Фота: «Украінская праўда»

Фота: «Украінская праўда»

Пра атаку ХАМАС на Ізраіль і рускі след

Кірыл Буданаў лічыць, што ў нападзе палесцінскай радыкальнай групоўкі ХАМАС на Ізраіль ёсць рускі след.

«Перш за ўсё нам дакладна вядома, што трафейная зброя з Украіны ўсё ж такі перадавалася расіянамі групоўцы ХАМАС. У асноўным гэта пяхотнае ўзбраенне.

Ёсць некаторая інфармацыя, што нешта заходзіла ў «Хезбалу», але пакуль дакладна нам гэта невядома.

Усе маглі бачыць відэа ў сацсетках — абсалютна, скажам так, натуральную для нашага рэгіёна і зусім ненатуральную для Блізкага Усходу тактыку, калі выкарыстоўваліся FPV-дроны супраць бранятэхнікі.

Гэта ноу-хау ўсё ж такі нашай вайны. Ніхто іншы, як людзі, якія прайшлі наш тэатр ваенных дзеянняў, не маглі такога рабіць. Паколькі там не было нас, значыць, гэта былі рускія.

Яшчэ два цікавыя факты. Першае: трошкі больш, чым за тыдзень да пачатку гэтых дзеянняў, на тэрыторыі Лівана пачала афіцыйна вяшчаць руская станцыя «Спутнік» на арабскай мове. Гэта вяшчанне ў абсалютна прапагандысцкім стылі з відавочнымі расійскімі наратывамі.

24 верасня расійскі касмічны апарат, здольны весці радыёэлектронную разведку і перахоп спадарожнікавых сігналаў, быў перамешчаны на геастацыянарную арбіту Ізраіля.

Нагадаю, што ў перыяд з 22 па 24 верасня быў афіцыйны візіт расійскай ваеннай дэлегацыі ў Іран. Нам вядома, што было некалькі, скажам так, пажаданняў з іранскага боку. Адно з іх тычылася пашырэння магчымасцяў па разведвальнай інфармацыі.

Цяпер зразумела, якую менавіта выведвальную інфармацыю пачалі расіяне падаваць усім зацікаўленым бакам. Падкрэсліваю, што тут не адзін Іран, а ўсе зацікаўленыя бакі».

Ці адаб'ецца канфлікт на Блізкім Усходзе на расійска-ўкраінскай вайне? Усё залежыць ад яго працягласці.

«Калі канфлікт будзе абмежаваны па часе, да некалькіх тыдняў, то, у прынцыпе, няма пра што хвалявацца. Але калі сітуацыя зацягнецца, цалкам зразумела, што будуць пэўныя праблемы з тым, што не толькі ва Украіну трэба будзе пастаўляць узбраенне і боепрыпасы», — разважае Буданаў.

Пра Прыгожына і Кадырава

Буданаў дагэтуль скептычна ставіцца да навіны пра гібель Прыгожына.

«Дагэтуль ніводнага факта, які пацвярджае яго гібель, мы так і не маем. Я не ведаю, загінуў ён ці не загінуў», — кажа ён.

Але пасля гэтага, заўважае Буданаў, адбылася паслабленне ПВК «Вагнер», што добра для Украіны.

Што мяняе смерць Прыгожына ў кантэксце вайны?

«Гэта дае велізарны шанец і надзею на тое, што ПВК «Вагнер» як адзіны арганізм не будзе тут ваяваць. Гэта была вялікая праблема для Украіны. Хто б што там ні казаў, але яны ўмелі ваяваць», — кажа Буданаў.

Выказаўся кіраўнік ГУР і пра здароўе Кадырава. Сакратар РНБА Данілаў заяўляў, што Кадырава маглі атруціць. Буданаў прыводзіць сваё меркаванне:

«Праблемы са здароўем у яго ёсць, гэта праўда. (…) Ён сапраўды хварэў, але ачуняў. (…) У яго з ныркамі праблемы. Была пагроза жыццю, але ён гэта прайшоў».

Калі скончыцца вайна

Кіраўнік ГУР ацэньвае рэсурсы Расіі.

«Паводле ацэнкі эканомікі, без асаблівых праблем Расія можа яе (вайну) сабе дазволіць да 2025 года. Па колькасці тэхнікі — да 2026 года максімум. Магчыма, трохі хутчэй, таму што тэмпы аднаўлення тэхнікі, якія цяпер у іх, не такія высокія.

Гэта значыць, мы выходзім з вамі дзесьці на 2025 год. Па чалавечым рэсурсе, відавочна, што ім хопіць надоўга.

Але хто б там ні казаў, калі ацэньваць сукупна наш чалавечы рэсурс, то там таксама надоўга. У нас краіна не такая маленькая.

Іншая справа, а ці гатовая Расійская Федэрацыя ісці да верхняй мяжы, да апошняга?

Па факце, усе яны ваююць мабілізаванымі, адчуваюць недахоп боепрыпасаў, недахоп узбраенняў».

Пры гэтым Буданаў адзначыў, што за апошні час Расія аднавіла запасы боепрыпасаў — ён кажа, што запас нязначны, але дастатковы, каб стварыць рэальныя праблемы не толькі ўкраінскай энергетыцы, але і нафтагазавай сферы, прамысловым прадпрыемствам, вайсковым аб'ектам.

А Украіна найперш мае патрэбу ў СПА.

Чаму не ўдасца завяршыць вайну сёлета, як прагназаваў Буданаў раней?

«Ёсць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны — усё ў комплексе. Але, прабачце, большасць з тлумачэнняў гэтага складае дзяржаўную таямніцу, і гэта проста не для публічнага абмеркавання. З часам усё стане ясна. (…) Мы выбіліся з графіка — хай кожны зробіць сваю выснову».

Клас
46
Панылы сорам
8
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
15