Кіт, які існаваў каля 40 млн гадоў таму, з яго моцнымі, цяжкімі косткамі, хутчэй за ўсё, жыў на мелкаводдзі. Фота: Alberto Gennari

Кіт, які існаваў каля 40 млн гадоў таму, з яго моцнымі, цяжкімі косткамі, хутчэй за ўсё, жыў на мелкаводдзі. Фота: Alberto Gennari

Навукоўцы-палеантолагі знайшлі кандыдата ў самыя цяжкія жывёлы з усіх, якія калі-небудзь жылі на Зямлі. Гэта вымерлы мільёны гадоў таму від кітоў, які мог важыць каля двухсот тон — ці нават да трохсот.

У навуковым часопісе Nature ў сераду была апублікаваная справаздача аб даследаванні гіганцкіх скамянелых рэшткаў старажытнага кіта, знойдзеных у пустыні ў Паўднёвай Амерыцы, на поўдні Перу.

«Насамрэч рэшткі знайшлі 13 гадоў таму, але яны былі такога памеру і формы, што тры гады сышло толькі на тое, каб даставіць іх у Ліму, сталіцу Перу, дзе іх увесь гэты час і вывучалі», — патлумачыла доктар Элі Амсан, якая працавала з рэшткамі кіта разам з камандай палеантолагаў на чале з доктарам Марыа Урбіна.

Гэты кіт меркавана жыў каля 39 млн гадоў таму. Ён быў некалькі меншы (карацейшы) за цяперашніх самых вялікіх жывёл, блакітных кітоў, але, як высветлілі навукоўцы, нашмат мацнейшы і цяжэйшы, таму да яго арыенціровачнай масы дацягваюць толькі самыя вялікія са злоўленых калі-небудзь блакітных кітоў.

Усяго было знойдзена 18 костак дагістарычнага гіганта: 13 пазванкоў, чатыры рабры і частка сцегнавой косткі. Гэтага навукоўцам хапіла, каб зразумець, наколькі цяжкім мог быць гэты кіт.

Рэч, у прыватнасці, у тым, што яго косткі былі быццам пашкоджаныя хваробамі, якія называюцца астэасклероз і пахіястоз.

Поласці былі запоўненыя касцявой тканкай, і ў цэлым косткі былі непрапарцыйна тоўстымі, з дадатковымі нарастамі на паверхні. Але гэта, на думку навукоўцаў, былі не хваробы, а, хутчэй, эвалюцыйная адаптацыя: гіганцкаму кіту, які пасвіўся на мелкаводдзі, трэба было быць моцным.

Такія косткі ёсць у цяперашніх марскіх кароў, якія жывуць у прыбярэжных зонах у розных частках свету.

Навукоўцы падлічылі, што перуанскі гігант мог быць 17—20 метраў даўжынёй, што не асабліва ўражвае, бо блакітныя кіты бываюць і да 30-ці метраў.

Але маса толькі шкілета ў старажытнага кіта была дзесьці паміж 5,3 і 7,6 тоны.

Калі дадаць да гэтага цягліцы, вантробы і скуру, агульная маса цела атрымліваецца, у залежнасці ад розных дапушчэнняў, ад 85 да 320 тон.

Доктар Элі Амсан, куратар Дзяржаўнага музея гісторыі прыроды ў нямецкім Штутгарце, прапаноўвае карыстацца медыяннай ацэнкай у 180 тон.

Прыкладна такой вагі былі самыя вялікія з блакітных кітоў, здабытыя ў эпоху кітабойнага промыслу.

«Але ў нас няма падстаў думаць, што наша асобіна была нейкай асабліва вялікай або маленькай […] таму трэба мець на ўвазе, што наша медыянная ацэнка ўжо самая высокая сярод блакітных кітоў», — сказала доктар Амсан у эфіры Бі-бі-сі.

Каманда, якая вывучала перуанскія рэшткі кіта, параўноўвала іх, у прыватнасці, з блакітным кітом, чый велізарны шкілет з 2017 года вісіць у Музеі гісторыі прыроды ў Лондане.

«Перуанскі» кіт, па іх ацэнцы, быў прыкладна на пяць метраў карацейшы, але пры гэтым у два-тры разы цяжэйшы за гэтага сучаснага кіта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?