Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

«Двойчы на год — вандроўкі і медыцынскі чэкап»

Яўген, прадпрымальнік з Мінска:

«Дакладна падлічыць штомесячны даход для мяне праблематычна. Я, як заснавальнік бізнэсу, атрымліваю заробак і дывідэнды, але тут жа ўкладаю свабодныя грошы ў справу. Таму ніякіх назапашванняў не раблю.

Пры гэтым вяду даволі аскетычны лад жыцця, не люблю начных клубаў і рэстаранаў, не ўжываю алкаголю. Асноўны артыкул выдаткаў — падарожжы. Мінімум двойчы на год езджу адпачываць за мяжу і выдаткоўваю на кожную паездку каля 5000 даляраў.

Адпачынак у Еўропе і ЗША цяпер адчувальна падаражэў. Напрыклад, нумар у гатэлі ў сярэднім абыходзіцца ў 200 даляраў за суткі. Дзесяць дзён адпачынку — гэта ўжо дзве тысячы, калі не лічыць дарогу і харчаванне.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Падчас падарожжаў я, вядома, хаджу ў кавярні і рэстараны, але ў Мінску выбіраюся нячаста — 2-3 разы на месяц, найчасцей на дзелавыя сустрэчы.

Ежу для сябе звычайна гатую самастойна і выбіраю для гэтага якасныя прадукты на рынку. Бяру сезонную гародніну і садавіну, рыбу, мяса, астатняе купляю ў краме. У месяц на ўсё ідзе каля 1000 рублёў.

У спіс абавязковых выдаткаў уваходзіць безлімітны абанемент у спартыўны клуб, які я наведваю штодня. Дадаткова аплачваю паслугі асабістага трэнера, яны абыходзяцца ў 650 рублёў кожны месяц.

Тыповы для мужчын артыкул выдаткаў на машыну ў мяне адсутнічае: я карыстаюся службовым аўто.

Двойчы на год я таксама праходжу комплекснае медыцынскае абследаванне ў адным з медцэнтраў. На гэта ідзе прыкладна 1400 рублёў. Плюс 300 рублёў на месяц я выдаткоўваю на вітаміны і біялагічна актыўныя дадаткі.

Таксама двойчы на год абавязкова наведваю стаматолага з прафілактычнай мэтай і для чысткі зубоў. Сумарна аддаю за паслугі прыкладна 600 рублёў.

Яшчэ 1000 рублёў на год выдаткоўваю на аплату паслуг масажыста, паслугі касметолага абыходзяцца ў 250 рублёў штомесяц.

Што яшчэ з абавязковых выдаткаў? Напэўна, абутак і адзенне — на гэта выдаткоўваю не больш за 1000 даляраў за год. Прыкладна 100 даляраў на месяц я аддаю на падарункі сябрам і блізкім, яшчэ 50 даляраў штомесяц — на аплату розных інтэрнэт-сэрвісаў кшталту Netflix.

Асобна ў памеры 300 рублёў на месяц я аплачваю паслугі клінінгу для кватэры. Ну і на камунальныя плацяжы ў мяне ідзе каля 150 рублёў. Вось, мабыць, і ўсё».

«Калі б я цяпер знаходзіўся ў адносінах, то фінансава б іх не пацягнуў»

Сяргей, фатограф з беларускага райцэнтра:

«Мой даход у месяц складае прыкладна 800 рублёў. Усе грошы цяпер ідуць на жыццё, адкласці нічога не ўдаецца.

Асноўны артыкул выдаткаў — харчаванне, на якое аддаю каля 300 рублёў на месяц. Я не шыкую, купляю яйкі, гародніну, кефір, хлеб, часам мяса або рыбу. Стараюся ўкласціся ў 10 рублёў штодня. Не куру, але часам магу дазволіць сабе піва.

За камунальныя паслугі летам плачу каля 50 рублёў на месяц, зімой гэтая лічба павялічваецца да 70—80 рублёў. Яшчэ каля 30 рублёў «з'ядаюць» мабільная сувязь і інтэрнэт.

