Сяргей Ланавенка. Скрыншот: Алена Курхінен / YouTube

Сяргей Ланавенка. Скрыншот: Алена Курхінен / YouTube

Сяргей Ланавенка — даволі вядомы персанаж, пра ўдзел якога ў вайне на баку прарасійскіх сілаў стала вядома год таму, прытым з прапагандысцкіх крыніц. 19 ліпеня 2022 года ўраджэнца Асіповічаў паказалі па тэлеканале «Беларусь 1». Гэта выклікала цікавасць да ягонай асобы з боку незалежных беларускіх СМІ, у тым ліку звязвалася з ім і «Наша Ніва». 

Калі журналіст «Нашай Нівы» звязаўся з Ланавенкам праз тэлефон, той расказаў, што знаходзіцца на Данбасе з канца лютага. Спачатку, маўляў, дапамагаў уцекачам з Марыупаля, а потым узяў у рукі зброю. Ваяваў у складзе «народнай міліцыі ДНР» у раёне Аўдзееўкі, але не толькі там.

Ланавенка сцвярджаў, што на яго руках няма крыві невінаватых людзей, а ваюе ён, маўляў, з ідэйных меркаванняў. Яго заробак нібыта ў разы меншы, чым у расійскай арміі, дзе атрымліваюць па 200 тысяч рублёў на месяц. 

Ланавенка — былы дэсантнік, удзельнік пікетаў у падтрымку «Рускага свету». Пасля займаўся рамонтам аўто. 

У 2015 Годзе Сяргей Ланавенка прыцягваўся да адказнасці за гвалт у дачыненні да інспектара ДПС.

А ў 2018 годзе ён патрапіў у іншую гучную гісторыю. Тады Ланавенку збілі ля сталічнага гандлёвага цэнтра «Мома» (станцыя метро «Магілёўская») — за майку «ДНР». За гэтую бойку аднаму з мінчукоў прысудзілі 1,5 года папраўчых работ.

Пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022 года Ланавенка публікаваў фота з акупаваных тэрыторый. Ён пісаў, што займаецца зборам і размеркаваннем гуманітарнай дапамогі, звяртаў увагу «Флагшток». На фота былы дэсантнік пазіраваў з баявой зброяй на фоне расійскай вайсковай тэхнікі з дзяржаўнай сімволікай Беларусі.

Калі год таму Ланавенка прыязджаў на адпачынак у Беларусь, ніякіх пытанняў да яго з боку мясцовых сілавікоў не было, хоць паводле дзейных законаў яны нібыта павінны пераследаваць за наёмніцтва, і да 2020 года так часам і рабілі нават у дачыненні да ўдзельнікаў прарасійскіх фармаванняў. Сам Ланавенка казаў, што разумее, што парушае беларускі закон, і гатовы за гэта адказаць.

«Калі я яшчэ раз надумаю прыехаць, пытанні ў любым выпадку будуць задаваць. Гэта іх праца. Я толькі за. Тым больш у мяне такая падрыхтоўка. Спецслужбы абавязаныя мяне трымаць у поле зроку. Я ведаю, што маё сумленне чыстае, дзейнічаю па закліку сумлення», — сказаў ён.

Незалежныя СМІ спрабавалі ў той час здабыць нейкі ўцямны каментар сілавікоў па гэтым пытанні, але гэтага не ўдалося.

Паводле беларускага заканадаўства за самавольны ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы прадугледжаная крымінальная адказнасць — артыкулы 133 і 361-3 КК. Гэтымі артыкуламі ўлады і прапаганда часта пагражаюць каліноўцам і іншым добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны, але чамусьці не згадваюць іх, калі гаворка заходзіць пра «ДНР».

Чытайце таксама:

Былыя сілавікі і крымінальнікі. Што за беларусы ваююць ва Украіне на баку Расіі

«Усю мясцовую ўладу паставілі гэтыя расіяне». Сталі вядомыя новыя падрабязнасці, як у Акцябрскім не далі пахаваць расійскага вайскоўца

«Беларусы, якія дома, чакайце нас». Былы рознарабочы з Лунінеччыны ваюе за Расію — узяў пазыўны «Бульба»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?