Свабода ў жніўні расказала (яе перадрукавалі іншыя СМІ) гісторыю Марыны Кіявец зь Янава, якая ўцякла ў Польшчу адна з трыма дзецьмі і ўладкавалася працаваць у таксі. Муж не падтрымаў ейнага выбару, а калі жонку затрымлівалі, сьмяяўся разам з амапаўцамі. За мяжой у 11-гадовага сына Марыны выявілі аўтызм. У Беларусі сымптомаў хваробы не было відаць.

Прапанавалі прыбраць кватэру і пазаймацца з сынам

«Я не разьлічвала ні на якую дапамогу, але напісалі і патэлефанавалі дзясяткі чалавек», — прызнаецца Марына.

Людзі прапаноўвалі аддаць або набыць рэчы для дзяцей. Адзін беларус, які працуе на фірме мясных вырабаў, паабяцаў даведацца пра дапамогу прадуктамі. Дзяўчына, што працуе зь дзецьмі з аўтызмам, прапанавала пазаймацца з Сашам анлайн. Адгукнуліся аднагрупнікі з польскамоўных курсаў, якія наведвае беларуска. Знаёмая папрасіла зьвяртацца да яе ў любых патрэбах, прыкладам, каб прыбраць кватэру. Праўда, жытло Марына зь дзецьмі прыбіраюць самі, кожны адказвае за нешта сваё.

«Знаёмая была вельмі ўражаная тым, што прачытала. Сказала, што мы ходзім і ня ведаем, хто і як сюды трапіў», — дзеліцца суразмоўца.

Большасьць людзей пералічвалі сям’і грошы, па 100—200 злотых (25—50 эўра. — РС). Агульную суму Марыне складана назваць. Захацеў дапамагчы беларус, які жыве ў Беларусі. Пераводзіць грошы за мяжу цяпер небясьпечна, такую дапамогу адсочваюць сілавікі. Таму ён папрасіў пералічыць дапамогу свайго знаёмага за мяжой. Разам яны ахвяравалі 200 даляраў.

«Шматбаковыя прапановы былі. Гэта ўражвае. Беларус беларусу беларус. І гэта сапраўды так. Салідарнасьць такая вялікая», — кажа беларуска.

Марына кажа, што шчыра ўдзячная кожнаму, хто ёй напісаў, патэлефанаваў, прапанаваў дапамогу.

«Я разумею, што дапамагалі тыя, хто сам уцёк з краіны і ў каго цяпер, можа, ня самыя лепшыя часы. Калі пачалася хваля салідарнасьці, я ў нейкую хвіліну не стрымалася і плакала. Гэта такі шквал эмоцый, што ты не застаўся сам-насам са сваімі праблемамі. Кожны не прайшоў міма тваёй бяды, а павярнуўся да цябе тварам і спрабуе нешта зрабіць, каб табе было хоць крыху лягчэй», — голас Марыны зрываецца ад сьлёз.

Муж пасьля публікацыі напісаў сваячцы

Асабліва каштоўнай падтрымка незнаёмых людзей аказалася на фоне стаўленьня мужа, які адпачатку не ўхваліў выбар сужонкі і цяпер ніяк не дапамагае ёй зь дзецьмі. Марына спрабавала падаць дакумэнты на алімэнты, аднак, зь ейных словаў, адказныя органы і сам муж шукаюць спосабы, каб не плаціць на дзяцей. Падстава тая, што ў Беларусі Марыну абвясьцілі ў вышук.

Жанчына расказвае, што калі ў мэдыя выйшла публікацыя пра яе гісторыю, муж і тады не захацеў дапамагчы. Ён напісаў Марынінай сваячцы, у якой раней даведваўся, як маецца сям’я. Спытаўся: няўжо гэта значыць, што яны «жывыя і здаровыя», як тая запэўнівала раней?

«У яго ёсьць мой цяперашні нумар тэлефона. Наколькі ведаю, ён мой нумар перадаў міліцыі. Ён мне не напісаў: «Давай я табе дапамагу, чым магу». Я не разумею, як можна мець трох сыноў і ніяк ня ўдзельнічаць у іхным жыцьці і ніяк не спрабаваць хоць якія грошы перадаць на сваіх дзяцей», — зьдзіўляецца суразмоўца.

Знаёмыя зь Беларусі Марыне не пісалі. Ні з кім з роднага Янава яна не падтрымлівае стасункаў, бо мяркуе, што гэта для іх небясьпечна. Ведае, што за сяброўства зь ёю людзям пагражалі праблемамі.

Тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, зьедліва адрэагаваў на ранейшую публікацыю Свабоды, напісаў абразы на адрас Марыны. Скрыншот допісу ёй даслалі знаёмыя.

«Я толькі пасьмяялася з гэтага, бо стала мэдыйнай пэрсонай ня толькі ў «змагароў», але і ў «ябацек». Прапіярылі і зь іншага боку. Такія камэнтары могуць расказаць толькі тое, што іх давалі людзі недалёкага розуму», — мяркуе жанчына.

Яна разважае, чаму яе папракнулі, што яна зьехала зь Беларусі, дзе на дапамогу ейнаму дзіцяці з аўтызмам выдаткоўвалі б вялікія грошы.

«Але чамусьці ніхто не задаецца пытаньнем: а чаму ў Беларусі ня бачылі гэтага? Празь якія абставіны маё дзіця набыло гэты дыягназ? Калі б не было такога беззаконьня, мой сын хадзіў бы як і дагэтуль, не было б ніякіх падставаў меркаваць, што ў яго ёсьць нейкі дыягназ», — думае маці.

У асабістыя паведамленьні абраз ці пагроз Марыне ніхто не пісаў.

Грошы, якія ёй ахвяравалі, цяпер ідуць на падрыхтоўку да навучальнага году і на мэдычныя абсьледаваньні сярэдняга сына Сашы. Адзін візыт да псыхіятра каштуе ад 200 злотых (каля 50 эўра. — РС), бясплатнай кансультацыі трэба чакаць месяцамі. Дзе Саша будзе вучыцца, пакуль невядома. Да сярэдзіны верасьня ён чакае заключэньне камісіі, на падставе якога яго змогуць узяць у інтэграцыйную школу. Старэйшы сын пойдзе вучыцца ў тэхнікум, малодшы — у падрыхтоўчую клясу школы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?