Сур'ёзны артыкул выдаткаў — захапленні. Я заўзяты аўтамабіліст і веласіпедыст. На апгрэйд ровара, калі падлічыць усе пакупкі і раўнамерна іх размеркаваць, штомесяц ідзе прыкладна 100 рублёў. І гэта з улікам таго, што замовы я раблю на кітайскім маркетплэйсе. Не менш за 100 рублёў на месяц выдаткоўваю на бензін і мінімум 200 рублёў прыкладна раз на паўгода — на рамонт і амартызацыю аўтамабіля.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: unsplash.com

Апранаюся звычайна ў час распродажу альбо ў сэканд-хэндах. Базавы гардэроб у мяне ёсць, але час ад часу трэба дакупіць нешта са спартыўнай экіпіроўкі. На такія пакупкі выдаткоўваю прыкладна 30 рублёў на месяц.

Раней усё, што заставалася ад заробку, укладаў у куплю замежнай валюты. Але цяпер задумаў у кватэры рамонт, і на яго ідуць усе свабодныя грошы. Я стараюся не залазіць у заначку, таму рамонт раблю не спяшаючыся, па меры з'яўлення сродкаў і сваімі сіламі.

Але нават калі не ўлічваць гэтых выдаткаў, магу сказаць, што калі б я цяпер знаходзіўся ў адносінах, то фінансава б іх не пацягнуў. Сям'я ці нават проста заляцанне да дзяўчыны патрабуюць сур'ёзных укладанняў, мне б напэўна прыйшлося шукаць нейкія дадатковыя крыніцы даходу».

«Жывёл я не трымаю, а на агародзе ўсё само расце»

Вячаслаў, пенсіянер з вёскі:

«У вёсцы я жыву ўжо больш за 10 гадоў. Пасля смерці жонкі пакінуў гарадскую кватэру сыну, а сам пераехаў у атрыманую ў спадчыну ад бацькоў хату за горадам.

Акрамя пенсіі 580 рублёў, ёсць невялікі прыбытак ад сталярнай майстэрні і сезоннага продажу садавіны-гародніны са свайго падворка. Калі ўсё разам скласці, то каля тысячы рублёў на месяц выходзіць.

Выдаткаў на гаспадарку не надта шмат, жывёл я не трымаю, а на агародзе ўсё само расце.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: istockphoto.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: istockphoto.com

Тым не менш утрыманне прыватнага дома абыходзіцца ў круглую суму. Толькі на дровы на зіму, што набліжаецца, ужо выдаткаваў 700 рублёў. І яшчэ каля 800 рублёў пайшло на тое, каб падправіць дах і абнавіць веранду, дзе прыйшлося мяняць падлогу.

Я ўсё рабіў сам, купляў толькі будаўнічыя матэрыялы, ды і тое не ўсе, нешта ўжо было нарыхтавана. А так бы і ў тысячу рублёў не ўклаўся.

У ежы я не пераборлівы і выдаткоўваю на прадукты сумарна не больш за 250 рублёў за месяц. Уся гародніна і садавіна ёсць на агародзе, а ў вясковай краме купляю толькі хлеб, крупы, мясныя кансервы і спіртное.

Сам я п'ю рэдка, але бутэлька гарэлкі ў доме заўсёды павінна быць, у вёсцы гэта па-ранейшаму галоўная валюта. Зноў жа, часам сябры ў госці прыязджаюць з горада — у нас тут выдатныя месцы для рыбалкі. Ну як ім стол не накрыць і чаго мацнейшага на стол не паставіць?

Адзенне, абутак і бытавыя дробязі ўжо некалькі гадоў не ўваходзяць у спіс рэгулярных выдаткаў. Я даношваю тое, што ёсць. А з рэчаў для штодзённага ўжытку апошні раз купляў хіба што камплект пасцелі, але гэта было больш за год таму. Памятаю, аддаў нешта каля 50 рублёў, для мяне гэта была адчувальная трата. Але тут нічога не зробіш, таму што пасцель на змену ў хаце павінна быць.

Пакуль жыў у сям'і, пра такое наогул не задумваўся. А як памыў прасціну з падкоўдранікам і яны высахнуць не паспелі, дык і ўспомніў жонку, у якой дзве паліцы ў шафе пасцельнымі рэчамі былі забітыя.

Істотны артыкул выдаткаў складаюць медыкаменты: у мяне дыягнаставаны цукровы дыябет, ёсць праблемы з сэрцам і артэрыяльным ціскам. Частку прэпаратаў атрымліваю бясплатна, але ўсё роўна выдаткоўваю на лекі не менш за 80 рублёў штомесяц.

