Плошча Зеландыі складае 5 мільёнаў квадратных кіламетраў. Гэта ў 20 разоў болей, чым Беларусь, і ў два разы меней, чым Еўропа: ад Партугаліі да Уральскіх гор

Плошча Зеландыі складае 5 мільёнаў квадратных кіламетраў. Гэта ў 20 разоў болей, чым Беларусь, і ў два разы меней, чым Еўропа: ад Партугаліі да Уральскіх гор

Першым берагоў зямлі, якую мы сёння называем Новай Зеландыяй, у 1642 годзе дасягнуў галандскі мараплавец Абел Янсзан Тасман. Ён быў упэўнены ў існаванні вялізнага кантынента, які ляжаў у Паўднёвым паўшар'і. Аднак, калі ён туды прыбыў, то хутка зразумеў, што гэта не тое, што ён шукаў, піша Бі-бі-сі.

Прайшло 375 гадоў, перш чым навукоўцы заявілі, што на Зямлі ўсё ж такі існуе яшчэ адзін кантынент — Зеландыя — праўда, 94% яе тэрыторыі ляжыць пад вадой.

А цяпер гэты кантынент цалкам нанеслі на карту.

Новазеландскі даследчы інстытут GNS Science склаў новую падрабязную карту Зеландыі, якую распрацавалі на аснове ўзораў горных парод з дна акіяна — вынікі даследавання апублікавалі ў часопісе Tectonics. Навукоўцы таксама вызначылі плошчу кантынента: пяць мільёнаў квадратных кіламетраў.

Вы спытаеце, як можна лічыць Зеландыю, амаль цалкам пакрытую водамі акіяна, кантынентам? Уся справа ў геалогіі.

Вядома, што Зеландыя была часткай гіганцкага старажытнага кантынента Гандвана. Каля 85 мільёнаў гадоў таму яна адкалолася, але ў адрозненне ад сваіх суседзяў Антарктыды і Аўстраліі (Акіяніі) яе вялікая частка засталася пад вадой.

Адзінай часткай кантынента, якая засталася на паверхні, былі астравы Новай Зеландыі, французскі архіпелаг Новая Каледонія і невялікія аўстралійскія астраўкі Лорд-Хау і Болс-Пірамід.

Пакрытую водамі Зеландыю практычна не вывучалі, што выклікала рознагалоссі адносна яе формы і межаў — дагэтуль на карту нанеслі толькі поўдзень кантынента.

Апошнія даследаванні, праведзеныя пад кіраўніцтвам новазеландскага геолага Ніка Морцімера, дазволілі правесці маштабныя працы на дне акіяна. Даследнікі пішуць, што, датуючы камяні і інтэрпрэтуючы магнітныя анамаліі, яны змаглі нанесці на карту Паўночную Зеландыю. Гэтая праца завяршыла марскую разведку геалагічнай карты ўсяго кантынента Зеландыя.

Каманда геолагаў і сейсмолагаў вывучыла ўзоры горных парод і адкладаў, атрыманыя з дна акіяна, а таксама ўзоры, знойдзеныя на берагах выспаў.

Навукоўцы прааналізавалі і датавалі базальты, а таксама гальку і пясчанік. Аказалася, што пясчанік утварыўся ў эпоху позняй крэйды (95 мільёнаў гадоў таму), а граніт і вулканічная галька — у часы ранняй крэйды (130-110 мільёнаў гадоў таму). Базальты ж датуюцца эпохай эатэну (40 мільёнаў гадоў таму).

Адным з першых сведчанняў існавання Зеландыі пад вадой сталі назіранні сэра Джэймса Гектара — шатландскага натураліста, які даследаваў астравы ля паўднёвага ўзбярэжжа Новай Зеландыі ў 1895 годзе.

Вывучыўшы іх геалогію, ён прыйшоў да высновы, што Новая Зеландыя з'яўляецца «вяршыняй горнага хрыбта, які ўтварае вялікі кантынентальны масіў, які распасціраецца далёка на поўдзень і ўсход і ў цяперашні час пагружаны ў ваду».

У 1995 годзе амерыканскі геафізік Брус Луендык зноў апісаў гэты рэгіён як кантынент і прапанаваў назваць яго Зеландыяй.

Глыбіня кантынентальнай кары звычайна складае каля 40 км. Яна значна таўсцейшая за акіянічную, якая, як правіла, мае 10 км.

У выніку пастаяннага ціску Зеландыя расцягнулася, і яе кара цяпер дасягае толькі 20 км глыбінёй. Гэта менш, чым у сушы, але больш, чым у акіянічнага дна. У рэшце рэшт кантынент пагрузіўся ў мора.

Нягледзячы на тонкую кару і размяшчэнне пад вадой, геолагі не сумняваюцца, што Зеландыя — гэта кантынент. Сведчаннем гэтага з'яўляюцца віды горных парод, выяўленыя на ёй.

Кантынентальная кара звычайна складаецца з магматычных, метамарфічных і ападкавых парод, такіх як граніт, сланец і вапнякі, а на дне акіяна пераважаюць магматычныя пароды, такія як базальт.

Канвенцыя ААН па марскім праве сцвярджае, што краіны могуць пашырыць свае законныя тэрыторыі па-за межы сваёй выключнай эканамічнай зоны на 200 марскіх міль (370 км) ад узбярэжжа, каб прэтэндаваць на «пашыраны кантынентальны шэльф» — з усімі мінеральнымі багаццямі і нафтай, якія ён утрымлівае.

Калі б Новая Зеландыя магла даказаць, што яна з'яўляецца часткай буйнейшага кантынента, яна магла б пашырыць сваю тэрыторыю ў шэсць разоў.

Гэта таксама прывяло б да павелічэння фінансавання марскіх даследаванняў.

Клас
36
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
23
Сумна
6
Абуральна
7