Аліна Нагорная і Ігар Случак. Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай

Аліна Нагорная і Ігар Случак. Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай

— Мы ўвесь час працягвалі дзейнасць, — распавядае Аліна, — і вынікі час ад часу з’яўляліся. Спрабавалі дадаваць беларускую мову ўсюды, дзе маглі.

Напісалі шмат зваротаў — і беларуская мова з’явілася на дзіцячым харчаванні, некаторых кандытарскіх вырабах. Таксама атрымалася беларусізаваць некалькі шыльдаў, дакументацыю, якая тычыцца адукацыі, — з’явілася шмат дакументаў на беларускай мове.

Некаторыя вытворцы дадалі беларускую мову на ўпакоўку. Фота: інстаграм Аліны Нагорнай

Некаторыя вытворцы дадалі беларускую мову на ўпакоўку. Фота: інстаграм Аліны Нагорнай

Яшчэ Аліна напісала навуковае даследаванне на тэму моўнай дыскрымінацыі. Яна хоча, каб праблема была бачная, каб пра яе гаварылі на розных мовах у розных месцах. Аліна лічыць важным тое, каб не толькі беларусы ведалі пра моўную дыскрымінацыю, але і замежнікі.

Аліна Нагорная і Ігар Случак з сынамі. Фота: інстаграм Аліны Нагорнай

Аліна Нагорная і Ігар Случак з сынамі. Фота: інстаграм Аліны Нагорнай

Пасля 2020 года жыццё сям’і, у якой спачатку было адно маленькае дзіця, а потым два, ператварылася ў сапраўдны квэст. Каб да іх не прыйшлі міліцыянты, яны ўвесь час мянялі месца жыхарства.

Муж з жонкай у мэтах бяспекі не карысталіся сваімі банкаўскімі картамі, сімкамі, аўто. Таксама яны стараліся не з’яўляцца ў публічных месцах і кожны дзень імкнуліся ўдасканаліць уласную сістэму бяспекі. Але ўсё адно заўсёды былі на стрэсе, бо разумелі, што нешта выпадковае можа выдаць іх лакацыю.

Колькі разоў прыйшлося збіраць рэчы і ехаць у невядомасць, нават палічыць складана.

− Вось уявіце, — крыху стомлена кажа Аліна, — ты толькі недзе ўладкаваўся — і раптам трэба зноў з’язджаць. Напрыклад, пачалося жыццё на новым месцы, ты зрабіў фота з нейкім сланечнікам, а нехта ў каментарыях піша: «О, а мы таксама на гэтым месцы фатаграфаваліся, мы жывём недалёка». І ты разумееш што ўсё, трэба зноў збіраць рэчы і шукаць новы дом. Маральна гэта ўсё вельмі вымотвала.

Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай

Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай

Жанчына адзначае: як бы ты ні наладзіў унутры краіны працу на карысць беларускай мовы, як бы ні хаваўся, усё адно рызыка была вялікая. 

— Мы баяліся за дзяцей, — шчыра распавядае Аліна. — Але кожны дзень прымалі рашэнне застацца ў Беларусі, бо разумелі, што ўнутры краіны заўсёды можна зрабіць больш. Унутры ты ведаеш сітуацыю на ўсе 100% і разумееш, як на яе рэагаваць.

Муж і жонка ні разу не адчынілі дзвярэй органам апекі, бо разумелі, што можа і з імі нешта здарыцца, і з дзецьмі.

— Мы адразу жылі ў вёсцы і бачылі, што апека прыходзіць да нас раз на два тыдні: людзі тапталіся пад вокнамі, рабілі нейкія фота і сыходзілі. Мы не адчувалі нейкай пагрозы і заставаліся дома. Але яны пачалі ламацца вечарам — і мы з’ехалі. Потым яны адшукалі нас у іншым месцы і грукаліся ўжо два разы за дзень, распытвалі суседку пра нас. І зноў прыйшлося з'язджаць. Не ведаю, чаго дакладна ад нас хацелі, але наўрад ці нечага добрага.