Прыкладна столькі ж ідзе і на паліва для старэнькіх «Жыгулёў». Тут я як бы ні стараўся ашчадзіць, усё адно нічога не атрымаецца, таму што ў вёсцы без аўтамабіля, ды яшчэ пенсіянеру, не выжыць.

Пры гэтым час ад часу атрымліваецца адкладаць грошы — у наступным годзе хачу паставіць у сябе на ўчастку новы зруб пад лазню, якая паводле самых сціплых падлікаў абыдзецца не менш чым у 7—8 тысяч рублёў».

«Адчуваю сябе ўпэўнена толькі тады, калі маразілка забітая мясам»

Андрэй, рабочы на буйным прадпрыемстве:

«Мой заробак за месяц складае не менш чым 2500 рублёў. Грошы, на мой погляд, не асабліва вялікія, але яны дазваляюць паклапаціцца пра будучыню і, у прыватнасці, стварыць добрую фінансавую падушку бяспекі.

Штомесяц прыкладна палову свайго заробку канвертую ў замежную валюту. Скажу шчыра, у свае 38 гадоў я пакуль не сустрэў дзяўчыну мары, але ўсё адно спадзяюся, што рана ці позна ў мяне будзе свая сям'я. Вось тады гэтыя грошы і спатрэбяцца.

Больш за 10 гадоў я жыву асобна ад бацькоў. У свой час яны дапамаглі фінансава пры куплі двухпакаёвай кватэры. Пра машыну час ад часу падумваю, але пакуль не бачу ў яе набыцці вострай неабходнасці. Цяпер мне цалкам хапае ровара, каб пры нармальным надвор'і даехаць да працы і назад.

З грошай, якія штомесяц пакідаю сабе на жыццё, асноўная сума траціцца на ежу. Адчуваю сябе ўпэўнена толькі тады, калі маразільная камера пад завязку забітая мясам. Таму адразу купляю 4-5 кг кумпяка, свініну, ялавічыну. Мяса дзялю на порцыі і замарожваю, каб заўсёды было пад рукой. Калі прыходжу з працы, ведаю, што ў мяне ёсць з чаго прыгатаваць вячэру.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: istockphoto.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: istockphoto.com

Шчыра кажучы, адмысловымі кулінарнымі здольнасцямі я не валодаю, таму магу заскочыць на абед у заводскую сталовую, а на выхадных — зазірнуць у госці да бацькоў на мамін боршч з катлетамі.

Нават і пры такім раскладзе на ежу ідзе не менш за 500 рублёў на месяц. Прыкладна 100 рублёў трэба на камунальныя плацяжы, яшчэ 30—40 — на мабільную сувязь і інтэрнэт. У мяне няма выдаткаў на трэнажорную залу, таму што я яе абсталяваў дома і займаюся ў зручны для сябе час.

Вопратку і абутак купляю па сезоне — ну, хай гэта максімум яшчэ 100 рублёў на месяц. Бытавая хімія, шампунь, зубная паста, парфума — гэта яшчэ прыкладна 50 рублёў. Думаю, яшчэ рублёў са 100 у месяц выдаткоўваю на цыгарэты і алкаголь.

Свае выдаткі я стараюся старанна планаваць, але часам могуць быць спантанныя выезды на прыроду з сябрамі, паходы ў начныя клубы, гульня ў пейнтбол. На такія выпадкі я адкладаю па 200 рублёў — грошы захоўваю ў асобным канверце з надпісам «траціць без шкадавання». Амаль усе мае сябры ўжо жанатыя, сабрацца разам атрымліваецца нячаста.

Калі ў канверце назапашваецца 1000 рублёў, я купляю на гэтыя грошы даляры і дадаю да агульных накапленняў».

Чытайце таксама:

«Мы маладыя, хочацца пагуляць». Беларусы расказалі, на якія заробкі жывуць і на што іх трацяць

Колькі грошай выдаткоўваюць на ежу ў Беларусі і іншых краінах. З'явіўся рэйтынг

Колькі гадоў спатрэбіцца сярэднестатыстычнаму беларусу, каб назбіраць на кватэру

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?