Святлана Ціханоўская. Фота: Украінскае радыё

Святлана Ціханоўская. Фота: Украінскае радыё

— Вы выступілі на Варшаўскім форуме па бяспецы. Што вы хацелі сказаць, каб вас пачула ўся сусветная супольнасць?

— Беларусь на Варшаўскім форуме бяспекі з'явілася тры гады таму, пасля 2020 года. Нас як краіны тут ніколі не было. Я ўдзячная арганізатарам, што нам далі голас і мы даносім паведамленне, што тут, у Беларусі, працягваецца тэрор, што колькасць палітвязняў расце штодня. Пры гэтым мы павінны падзяляць беларускі рэжым і беларусаў, бо рэжым стаў супрацоўнічаць з Пуціным, стаў суагрэсарам у вайне супраць Украіны. Беларусы дапамагаюць Украіне як могуць, каб УСУ атрымалі перамогу ў гэтай вайне.

Нас пачалі адрозніваць ад рускіх. Бо 25-гадовы стаж Лукашэнкі прыцягваў нас да Расіі, усе лічылі, што мы з'яўляемся сатэлітам Расіі, а не незалежнай краінай. У Беларусі цяпер ёсць альтэрнатыўны голас, які перабівае голас рэжыму Лукашэнкі. Лукашэнка не прызнаецца легітымным у дэмакратычных краінах.

Які ключавы мэсэдж? Беларусь з'яўляецца ключавым момантам для бяспекі ўсяго рэгіёна: без свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай ад Расіі Беларусі не будзе бяспекі ні для Захаду, ні для ўсяго свету. Нас не трэба адсоўваць на позні час: што мы вернемся да беларускага пытання, калі будзе на гэты час і калі ўжо можа быць позна. Цяпер мы бачым спробы Расіі, нейкую паўзучую акупацыю, калі яны ўмешваюцца ва ўсе пытанні беларусаў: палітыка, эканоміка. Лукашэнка выконвае ўсе капрызы Пуціна. Не мае сваёй асабістай палітыкі. Бо разумее, што ён трымаецца ва ўладзе толькі дзякуючы тэрору над беларусамі і падтрымцы Пуціна.

— Лукашэнка залежны ад Пуціна…

— Залежны, але гэта быў ягоны выбар: ці правесці суверэнныя выбары, ці гандляваць суверэнітэтам Беларусі, здрадзіць беларускаму народу і стаць на бок Пуціна. Гэта яго выбар. І нам не трэба ратаваць Лукашэнку і Пуціна. Нам трэба ратаваць Беларусь ад Лукашэнкі. Тут няма простага падыходу. Мы павінны паказаць, што ўвесь дэмакратычны свет на баку беларусаў. І яны падтрымліваюць нас у нашым імкненні выратаваць краіну і адправіцца ў Еўропу. Не ў інтарэсах Лукашэнкі, каб Украіна атрымала перамогу. Ён дапамагае Пуціну, абыходзіць санкцыі, закупляе яму тэхніку.

— Наколькі апазіцыя цяпер аб'яднаная?

— Беларусы аб'яднаныя. Дэмакратычная Беларусь аб'яднаная як ніколі раней. Мы паспрабуем павялічыць ціск на санкцыі і палітычную ізаляцыю рэжыму. Мы павінны знаходзіць шляхі, як данесці праўду да беларусаў унутры краіны. Мы будуем інстытуты, маем Пераходны кабінет, Каардынацыйную раду, каб было больш Беларусі ў Еўропе і больш Еўропы ў Беларусі. Гэта важна, каб беларусы бачылі альтэрнатыву «рускаму свету». Таму што мы жывём больш за 30 гадоў у парадыгме, што Расія наш старэйшы брат і ў нас няма іншых сяброў. Беларусы не такія, як рускія. Нас ніхто не можа прымусіць рухацца тым кірункам, якім мы не хочам ісці. За тры гады Лукашэнка не змог змяніць меркаванне беларусаў. Чаму рэпрэсіі працягваюцца? Бо ён разумее, што калі спыніць рэпрэсіі, то беларусы зноў будуць на вуліцах.

Ён гэтага больш за ўсё баіцца…

— Ён разумее, што няма падтрымкі беларусаў. Беларускі супраціў цяпер у падполлі. Кошт вайны вялікі. За каментары і лайкі людзей садзяць на вялікія тэрміны. За данат на УСУ ў 20 еўра свеціць 6 гадоў турмы. Цяпер легальны дэфолт у Беларусі. Ніякія законы не працуюць. Лукашэнка рэпрэсуе тых, хто ва Украіне, паспрабуе рэпрэсаваць тых, хто з'ехаў. Няма простага рашэння. Наша задача — паказаць рэжыму, што мы не здадзімся. Мы мацнейшыя, бо мы разам. Лукашэнка не мае падтрымкі міжнароднай. Яго надзеяй з'яўляецца толькі Пуцін. Мы яшчэ ўбачым спробы Лукашэнкі балансаваць.

— А такое можа быць?

— Безумоўна. Ён паспрабуе адвязаць свой човен ад вялікага рускага карабля. І вельмі важна, каб у гэты момант дэмакратычныя краіны, а таксама Украіна не павяліся на гэтыя спробы балансаваць.

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1