Пасля трагічнай смерці палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна Аліна апублікавала яго расповед пра ўдзел у акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020 года. Яна добра разумела, як гэта небяспечна для яе, але зрабіць па-іншаму не магла.

— Смерць Алеся Пушкіна — гэта было вельмі балюча, думаю, не толькі для мяне, а для ўсёй Беларусі. Мы добра ведалі Алеся, сябравалі. Калі я прачытала навіну пра яго смерць, мне было настолькі блага, што ў мяне не атрымоўвалася нават плакаць. Асабліва яшчэ ад таго, што я не магла сабе дазволіць прыехаць на пахаванне. Было ж зразумела, што там будуць бусікі і розныя не вельмі добрыя людзі. Я была ў нейкай прастрацыі, нічога не адчувала.

Але раніцай у дзень пахавання вырашыла ехаць… Так, я трапіла на могілкі і развіталася з Алесем.

Яшчэ адным сур’ёзным эмацыянальным выпрабаваннем стала рэакцыя знаёмых сям’і, якія з’ехалі за мяжу, на рашэнне Аліны і Ігара заставацца ў Беларусі. Жанчына кажа, што апраўдвацца ім прыходзілася амаль што кожны дзень.

Сыны Аліны Нагорнай. Фота: яе старонка ў інстаграме

Сыны Аліны Нагорнай. Фота: яе старонка ў інстаграме

— Канешне, былі людзі, якія нас падтрымлівалі — напрыклад, праз Patreon.

Але ўсё ж большасць, у тым ліку, нашы знаёмыя, глядзелі на нас як на вар’ятаў. Яны ніколі так не глядзелі б на чалавека, які б паехаў ваяваць за Украіну. Але ж і ў Беларусі сёння ідзе нябачная вайна — і мы змагаліся за сваю краіну.

Увесь час узнікалі непаразуменні. Так, гэта эмацыянальна кранала. Хоць мы стараліся не звяртаць увагі, бо сіл не было. Таму што калі ты ўнутры Беларусі і ў цябе двое дзяцей, праца дзеля пашырэння беларускай мовы патрабуе часу і высілкаў.

Перашкод на шляху сям’і было шмат. Нават другая цяжарнасць не абышлася без непрыемных сюрпрызаў з боку дзяржавы.

Аліна выбрала радзільню, дзе была магчымасць афіцыйна выбраць лекарку, якая будзе прысутнічаць на родах, але тая ў апошні момант адмовіла. Хвалявалася, што Аліну можа пазнаць нехта з супрацоўнікаў радзільні — бо ў яе і знешнасць яркая, і размаўляе на беларускай мове.

Лекарка сказала, што баіцца, што яе могуць пакараць за дапамогу ў родах «незвычайнай грамадзянцы» — а ёй трэба пра сваіх дзяцей думаць, яны ў Польшчы, але раптам што…

— Гэта ўвогуле дурная сітуацыя, бо лекарцы нічога не пагражала. У той радзільні была магчымасць афіцыйна выбраць лекара — гэта было б прапісана ў дамове. Але чалавек усё адно спужаўся. Я магла б паспрабаваць яе пераканаць, патлумачыць сваю пазіцыю, распавесці, што яна ніяк не парушыць заканадаўства. Але ж навошта мне на родах чалавек, які напужаны больш за мяне? Таму нам прыйшлося хутка шукаць іншыя магчымасці і ўсё разруліваць.

Аліна і Ігар з малодшым сынам. Фота: інстаграм Аліны Нагорнай

Аліна і Ігар з малодшым сынам. Фота: інстаграм Аліны Нагорнай

Ці цяжка цяпер гадаваць у краіне беларускамоўных дзяцей? У сваім інстаграме Аліна апісала момант, калі яе старэйшы сын Стэфан сказаў мужчыне «Дзякуй», а той замест гэтага пачуў «Ідзі на х*й» і вельмі пакрыўдзіўся.

