Горад Дэрна, на які прыйшоўся асноўны ўдар стыхіі, 12 верасня 2023 года. Міжземнаморскі шторм «Даніэль» выклікаў разбуральныя паводкі, якія прарвалі плаціны і змялі цэлыя кварталы ў многіх прыбярэжных гарадах. Фота: Jamal Alkomaty / AP

Горад Дэрна, на які прыйшоўся асноўны ўдар стыхіі, 12 верасня 2023 года. Міжземнаморскі шторм «Даніэль» выклікаў разбуральныя паводкі, якія прарвалі плаціны і змялі цэлыя кварталы ў многіх прыбярэжных гарадах. Фота: Jamal Alkomaty / AP

Па словах міністра ўнутраных спраў ва ўрадзе ўсходняй часткі Лівіі, якога цытуюць мясцовыя агенцтвы, загінула як мінімум 5300 чалавек, паведамляе Бі-бі-сі.

Іншыя крыніцы гэтую лічбу пакуль не пацвярджалі, але відавочна, што загінулых — тысячы.

Асноўныя ахвяры і разбурэнні прыйшліся на партовы горад Дэрна на ўсходзе краіны — у ім пад напорам вады прарвала дзве плаціны.

Міністр аховы здароўя адміністрацыі, якая кантралюе ўсход Лівіі, раней заявіў, што пацверджана смерць больш за 3000 чалавек. «Колькасць зніклых без вестак лічыцца тысячамі, а колькасць загінулых, як чакаецца, дасягне 10 000», — заявіў Асман Абдэль Джаліль тэлеканалу «Аль-Масар».

У Дэрне былі змытыя цэлыя кварталы. На могілках знаходзіцца больш за 700 целаў, якія чакаюць апазнавання, а мясцовыя прадстаўнікі аховы здароўя заявілі, што тысячы чалавек зніклі без вестак.

«Сітуацыя ў горадзе становіцца ўсё больш трагічнай, канчатковых статыстычных звестак аб колькасці ахвяр няма, — сказаў Джаліль. — Многія раёны пакуль недаступныя».

Хікем Абу Шкіўат, міністр грамадзянскай авіяцыі ў непрызнаным урадзе Усходняй Лівіі, заявіў, што сітуацыя ў Дэрне катастрафічная.

«Целы ляжаць паўсюль: у моры, у далінах, пад будынкамі, — сказаў Шкіўат агенцтву Reuters у тэлефоннай размове пасля наведвання горада. — Я не перабольшваю, калі кажу, што 25% горада знікла. Многія, многія будынкі разбураныя».

«Канчатковыя страты будуць вельмі, вельмі вялікімі», — дадаў ён.

Тамер Рамадан, прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў Лівіі, на брыфінгу ў Жэневе назваў колькасць загінулых велізарнай.

Барацьба з паводкай, паводле яго слоў, «выходзіць за рамкі магчымасцяў урада, грамадства і народа», і для таго, каб даць рады яе наступствам, спатрэбіцца міжнародная дапамога.

Спецыялісты і раней папярэджвалі, што плаціны ў Дэрне можа прарваць. Але калі гэта адбылося, жыхарам ніхто не паведаміў.

На відэа, распаўсюджаным у сацсетках, відаць, як людзі малілі аб дапамозе і крычалі, калі вада затапіла іх дамы. Патокі вады змялі машыны на вуліцах.

Адзін жыхар Дэрны, Хузайфа аль-Хасадзі, распавёў тэлеканалу «Аль-Хура», што адной з абставін трагедыі стаў рэльеф мясцовасці: «Глыбіня некаторых далін, у якіх збіраецца вада, каля 400 метраў. Таму, калі плаціна прарвалася, вада вырвалася як атамная бомба, і восем мастоў і жылых дамоў цалкам абваліліся».

Прадстаўнік упраўлення надзвычайных сітуацый Лівіі Усама Алі заявіў: «Уся вада накіравалася ў раён недалёка ад Дэрны, які ўяўляе сабой гарыстую прыбярэжную зону… дамы ў далінах, якія знаходзіліся на лініі затаплення, былі знесеныя моцнымі патокамі каламутнай вады, у якіх несліся затопленыя аўтамабілі і смецце».

«Умовы надвор'я не былі добра вывучаныя, не была праведзена эвакуацыя сем'яў, якія маглі апынуцца на шляху шторму і ў далінах», — сказаў ён.

Акрамя Дэрны, таксама пацярпелі гарады Бенгазі, Суса і Аль-Мадж на ўсходзе краіны.

Падчас выратавальных работ знікла сямёра вайскоўцаў лівійскай арміі.

Улады на ўсходзе Лівіі ўвялі каменданцкую гадзіну, а школы і крамы загадалі зачыніць.

Чытайце таксама:

У Лівіі катастрафічная паводка: больш за 3000 загінулых і 10000 зніклых без вестак

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?