць ягоную справу.

2 жніўня Івана паводле Дублінскага пагаднення перадалі ў Польшчу. Згодна з гэтым дакументам, у прыватнасці, адказнасць за наданне прытулку нясе тая краіна ЕС, у якую беларус заехаў першапачаткова, або якая выдала яму візу.

«Яшчэ ў літоўскім лагеры хацелі, каб я падпісаў паперы, што адмаўляюся ад абскарджання пастановы прызнаць мяне небяспечным. Матывавалі гэта тым, што так хутчэй прыйдзе адказ з Польшчы, але я адмовіўся. У выніку мяне сёння паднялі а пятай раніцы, а а дзявятай пасадзілі на самалёт», — тлумачыць мужчына.

Праз гадзіну Страшкевіч прыляцеў у Варшаву, там яго сустрэлі прадстаўнікі мясцовай міграцыйнай службы. У Польшчы беларус адразу падаўся на палітычны прытулак. Пасля яму трэба было адзначыцца ў лагеры для бежанцаў, але заставацца там хлопцу не прыйшлося — ён вярнуўся ў Беласток, дзе чатыры гады жыў да пераезду ў Літву.

«Мне аддалі тэлефон і камп'ютар, я змог сабраць нейкую вопратку на першы час з сабой, узяў крыху ежы. Але ў Літве ў мяне засталася машына і вельмі шмат рэчаў. І я сам іх забраць не магу — але мне сказалі, што гэта мае праблемы. Прыйдзецца сваякам перавозіць».

У Страшкевіча пакуль яшчэ дзейнічае забарона на ўезд у Літву на пяць гадоў. Беларус чакае адказ па скарзе, якую падаў на гэтае рашэнне пасля свайго затрымання ў чэрвені. Але цяпер, упэўнены ён, яму ўжо не пагражае дэпартацыя на радзіму.

«Насамрэч я рады — хаця б цяпер на волі. Са мной там нават не паспрабавалі пагаварыць, высветліць нешта, даць мне патлумачыць абставіны — проста асудзілі і закрылі, — эмацыйна падзяліўся суразмоўца. —

Увесь гэты час у лагеры было нервова: спаць не хацелася, есці таксама. Да мяне маглі прыязджаць родныя, сябры, усе падтрымлівалі, цікавіліся як маюся. Цяпер я застаюся ў Польшчы, іншага выйсця няма. У Літву ўжо дакладна не паеду, але рады, што для мяне ўжо няма пагрозы дэпартацыі».

Івану Страшкевічу 29 гадоў. Нарадзіўся ў мястэчку Крэва Смаргонскага раёна. Два гады адслужыў у войску ў паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Берасці. Потым перайшоў на кантракт у памежныя войскі. Там служыў яшчэ 3,5 года ў аддзеле падвышанай баявой гатоўнасці ў Смаргоні. 

Звольніўся Страшкевіч у 2019 годзе, бо яму не падабалася, як адбываецца кіраванне Узброенымі сіламі. Тады ж з'ехаў у Польшчу і пражыў там тры гады. Атрымаў польскі дазвол на жыхарства.

Апошні раз ён прыязджаў у Беларусь на пачатку 2020 года. Потым, са слоў Страшкевіча, яго пачалі пераследаваць за палітычную пазіцыю. Бацькам называлі некалькі крымінальных артыкулаў на сына, у тым ліку «распальванне варожасці», бо пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га ён выходзіў на акцыі пратэсту.

У 2022-м Страшкевіч вырашыў перабрацца ў Літву да родных, уладкаваўся на працу да брата. У яго была працоўная віза. Калі яе тэрмін стаў падыходзіць да канца, беларус падаў дакументы на падаўжэнне візы і атрыманне мясцовага ДНЖ. Праз тры месяцы яму прыйшлі адмовы праз ягоную службу ў беларускім ДПК.

«На аснове гэтых звестак мяне прызналі небяспечным для Літвы — было пазначана, што я лаяльны да рэжыму, магу быць шпіёнам. Паставілі забарону на ўезд на пяць гадоў», — распавядаў раней «Люстэрку» Іван.

14 чэрвеня ў яго было прызначанае інтэрв'ю на атрыманне палітычнага прытулку, у той жа дзень беларуса затрымалі і змясцілі ў лагер для ўцекачоў у Пабродзе. Ён распавядаў, што яму пагражалі дэпартацыяй у Беларусь, нягледзячы на тое, што там яму пагражае тэрмін.

Чытайце таксама:

«Мабыць, памяняліся абставіны, і анкеты сталі пераглядаць». З'явіліся новыя падрабязнасці пра ануляванне літоўскіх ДНЖ за сувязі з войскам

Некалькім супрацоўнікам Wargaming у Літве нечакана анулявалі ДНЖ. Яны раней служылі ў войску па кантракце

З пачатку вайны ва Украіне Літва анулявала 2905 дазволаў на жыхарства беларусам і расіянам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?