Дзяніс Урбановіч Денис Урбанович Denis Urbanovich

Дзяніс Урбановіч. Фота: старонка Дзяніса Урбановіча ў фэйсбуку

Дзяніс Урбановіч за паўтара года вайны пяць разоў быў паранены. Але збіраецца вярнуцца на фронт і пасля апошняга ранення, якое ён атрымаў у Кляшчэеўцы (Данецкая вобласць) 10 верасня. У батальёне беларускіх добраахвотнікаў «Волат» 34-гадовы ваяр камандуе баявой групай.

У інтэрв'ю ютуб-каналу 6TV Biełaruś баец выступіў з жорсткай крытыкай на адрас кіраўніцтва Палка Каліноўскага.

Урбановіч скептычна ставіцца да заяваў штаба Палка Каліноўскага аб вызваленні Беларусі: «Адзінае, што я магу сказаць, гэта тое, што полк Каліноўскага сваімі афіцыйнымі заявамі пра вызваленне Беларусі… Я нават не ведаю, як сказаць. Гэта смех проста».

Ëн не бачыць сістэмнасці ў дзеяннях свайго кіраўніцтва і, больш за тое, мае прэтэнзіі да іх сумленнасці. 

На думку Урбановіча, «каб вызваляць Беларусь, трэба мець вялізны баявы досвед, прыцягваць як мага больш беларусаў».

Паход на Беларусь

Ацэньваючы зварот Валерыя Сахашчыка і заяву Дзяніса «Кіта» Прохарава падчас бунту Прыгожына, Урбановіч заўважае, што непасрэдна тады знаходзіўся ў шпіталі і прапусціў усё.

«Але я адно ведаў — у Беларусь ніхто з іх не зможа пайсці. Гэта фізічна немагчыма».

На думку Урбановіча, беларускія ўзброеныя часці ва Украіне проста не маюць дастаткова сілы.

«Калі «Вагнер» прыйшоў у Беларусь — гэта каля чатырох тысяч [байцоў], калі не памыляюся. Гэта дасведчаныя байцы, забойцы, гвалтаўнікі, адмарозкі, якія не думаюць, выжывуць ці не.

І ў той момант, калі вызвольнае беларускае войска, якое знаходзіцца ва Украіне, ідзе на Беларусь на вызваленне, то гэта вайна. Гэта другі фронт.

У Беларусь зайсці не так проста. Гэта трэба весці дывізіі танкаў, дывізіі гармат [дывізіі, якія маюць на ўзбраенні танкі і артылерыю]», — адзначае Урбановіч.

Дзяніс Урбановіч не шкадуе іроніі:

«Запомніце, для кіраўніцтва Палка Каліноўскага вызваленне Беларусі можа быць толькі ў тыктоку. І ўсё. У іх няма ніякага закладзенага імкнення да вызвалення Беларусі, — наракае Урбановіч. — Для іх полк Каліноўскага, вайна — гэта яшчэ адна магчымасць, як сказаць, стварыць нешта і на гэтым зарабіць.

Паўтара года я глядзеў на іх, аналізаваў і думаў: «Ваяваць паедзеце, хлопцы?» Вы ж не паедзеце. Але пры гэтым вы стараецеся неяк гэта паднесці, што «мы ваюем на ўсіх франтах, знаходзімся там і там». Але насамрэч такога няма».

Урбановіч дадае, што «калі б з намі быў жывы наш камандзір Міраслаў Лазоўскі, то я ўпэўнены, што ён сказаў бы ўсё тое, што кажу я».

Сітуацыя ў штабе Палка Каліноўскага

Дзяніс Урбановіч заявіў, што падазрае людзей, якія ўваходзяць у штаб Палка Каліноўскага, у махлярстве. Ён паабяцаў «неўзабаве» абнародаваць такія факты ў СМІ.

«Я прыйшоў служыць, ваяваў, выязджаў на першыя баявыя, атрымаў першае раненне. І вось яшчэ з тых часоў я зразумеў, што штосьці не тое адбываецца. У нас былі розныя сітуацыі».

