Woman undergoing MRI scan

Фота: Luis Alvarez / Getty Images

У свеце з’яўляюцца дзясяткі клінік, якія спецыялізуюцца на прафілактычным сканаванні ўсяго цела і прапануюць МРТ, КТ, а таксама DEXA-сканаванне, з дапамогай якога можна вызначыць ступень шчыльнасці костак. Клінікі, якія прапануюць прафілактычнае сканаванне цела, — паспяховы бізнэс ці адзіная магчымасць выявіць сур’ёзнае захворванне? — задаецца пытаннем The Wall Street Journal.

Паводле слоў спецыялістаў аховы здароўя, попыт на такія працэдуры рэзка вырас, асабліва сярод забяспечаных слаёў насельніцтва. Людзьмі рухае страх смерці. У клініках заяўляюць, што яны могуць дапамагчы пацыентам выявіць праблемы са здароўем на ранніх стадыях, напрыклад, рак або анеўрызму. Кім Кардаш’ян нядаўна падзялілася публікацыяй у інстаграме, рэкламуючы сканаванне, зробленае ёй кампаніяй, якая займаецца прафілактычнай МРТ.

Але, акрамя непатрэбных і немалых выдаткаў, гэтыя сканаванні могуць выклікаць дадатковы неспакой, кажуць некаторыя рэнтгенолагі і сямейныя лекары.

Выяўленне новаўтварэнняў можа прывесці да неабходнасці шматлікіх наступных абследаванняў і працэдур — нават калі новаўтварэнні дабраякасныя.

Акрамя таго, хоць у многіх сканаваннях выкарыстоўваецца магнітны рэзананс, які не абпраменьвае пацыента радыяцыяй (МРТ), калі чалавек робіць камп’ютарную тамаграфію (КТ), невялікая доза радыяцыі ўсё ж выдзяляецца. Такім чынам, чым больш чалавек знаходзіць у сябе парушэнняў і чым часцей пачынае рабіць сканаванне цела, у тым ліку прафілактычнае, тым больш павышае рызыку ўскладненняў, бо, як вядома, уздзеянне радыяцыі можа паўплываць на развіццё раку.

Некамерцыйная арганізацыя «Амерыканскі каледж прафілактычнай медыцыны» апублікавала афіцыйныя парады, якія не рэкамендуюць праводзіць сканаванне ўсяго цела ў бессімптомных пацыентаў. У красавіку Амерыканскі каледж радыялогіі апублікаваў заяву пра тое, што няма дакументальных доказаў таго, што татальны скрынінг цела эфектыўны для прадаўжэння жыцця.

Радыёлагі з Нідэрландаў, якія правялі метааналіз даследаванняў прафілактычных МРТ усяго цела, выявілі, што сканаванне давала лжывастаноўчыя вынікі ў сярэднім у 16% выпадкаў.

Па словах дактароў, яны часта сутыкаюцца з сітуацыямі, калі пацыенты прыходзяць у бальніцу з-за выпадковага выяўлення такіх пухлін і хочуць іх лячыць — пры гэтым самі лекары чухаюць патыліцу і думаюць: а ці сапраўды гэта неабходна?

Пры гэтым спецыялісты аховы здароўя прызнаюць, што прафілактычнае сканаванне не знікне і, магчыма, стане яшчэ больш папулярным сярод багатых пацыентаў, якія лічаць, што выяўленне любога захворвання, якое змяняе жыццё, варта дадатковых клопатаў і выдаткаў.

MRI Brain Scan

Фота: haydenbird / Getty Images

WSJ прыводзіць рэзанансны прыклад Тэйлар Дзьюкс — 33-гадовай медсястры са штата Тэхас, якая лічыць, што яе сканаванне цела ў 2022 годзе стала выратаваннем. У той час, па словах жанчыны, яна не адчувала ніякіх сімптомаў і не чакала, што МРТ пакажа «нейкія важныя рэчы». Дзьюкс была на пляжы са сваімі двума маленькімі сынамі, калі адкрыла анлайн-справаздачу. У яе мозгу выявілі пухліну, і адным з патэнцыйных дыягназаў было тое, што гэтая пухліна можа быць смяротнай. Наступны скан паказаў, што пухліна аказалася не такой агрэсіўнай, як меркавалі напачатку, але ўсё адно яна патрабавала неадкладнага лячэння, бо, калі б засталася незаўважанай, таксама магла б з часам выклікаць эпілептычныя прыпадкі і прывесці да смерці.

Па словах Тэйлар, ранняе выяўленне хваробы літаральна выратавала ёй жыццё.

Клініка, дзе жанчына рабіла сканаванне, падзялілася яе гісторыяй у сацыяльных сетках і заахвоціла да роздуму многіх людзей. Вядома, што часта рак дыягнастуюць на апошніх стадыях, калі шанцы на выжыванне істотна памяншаюцца. Таму, з гэтага пункту гледжання, сканаванне выглядае сапраўды шматабяцальным.

Каму раяць рабіць сканаванне цела

Некаторыя лекары раяць сканаванне цела бессімптомным пацыентам з пэўнымі фактарамі рызыкі, у тым ліку з генетычнай схільнасцю да ўтварэння пухлін.

Мэтавая група прафілактычных службаў ЗША раіць штогод рабіць скрынінг лёгкіх з дапамогай камп’ютарнай тамаграфіі дарослым ад 50 да 80 гадоў, якія выкурвалі эквівалент пачкі цыгарэт за дзень на працягу 20 гадоў і кураць цяпер (або кінулі курыць на працягу апошніх 15 гадоў).

Таксама лекары, якія спецыялізуецца на прафілактыцы і даўгалецці, рэкамендуюць МРТ усяго цела людзям з сямейным анамнезам, абцяжараным пэўнымі злаякаснымі новаўтварэннямі або анеўрызмамі.

Чытайце яшчэ:

«Вы не так зразумелі». Лукашэнка запатрабаваў адпраўляць у «прэзідэнцкую клініку» людзей з чаргі на МРТ — журналісты паспрабавалі туды запісацца

Медыкі распазнаюць рассеяны склероз на ранніх стадыях з дапамогай нейрасеткі

У Беларусі распрацоўваюць вакцыну ад алкагалізму

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?