Сана Марын. Фота: Sergei Grits / AP

Сана Марын. Фота: Sergei Grits / AP

Былы прэм'ер-міністр Фінляндыі Сана Марын, якая была адным з самых маладых лідараў Еўропы і актыўна выступала ў падтрымку Украіны, заявіла ў чацвер, што адыходзіць з фінскай палітыкі і далучыцца да некамерцыйнай арганізацыі, якая базуецца ў Лондане, піша Reuters.com.

Марын, якой было 33 гады, калі яна ўступіла на пасаду ў снежні 2019 года, узначальвала пяціпартыйную левацэнтрысцкую кіроўную кааліцыю да красавіка гэтага года. Яна атрымала падзяку за тое, як яе кабінет даў рады пандэміі COVID-19, а яе гучная падтрымка Украіны летась павысіла яе міжнародную вядомасць. Таксама пры ёй Фінляндыя стала 31-м чальцом NATO.

«Час рухацца далей, — цытуе словы Саны Марын фінская грамадская тэлекампанія Yle. — Я з нецярпеннем чакаю магчымасці пачаць працу ў новай ролі. Я таксама веру, што гэта можа прынесці карысць усёй Фінляндыі».

«Я веру, што змагу добра паслужыць выбаршчыкам [у Фінляндыі] і, магчыма, нават лепш на новай пасадзе», — заявіла Марын на прэс-канферэнцыі. Яна таксама пакінула пасаду кіраўніка Сацыял-дэмакратычнай партыі.

Марын далучыцца да Інстытута глабальных перамен экс-прэм'ера Вялікабрытаніі Тоні Блэра. Раней у гэтым месяцы некамерцыйная арганізацыя заявіла, што Марын стане «стратэгічным кансультантам».

«[Мая] задача будзе быць дарадцам розных краін, урадаў і лідараў у пытаннях палітыкі, якія мне знаёмыя, гэта кіраванне, тэхналогіі, клімат, гендарная роўнасць і іншыя пытанні, з якімі мне даводзілася працаваць», — сказала яна ў інтэрв'ю газеце Huvudstadsbladet.

На красавіцкіх парламенцкіх выбарах Сана Марын прайграла галоўнай кансерватыўнай партыі Фінляндыі, сацыял-дэмакраты наогул фінішавалі трэцімі, разбурыўшы яе надзеі на пераабранне.

Будучы прэм'ер-міністрам, Марын узначальвала кааліцыйны ўрад, які ўключаў яе сацыял-дэмакратаў, Цэнтрысцкую партыю, Лігу зялёных, Альянс левых і Шведскую народную партыю.

Асабістае жыццё Саны Марын і актыўнае карыстанне сацыяльнымі сеткамі атрымалі шырокае міжнароднае асвятленне падчас яе прэм'ерства. У жніўні 2022 года яна прынесла прабачэнні пасля публікацыі фатаграфіі, на якой былі дзве жанчыны, якія пазіруюць топлес у афіцыйнай летняй рэзідэнцыі лідара краіны.

Фатаграфія з'явілася пасля таго, як відэа, на якім Марын танцуе і спявае з сябрамі, выклікала дыскусію аб тым, ці мае права прэм'ер-міністр ад душы весяліцца.

Чытайце таксама:

Экс-прэм'ер Фінляндыі папрасіла медыя не ўмешвацца ў яе прыватнае жыццё

36-гадовая прэм'ерка Фінляндыі ўзарвала інтэрнэт міні-шортамі. Расказваем пра яе

Фінская прэм'ерка Сана Марын стала зоркай. А што вядома пра яе мужа?

Прэм'ер-міністр Фінляндыі: Без ЗША Еўропе не хопіць сіл, каб супрацьстаяць Расіі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?