Урбановіча таксама абурае, што камандзірамі прызначаюцца асобы без належнага баявога вопыту, атрыманага пасля 2022 года.

«Напрыклад, «Кіт» [Дзяніс Прохараў], які сябе пазіцыянуе як камандзір», — называе Урбановіч.

«Я заўсёды казаў, каб нас не пазіцыянавалі з Палком Каліноўскага. Тое, што там людзі дзесьці калісьці служылі, у «Азове» ці дзесьці яшчэ, прыйшлі і сказалі: «Вось я цяпер камандзір». Двое такіх архараўцаў — такіх, як «Ваніш» і «Мікола», — называе іншыя пазыўныя Дзяніс Урбановіч.

«Ваніш» — гэта Арцём Войніч, адзін з камандзіраў Палка, а «Мікола» — яшчэ адзін камандзір, былы маладафронтавец Мікалай Дземідзенка. Крытыку на іх адрас раней выказвалі і іншыя байцы, да прыкладу, Яўген Міхасюк.

«У штабе (не ў Палку, таму што ў Палку ваююць годныя беларусы) ёсць людзі, якія пабудавалі гэты бізнэс. Вельмі цяжка і складана сказаць, што гэта баявая структура. Таму што ўсё завязана на палітыцы, на бізнэсе, на машынах (прыгналі, прадалі),» — наракае Урбановіч.

— Я прывяду прыклад. Тое, што мне перадалі з Еўропы нашы беларусы для батальёна «Волат», часткова не дайшло, кудысьці знікла. Мы не можам разабрацца. Як мне напісалі, гэта была машына і чатыры дроны. Дроны, дарэчы, дайшлі. Мы званілі ў Полк, не можам зразумець, куды яно прыйшло. І вось нашы камандзіры, якім ты можаш задаць пытанне, таму ж самаму «Кіту»: «Чаму нам кажуць, што ў нас 120 машын, а мы купляем машыны за свае грошы? — кажа Урбановіч.

Пры гэтым, сцвярджае ён, кіраўнікі штаба прыкрываюцца імем Зянона Пазняка:

«Яны заўсёды спасылаюцца на тое, што «з намі Пазняк. Зянон Станіслававіч нас падтрымаў. Значыць мы ўсе чэсныя, усе справядлівыя. Мы хочам ваяваць».

Паслухайце, 130 чалавек ваююць на фронце, 240 сядзіць у Кіеве. Дык як мы можам прасоўваць перамогу, калі ваюе пэўная колькасць людзей, а там 200, 300, 400, 500 сядзяць на нейкіх пасадах.

На працягу паўтара года мы задавалі гэтае пытанне: «Ваяваць калі будзем, спадарства?» Нас на ўсіх не хопіць. У мяне засталося няшмат людзей. Я яшчэ на два баявыя схаджу і нас ужо ў жывых не будзе.

Ці гатовы Полк ваяваць? Полк не гатовы ваяваць. Полк — гэта не вайсковая структура. Гэта валанцёрская, напалову палітычная арганізацыя, якая проста «вось мы ёсць, а вайна дзесьці на трэцім плане», — сцвярджае Урбановіч.

«І не важна, сядзяць хлопцы з генератарам у акопе ці без», — падкрэслівае бытавую крыўду Дзяніс Урбановіч.

«Толькі ў акопе, толькі на фронце, вызваляючы метр за метрам украінскую зямлю, ты зможаш пазнаць, наколькі гэта цяжка і наколькі гэта каштоўна. Не сядзець на кіеўскім плацдарме і расказваць «мы пойдзем вызваляць Беларусь», як Кабанчук, з «Джавеліна» расстрэльваць ГУБАЗ. Ён [Кабанчук] «Джавеліна» ў вочы ні разу не бачыў. Гэта несурʼёзны падыход», — крытыкуе Урбановіч.

