Саламэ Зурабішвілі. Фота: Mzia Saganelidze / «Радыё Свабода»

Саламэ Зурабішвілі. Фота: Mzia Saganelidze / «Радыё Свабода»

Заяву дэпутатаў аб магчымым парушэнні Канстытуцыі прэзідэнтам падаюць чатыры члены парламента, у тым ліку і старшыня кіроўнай партыі Іраклій Кабахідзэ.

Сама прэзідэнт на пасяджэнне суда, якое праходзіць у Батумі, не паехала.

У «Грузінскай мары» лічаць, што паездкі Зурабішвілі парушалі 52-ты артыкул Канстытуцыі Грузіі, паводле якога прэзідэнт вядзе перамовы і выконвае прадстаўнічыя паўнамоцтвы ў замежнапалітычных адносінах са згоды кабінета.

Мэтай візітаў у еўрапейскія краіны і сустрэч з еўрапейскімі лідарамі прэзідэнт называе еўрапейскую інтэграцыю Грузіі і атрыманне Грузіяй статусу кандыдата ў ЕС. Заявы еўрапейскіх лідараў, з якімі сустракалася Зурабішвілі, гэта пацвярджаюць.

Але ў кіроўнай партыі кажуць пра адваротнае. «Грузінская мара» абвінавачвае прэзідэнта ў сабатажы нацыянальных інтарэсаў краіны і перашкодзе атрыманню статусу кандыдата ў ЕС, які Грузія, у адрозненне ад Малдовы і Украіны, не атрымала летам мінулага года.

Рашэнне наконт атрымання Грузіяй статусу чакаецца да канца гэтага года. Да гэтага сваю ацэнку і рэкамендацыі павінна прадставіць Еўрапейская камісія.

Удар па еўраінтэграцыі?

Зварот у Канстытуцыйны суд з патрабаваннем абвясціць імпічмент прэзідэнту за парушэнне Канстытуцыі падпісалі 80 дэпутатаў.

Калі суд пагодзіцца і дакажа, што прэзідэнт сапраўды парушыла Канстытуцыю, працэс перамесціцца ў парламент. У гэтым выпадку на працягу двух тыдняў пасля судовага заключэння павінна прайсці галасаванне па пытанні аб адхіленні Зурабішвілі ад пасады.

Але ў тым, што імпічмент будзе даведзены да канца, сумняваюцца нават самі ініцыятары працэсу, бо для гэтага трэба не менш за дзве траціны галасоў поўнага складу парламента (гэта значыць, падтрымка імпічменту з боку па меншай меры 100 дэпутатаў). У парламенцкай большасці цяпер толькі 84 дэпутаты.

Большая частка апазіцыянераў, у тым ліку дэпутаты самай буйной апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух», абяцаюць прагаласаваць супраць адхілення ад пасады Зурабішвілі або зусім не ўдзельнічаць у галасаванні. У апазіцыі ўпэўненыя, што запуск імпічменту напярэдадні пастановы аб наданні Грузіі статусу кандыдата ў Еўрапейскі Саюз — не выпадковасць.

«Гэта сабатаж еўрапейскага курсу Грузіі, гэта сабатаж — асабліва ў момант, калі мы чакаем статусу кандыдата, і нашы міжнародныя партнёры сочаць за кожным крокам грузінскіх уладаў. Ніякай прававой падставы для пачатку імпічменту прэзідэнта не існуе», — заявіла напярэдадні слуханняў у Канстытуцыйным судзе дэпутатка найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Ана Цытлідзэ.

З тым, што разгляд імпічменту можа перашкодзіць еўрапейскай інтэграцыі Грузіі, згаджаюцца і ў грамадзянскім сектары. Тут нагадваюць, што, згодна з Канстытуцыяй Грузіі, як прэзідэнт, так і ўрад абавязаны прымаць усе меры для інтэграцыі краіны ў ЕС.

«Выклікае трывогу тое, што ўрад не толькі ігнаруе гэты абавязак, але і перашкаджае прэзідэнту Грузіі — канстытуцыйнаму органу — рэалізаваць гістарычны выбар нашага народа. Перашкода еўрапейскай інтэграцыі якраз і ўяўляе сабой парушэнне Канстытуцыі», — гаворыцца ў сумеснай заяве, якую распаўсюдзілі адзінаццаць няўрадавых арганізацый з нагоды пастановы кіроўнай партыі пачаць працэдуру імпічменту Зурабішвілі.

Як паказваюць апытанні, абсалютная большасць насельніцтва Грузіі выступае за будучыню краіны ў НАТА і ЕС.

Чытайце таксама:

Кіроўная «Грузінская мара» запусціла працэдуру імпічменту прэзідэнту Саламэ Зурабішвілі

Прэзідэнт Грузіі памілавала гендырэктара апазіцыйнага тэлеканала. Журналіст — адзін з самых непрымірымых крытыкаў урада

Прэзідэнт Грузіі прапануе адпусціць Саакашвілі з электронным бранзалетам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5