Фота са старонкі Močiučių restoranas у фэйсбуку

Фота са старонкі Močiučių restoranas у фэйсбуку

Рэстаран адкрыў шэф-кухар Рокас Галвонас. Ён прывёз гэтую ідэю з Грузіі.

«Гэта сацыяльная акцыя па працаўладкаванні пажылых жанчын. Усе бабулі, якіх вы ўбачыце, актыўныя і дзейныя. Яны на пенсіі, але хочуць чымсьці займацца, не хочуць сядзець дома. Вы не ўяўляеце, якія яны шчаслівыя, што могуць працаваць, размаўляць з людзьмі. Бо зносіны — гэта галоўнае. Пажылы чалавек, які ў чымсьці задзейнічаны, шчаслівы», — сказаў заснавальнік рэстарана.

Па словах Галвонаса, рэстаран стаў сапраўднай сенсацыяй і прыцягвае мноства кліентаў.

Інтэр'ер рэстарана нагадвае ўтульны дом: тут шмат прыемных дробязяў, мяккіх падушак, карункавых абрусаў, светлых карцін і чайных сервізаў. Утульнасць гэтаму месцу надаюць і самі бабулі.

«Яны вельмі смачна гатуюць. Я не прыхільнік літоўскай кухні, але тут праўда смачна — я ем і радуюся», — сказаў Галвонас.

Ён сказаў, што рэалізаваць ідэю было няпроста, бо ў Літве яшчэ жывыя стэрэатыпы. «У нас існуе стэрэатып, што абслуговы персанал павінен быць не старэйшы за сярэдні ўзрост. Не так, як у Італіі, дзе пажылыя афіцыянты нікога не здзіўляюць. Таму быў не адбор бабуль, а прапанова паспрабаваць сябе ў такім месцы. Паспрабавалі і засталіся. Цяпер працуюць 12-13 бабуль», — распавёў Рокас.

Бабулям дапамагаюць і ўнучкі. Галвонас сказаў, што яго натхніла бабуля.

«Гэты рэстаран створаны для маёй бабулі. Яна мяне шмат чаму навучыла, гэта зрабіла мяне такім, які я цяпер. Навучыла працаваць, навучыла адказнасці, навучыла трымаць слова. Гэты рэстаран прысвечаны маёй бабулі і ўсім палангскім бабулям і не толькі палангскім», — заўважыў суразмоўца.

Ёсць стравы савецкай кухні, напрыклад, катлета па-кіеўску. Іх прадаецца па 100 порцый у дзень. А цэпелінаў сыходзіць 200 штук.

«Сутнасць гэтага рэстарана не ў тым, каб шмат зарабіць. Я называю яго сацыяльнай акцыяй, каб у бабуль было чым заняцца, і гэта ў гонар маёй бабулі. Яна яшчэ жывая і шмат у чым са мной удзельнічае, хоць ёй амаль 90. Бабуля тэлефануе мне і пытаецца: «Ну, колькі цэпелінаў, колькі порцый карбанада прадалі?»

Бабуля Браніслава ўладкавалася ў гэты рэстаран праз тыдзень пасля яго адкрыцця. Ужо тады стаяў натоўп наведвальнікаў.

«Я ніколі не працавала афіцыянткай. Але паспрабавала і атрымалася. Людзі добрыя», —сказала Браніслава.

Чытайце таксама:

«Седзячы ў парыжскіх кавярнях, я часта ўспамінаю мінскіх барыста». Беларусы расказалі, чым наша грамадскае харчаванне не падобнае да еўрапейскага

Адну з найбяднейшых краін Еўропы апанаваў самы сапраўдны турыстычны бум

У Мінску адкрыўся іспана-аўстралійскі рэстаран

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?