«Стварыць беларускую армію такімі метадамі ніколі ў жыцці не атрымаецца», — лічыць Урбановіч.

Ці праўда, што з батальёна «Волат» сышлі 30 чалавек

Урбановіч не пацвярджае чутак пра тое, што з батальёна «Волат» з-за супярэчнасцей 30 чалавек перайшлі ва ўкраінскую часць.

«Каб вы разумелі, украінскія камандзіры — гэта дзейныя афіцэры. А беларусы, вось мы камандзіры, мы таксама вучыліся. Скончылі камандзірскія курсы. Старшыя сяржанты. Але ёсць афіцэрскі склад. Ёсць у нас некалькі людзей, якія перайшлі. Але я б не сказаў, што гэта 30 чалавек. Яны перайшлі ў сувязі з тым, што жыць у такім гармідары і ваяваць яны не хочуць (гэта не да нас пытанне, а да Палка). Яны маюць на гэта права. Забараніць ім ніхто не можа. Яны перайшлі. Але мы служым у адной часці. Мы робім адну справу. Проста ў розных групах. Па сутнасці, юрыдычна, ніхто нікуды не сышоў», — патлумачыў Урбановіч.

Баец адзначае, што калі наступіць момант, надыдзе развязка і «штаб Палка Каліноўскага не будзе перашкаджаць стварэнню беларускага нацыянальнага войска, усе беларусы, якія ваявалі ў складзе Палка, яны ўсе вернуцца ў тыя падраздзяленні, у якіх яны былі, і працягнуць вайсковую службу. І па магчымасці, калі прыйдзе той час вызваляць Беларусь, яны гатовы ўсе пайсці вызваляць краіну.

Але на гэты момант яны не хочуць вяртацца з адной простай прычыны — кіраўніцтва штаба Палка Каліноўскага. Бо ў іх ёсць рэпрэсіўная машына. Незадаволеных могуць адправіць на паліграф ці спрабаваць неяк выгнаць», — журыцца Урбановіч.

Чым незадаволеныя байцы Палка Каліноўскага

Урбановіч адзначае, што ў байцоў ёсць «некалькі пытанняў да самога штаба і да некалькіх людзей — Мікалая «Міколы» Дземідзенкі і Арцёма «Ваніша» Войніча.

«У мяне невялікае пытанне: «А план вызвалення Беларусі ў іх ёсць?» — пытаецца Урбановіч і сам адказвае. — «Няма і ніколі ў жыцці не было».

Урбановіч адзначае, што беларускія байцы не прафесійныя вайскоўцы:

«Мы прыйшлі добраахвотнікамі. Мы вучыліся ваяваць. Я не прафесійны вайсковец. За паўтара года я навучыўся ваяваць. Я прайшоў курсы. Вось ёсць група. Мы ўсе вучымся. Хтосьці вытрымлівае, хтосьці не. У кагосьці псіхіка трохі складзена не так. Хтосьці можа і ў турме сядзеў, бандыт нейкі. Хтосьці шчыры чалавек. А хтосьці крычыць: «Зачэм нам беларуская мова, у нас всё харашо і з рускім языком». Ёсць і такія людзі. Але ёсць адзін нюанс. Калі будуецца фундамент, на якім павінна стварацца беларускае войска, і ў гэтым фундаменце знаходзяцца людзі, якія шукаюць нейкую выгаду, так мы нічога не пабудуем», — кажа Урбановіч.

Кіраўніцтва, якое сябе пазіцыянуе, што «мы ваюем, мы камандзіры», вось да іх якраз вялізнае пытанне, паўтарае Урбановіч.

Што трэба рабіць

Урбановіч кажа, што не раз гаварыў з рознымі людзьмі аб тым, што кіраўніцтва Палка Каліноўскага ператварылася ў праблему.

