Тыдзень таму мы расказалі гісторыю Юрыя. Яму 50 гадоў, ён грамадзянін Расіі. Паводле яго слоў, у беларускім аэрапорце заставацца не планаваў: купіў білет, але тарыф не прадугледжваў вялікага багажу. Даплаціць розніцу мужчыну не ўдалося.

Так ён затрымаўся ў аэрапорце на некалькі месяцаў. Увесь гэты час з харчаваннем дапамагалі супрацоўнікі аэрапорта і працаўніца царкоўнай крамы.

Інфармацыю аб незвычайным пасажыру супрацоўнікі аэрапорта перадалі ў Мінскі аддзел унутраных спраў на паветраным транспарце. Журналісты звярнуліся па каментар.

— Супрацоўнікі рэгулярна правяраюць дакументы, з пашпартам у пасажыра ўсё ў парадку, ён не парушае грамадскага парадку, — растлумачыла начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Наталля Ганусевіч. — У Беларусі з Расіяй падпісана пагадненне, якое дазваляе расіянам знаходзіцца ў нашай краіне 90 дзён без рэгістрацыі. Але калі іншаземец захоча перавысіць гэты тэрмін, яму неабходна атрымаць дазвол на часовае або пастаяннае пражыванне ў залежнасці ад мэт уезду. Грамадзянам Расіі дазвол выдаецца на рукі, там указваецца прозвішча, імя, імя па бацьку замежніка, яго дата нараджэння, асноўныя даныя і адрас, дзе ён павінен жыць. Дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі прадугледжвае, што грамадзянін легальна знаходзіцца ў краіне больш за 90 сутак, аднак не больш за 1 год.

Пазней стала вядома, што супрацоўнікі МУС змаглі звязацца са сваякамі Юрыя.

Яны паабяцалі перавесці грошы на білет і дапамагчы вярнуцца дадому. Са слоў сямʼі, мужчына і раней лятаў у іншыя краіны, але замест экскурсій па славутасцях аддаваў перавагу заставацца ў аэрапорце і жыць там месяцамі.

Клас
0
Панылы сорам
29
Ха-ха
7
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
5