Да гэтага ў пары ўжо быў досвед загараднага жыцця: дача ў сваякоў, самастойны адпачынак у намётах — усё гэта, безумоўна, захапляла, але да панядзелка пара вярталася ў сваю кватэру, каб наступныя пяць дзён круціцца як вавёркі ў коле.

У нейкі момант стала зразумела, што ў жыцці трэба нешта мяняць: ад штодзённай руціны ўжо ванітавала. Выратаванне муж і жонка бачылі толькі ў адным — ва ўласным доміку, у якім будзе ўсё так, як захочуць яны.

Пошук патрэбнага варыянта заняў нямала часу. Хоць на продаж і выстаўленыя тысячы хат, сустрэць сваю — той яшчэ квэст.

Таму, перш чым недзе атабарыцца, мінчукі агледзелі больш за сто дамоў, і ў кожным мінусы пераважвалі плюсы.

Аднак Аліна з мужам не апускалі рук і ў нейкі момант апынуліся ў вёсцы хутарскога тыпу. Хаты ў ёй аддаленыя адна ад адной на сотні метраў, жылых з іх — і ўвогуле адзінкі. Што яшчэ трэба стомленым гараджанам?

Моцны зруб, якому ўсё яшчэ патрэбны рамонт (муж і жонка нават жартуюць, што работы ў хаце не скончацца ніколі), абышоўся пакупнікам у 8 500 даляраў па курсе. Аднак, пераехаўшы, мінчукі даведаліся ад суседзяў, што раней гэты самы дом прадаваўся за 3 200 даляраў.

Атрымліваецца, пераплацілі? Не зусім. Мужчына, які купіў хату за 3 200 даляраў і прадаў героям гэтага артыкула за 8 500 у эквіваленце, зрабіў у ёй рамонт: памяняў вокны, дах, акультурыў у адным пакоі сцены гіпсакардонам.

Напэўна, свой навар гаспадар таксама заклаў у цану, але пара не крыўдуе: не прыйшлося самім займацца гэтымі пытаннямі. І без таго хапае клопатаў (але ўжо прыемных).

«Мы з мужам адразу дамовіліся, што, як толькі купляем дом, пераязджаем. Усё адно, будзе ён без падлогі ці без даху. На крайні выпадак уладкуемся ў намёце побач. Я ж заўсёды марыла жыць у цішыні», — тлумачыць, у чым бачыць выгаду пераезду, Аліна.

«Калі я заканчваю працу, то не карыстаюся гаджэтамі, не хаджу ў госці да суседзяў — проста атрымліваю асалоду ад абсалютнай цішыні. Мне так камфортна. Насупраць нашага дома знаходзіцца поле, дзе можна назіраць дзікіх жывёл. Побач — вялікі лес і рэчка. Што яшчэ трэба?»

Не хавае дзяўчына і адваротнага боку пераезду на хутар: без машыны ў глухмені вельмі цяжка, бо нават найбліжэйшая вясковая крама месціцца за чатыры кіламетры. А ўзяць там можна хіба што малако і хлеб. Час ад часу выручаюць дастаўкі, але жалезны конь ох як патрэбны.

Здабыць ваду аказалася не так і проста. Каб дабрацца да яе, прыйшлося прабурыць свідравіну глыбінёй 54 метры (гэта прыкладна вышыня 18-павярховага дома). Каштуе такое задавальненне нятанна.

Склаўшы рукі ў вёсцы таксама не пасядзіш: як бы старанна ні абкошваў участак, усё адно праз тыдзень-паўтара трава скажа: «Прывітанне».

«Мы ўжо ўклалі сюды недзе 9 000—10 000 даляраў. Вядома, думалі над тым, каб адкрыць сваю «вясковую» справу. Але гэта вельмі складана. Напрыклад, калі варыць сыр, трэба заводзіць шмат жывёл. Значыць, ты адсюль ужо нікуды не выедзеш. А мы ўсё ж такі любім падарожнічаць. Цалкам прывязваць сябе да аднаго месца не хочам», — тлумачыць Аліна.

Зрэшты, яна гаспадыня некалькіх катоў і сабак, а яшчэ нейкі час падкормлівала аленяў. Самых сапраўдных. Лясныя госці — іх назвалі Тося і Фрося — прыходзілі да дома мінчукоў узімку, калі знайсці пражытак у чалавека было прасцей, чым у лесе.

У пары, якая з запалам пераехала за горад, быў беспрацоўны перыяд: ашчаджэнні дазвалялі. Муж і жонка з галавой акунуліся ў рамонт і пачалі весці блог. Але недзе праз год стала зразумела, што на блогу не пражывеш і трэба вяртацца ў свет. І калі ў мужа Аліны, які ў прынцыпе працуе рукамі і ездзіць па ўсёй краіне, праблем з гэтым не ўзнікла, то дзяўчыне прыйшлося пацярпець: не будучы айцішніцай, разлічваць на дыстанцыйную працу яна не магла.

Прыйшлося вяртацца ў Мінск, аднаўляць працоўныя сувязі. Гэты перыяд прасякнутай вясковым жыццём дзяўчыне даўся вельмі цяжка: апатыя, слёзы, дэпрэсія. Балазе, бачачы пакуты Аліны, кіраўніцтва пайшло ёй насустрач і адпусціла працаваць аддалена. Так гармонія зноў вярнулася ў жыццё мінчанкі.

Зараз наўрад ці нешта зможа выцягнуць яе з хутара надоўга. «Усё склалася роўна так, як я хацела. І як павінна было адбыцца», — упэўненая дзяўчына.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?