«У нас быў запланаваны ў верасні з'езд «Маладога фронту». Але з-за таго, што я і некаторыя іншыя хлопцы былі параненыя, плюс спецслужбы не вельмі хочуць, каб зʼезд адбыўся ва Украіне, ён не прайшоў. Мы яго правядзём. Можа быць у кастрычніку. І зробім афіцыйную заяву наконт таго, што адбываецца ў структуры Палка Каліноўскага. Яна ўжо падрыхтавана, але будзе агучана пасля зʼезда».

Урбановіч адзначае, што яму шмат разоў задавалі пытанне, чаму ён не можа застацца ў Кіеве і «наводзіць парадак». Але ён не можа пакінуць тых хлопцаў, з якімі знаходзіцца на фронце: «Братэрская любоў. Мы разам былі параненыя. Я не пакіну фронт ніяк».

34-гадовы ўраджэнец вёскі Міхалкавічы Лагойскага раёна Дзяніс Урбановіч за час вайны перажыў пяць раненняў. Пасля кожнага вяртаўся на фронт. Тое ж збіраецца зрабіць і гэтым разам. 

Ён кажа, што яму не абавязкова знаходзіцца на перадавой. Як камандзіру групы батальёна «Волат», яму трэба размяркоўваць задачы сярод падначаленых і сачыць за іх выкананнем.

«У мяне камандзірскія функцыі, але іншым разам сітуацыя вымагае майго ўдзелу ў баі. У апошні я выйшаў, бо ён быў вельмі гарачым», — тлумачыў «Нашай Ніве» Дзяніс.

Хто можа абʼяднаць беларускіх ваяроў

На гэтае пытанне Дзяніс Урбановіч заявіў, што кожны баец з батальёна «Волат», у складзе якога ён ваюе, можа павесці за сабою. «Любы чалавек з баявым вопытам можа ўзначаліць». У той жа час Дзяніс адзначае, што ён сам «ні за кім не пайшоў бы, у яго жорсткі недавер».

У якасці камандзіра Урбановіч ні ў якім разе не бачыць Валерыя Сахашчыка.

«Што можа зрабіць Сахашчык? У яго няма аўтарытэту. Сахашчык не быў у баях. Так, ён вайсковы чалавек, разумны, скончыў Вайсковую акадэмію. Я не магу яму давяраць. Асабліва пасля той гісторыі з расійскім пашпартам. У мяне нейкі недавер», — кажа Урбановіч.

Не верыць ён і ў Святлану Ціханоўскую.

«Мы адзін раз ёй даверыліся. Вы памятаеце. Мірныя пратэсты. Не чапайце міліцыі, гэта закладнікі рэжыму Лукашэнкі. Не чапайце таго, не хадзіце сюды», — крытыкуе ён.

«Адзіны лідар для беларусаў — гэта беларускі народ, як казаў наш Мікалай Статкевіч. Калі беларускі народ захоча, ён гэта зробіць. Але беларускі народ зараз спіць і не можа раскатурхацца», — наракае Урбановіч і на народ.

«Ні адна Ціханоўская, ні адзін Сахашчык не могуць на дадзены момант прагназаваць хаця б не нейкі адсотак, як гэта можна зрабіць, [як вызваліць Беларусь].

Вось, калі знойдзецца чалавек, які зможа хаця б прапанаваць пачатак дзеянняў па вызваленні Беларусі, тады можна аб нечым задумацца. На дадзены момант такіх людзей не было. І прапаноў такіх не было», — прызнае Урбановіч.

Удакладненне. У пачатковай версіі артыкула замест «Кабанчук» было памылкова названа прозвішча «Кавальчук». Перапрашаем, што няправільна знялі прозвішча з аўдыязапісу.

Чытайце яшчэ:

Дзяніс Урбановіч атрымаў пятае раненне

«Супраць нас ваююць не дэбілы». Дзяніс Урбановіч расказаў пра бой, у якім быў паранены

Фотафакт: Зянон Пазняк сустрэўся з тройчы параненым на фронце Дзянісам Урбановічам

Клас
97
Панылы сорам
24
Ха-ха
15
Ого
17
Сумна
50
Абуральна
32

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?