Маскоўскі гарадскі суд на выязным пасяджэнні ў ПК-6 Уладзімірскай вобласці асудзіў Аляксея Навальнага да 19-ці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асобага рэжыму па крымінальнай справе аб «экстрэмізме», паведамляе тэлеканал «Дождь».

Навальнага абвінавачвалі па шасці артыкулах: аб стварэнні экстрэмісцкай супольнасці, закліках да экстрэмізму, стварэнні НКА, якая замахваецца на правы грамадзян, фінансаванні экстрэмізму, а таксама аб уцягванні непаўналетніх у небяспечныя дзеянні і аб рэабілітацыі нацызму. Абвінавачанне запытвала для яго 20 гадоў пазбаўлення волі.

Як распавядаў дырэктар ФБК Іван Жданаў, абвінавачанні Навальнага звязаныя з працай яго штабоў і Фонду, зборам данатаў, твітамі былога аператара ФБК Паўла Зяленскага аб самаспаленні журналісткі Ірыны Славінай, удзелам у мітынгах людзей маладзейшых за 18 гадоў, а паводле артыкула аб рэабілітацыі нацызму — з публікацыяй валгаградскім штабам калажу з аблітым зялёнкай манументам «Радзіма-маці кліча!» у знак салідарнасці з Навальным пасля нападу на яго ў 2017 годзе.

Цяпер Навальны адбывае дзевяцігадовы тэрмін па сваёй мінулай справе ў ПК-6 строгага рэжыму ў Мелехаве Уладзімірскай вобласці. Пасля ўступлення ў сілу прысуду яго павінны будуць перавесці ў калонію асобага рэжыму, дзе адбываюць пакаранне асабліва небяспечныя рэцыдывісты і асуджаныя да пажыццёвых тэрмінаў.

За дзень да абвяшчэння прысуду Навальны папрасіў не праяўляць з ім салідарнасці «галашэннем пра сталінскія тэрміны». На яго думку, такое паказальна строгае пакаранне трэба для таго, каб запалохаць грамадзян, а не яго самога. Ён заклікаў прыхільнікаў не даць сябе запалохаць і працягваць рабіць усё што магчыма для супраціву.

Суд пачаў разглядаць справу аб экстрэмізме супраць Навальнага 19 чэрвеня. Выязныя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме. Сведкамі з боку Навальнага выступалі асуджаныя палітыкі Уладзімір Кара-Мурза, Ілья Яшын, Лілія Чанышава і Аляксей Горынаў, а таксама, па словах былога галоўнага рэдактара «Эхо Москвы» Аляксея Венедыктава, экс-мэр Екацярынбурга Яўгеній Ройзман і галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў.

Паплечнікі Навальнага паведамлялі, што пасля забойства ваенкара Уладлена Татарскага ў справе таксама з'явіўся эпізод аб апраўданні тэрарызму, аднак у цяперашнім абвінавачанні яго не было.

***

Нагадаем, что Аляксея Навальнага затрымалі 17 студзеня 2021 года, калі ён вярнуўся самалётам у Маскву з Нямеччыны, дзе праходзіў лячэнне пасля атручвання. Першапачаткова яму далі 15 сутак арышту, але 2 лютага Сіманаўскі суд Масквы замяніў Навальнаму ўмоўны тэрмін 3 гады 6 месяцаў па справе «Іў Рашэ» на рэальны з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму на працягу 2 гадоў і 8 месяцаў.

22 сакавіка 2022 года Ляфортаўскі раённы суд Масквы асудзіў Аляксея Навальнага да дзевяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму нібыта за махлярства ў асабліва буйным памеры і непавагу да суда.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?