Магчыма, маецца на ўвазе гэта фота з сайта «Рогачев. Онлайн»

Магчыма, маецца на ўвазе гэта фота з сайта «Рогачев. Онлайн»

Актывіст з Рагачова Дзяніс Дашкевіч ужо год жыве ў Польшчы, але мясцовая міліцыя па-ранейшаму складае на яго пратаколы. Гэтым разам «экстрэмізм» знайшлі ў артыкулах, якія актывіст размяшчаў на сайце «Рогачёв. Онлайн», піша «Радыё Свабода».

У складзеным 31 ліпеня ад імя ўчастковага Віталя Сімакова пратаколе гаворыцца, што актывіст і рэдактар сайта «Рогачёв. Онлайн», будучы ў неўстаноўленым месцы, з 11.06.2021 па 17.07.2023 «размясціў інфармацыйную прадукцыю, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць». Пералічаны публікацыі на сайце, сярод якіх ёсць перадрук матэрыялу Reuters «Прэзідэнт Анджэй Дуда правёў кансультацыі з прэм’ер-міністрам і кіраўніком Міністэрства абароны». Для ілюстрацыі гэтай публікацыі Дашкевіч выкарыстаў здымак Анджэя Дуды на фоне бел-чырвона-белага сцяга.

Як расказаў «Свабодзе» сам Дашкевіч, ён ужо год жыве ў Польшчы. Паводле суразмоўцы, гэта ведаюць у рагачоўскім райвыканкаме, міліцыі і раённай газеце, якая размясціла некалькі артыкулаў з абразамі ў адрас Дашкевіча.

«Але міліцыя ўсё ходзіць на адрас, дзе я жыў у Рагачове. Перад гэтым пратаколам правялі «агляд жытла», шукалі тэхніку. Нічога не знайшлі. Дапытвалі сваякоў: дзе менавіта я жыву, хто яшчэ працуе на сайт «Рогачёв. Онлайн». Хадзілі не толькі да маіх сваякоў і сяброў, але і да прадпрымальнікаў, якія да 2020 года давалі рэкламу на нашым сайце», — дадаў актывіст.

Ён кажа, што не разумее, як прэзідэнт Польшчы можа «прапагандаваць экстрэмісцкую дзейнасць». Паводле інфармацыі Дашкевіча, ціснуць на яго «з падачы мясцовага ідэолага Наталлі Прус».

«Яна напісала скаргу ў пракуратуру, маўляў, на сайце «Рогачёв. Онлайн» ёсць выявы бел-чырвона-белага сцяга. Пракуратура ўгледзела ў гэтым «экстрэмізм», нават у прэзідэнце Польшчы. І ўжо міліцыя на загад пракуратуры склала гэты пратакол. Што тычыцца бел-чырвона-белага сцяга, то на сайце раённай газеты «Свабоднае слова» можна знайсці дзясятак артыкулаў, дзе ёсць гэты сцяг. Ці прыцягнуць раёнку да адказнасці за «экстрэмізм»? — разважае Дашкевіч.

Актывіст з 2017 па 2020 год працаваў дырэктарам Цэнтра культуры ў вёсцы Побалава. Звольнілі Дашкевіча ўвосень 2020-га. У раённай газеце «Свабоднае слова» перыядычна з'яўляюцца артыкулы са зняважлівымі характарыстыкамі ў ягоны адрас.

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
22
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
9