— Мы не маглі аддаць Стэфана ў садок, бо, па-першае, адразу б выдалі сваю лакацыю, па-другое, — з-за бясконцых пераездаў. Ён бы толькі прывык да дзетак і выхавацелек — а нам зноў трэба з'язджаць. Яму таксама было б цяжэй жыць. Мы вельмі пакутавалі ад гэтага. Ён жа вельмі камунікатыўны хлопчык, яму хочацца тусавацца з іншымі дзецьмі…

Аліна адзначае: кола іх сяброў беларускамоўнае, а вось толькі сям’я выходзіла куды-небудзь на вуліцу, пачынаўся перформанс. На пляцоўцы на бацькоў рэагавалі па-рознаму: нехта рэспектаваў, нехта цікавіўся: «А як сын будзе далей жыць з гэтай беларускай мовай?»

— Карацей, калі ты з кімсьці камунікуеш на рускай мове — ты звычайны чалавек. Калі ты гаворыш па-беларуску, то адразу становішся больш прыкметным, а нам было нельга звяртаць на сябе ўвагу. Але даводзілася, бо мы ж камунікуем па-беларуску. Канешне, апошнім часам увага стала больш пазітыўная. Негатыву мы асабліва не сустракалі.

Але тое, што людзі ўвогуле рэагуюць на беларускую мову як на нешта незвычайнае, засмучае Аліну. Яна кажа, што дыскрымінацыя знікне ў той момант, калі чалавек, які размаўляе на беларускай, проста нічога не адчуе — ні захаплення, ні падзякі, ні перашкод.

Жанчына кажа: яна зразумела, што трэба з'язджаць з Беларусі, калі малодшаму сыну трэба было рабіць прышчэпку.

— Ёсць такая дзіцячая прышчэпка, якая робіцца ў адзін год — і толькі ў дзяржаўных лякарнях. І столькі ўсяго трэба было зрабіць для бяспекі, каб дзіцё атрымала гэтую прышчэпку… Бо кожны кантакт з дзяржавай быў для нас небяспечным.

Вельмі напружвалі ўсе гэтыя бюракратычныя моманты, калі ты не можаш назваць свой нумар тэлефона, а на цябе глядзяць як на вар’ятку. Нават калі я нараджала другога сына, то думала не пра сябе і маленькага, а пра тое, каб не трапіць з радзільні ў турму. І вось у нейкі момант зразумела, што ў мяне няма сіл на тое, каб арганізаваць усё з гэтай прышчэпкай.

Менавіта гэта — скончыліся сілы — Аліна называе прычынай вымушанай міграцыі. У яе пачаліся праблемы са здароўем неўралагічнага характару, якія прайшлі праз некалькі дзён у Літве.

— Ігару зараз патрэбна рабіць аперацыю, і гэта таксама было б вельмі цяжка арганізаваць на радзіме. Так, можна было б далей хавацца ў Беларусі — мы не раз вырашалі аналагічныя пытанні. За гэтыя гады мы навучыліся хавацца. Але ад гэтай бясконцай «гульні» ўся энергія сыходзіць да нуля.

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, Аліна не згубіла надзеі: у Вільні яна ўжо пачала размаўляць пра стварэнне беларускамоўнага садочка. А яе кніга «Мова 404» пра моўную дыскрымінацыю рыхтуецца да перавыдання.

Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай

Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай

— Цяпер дадаліся ў кніжку новыя гісторыі. З ёй працуе рэдактарка і дызайнеры, яна вельмі класная атрымліваецца. Мне падабаецца тое, што будзе. Засталося вырашыць некалькі тэхнічных момантаў. Хутчэй за ўсё, адразу з’явіцца анлайн-варыянт, бо я хачу, каб ён быў дасяжны кожнаму чалавеку. Не хачу рабіць платна, бо мэта кніжкі ў тым, каб людзі даведаліся аб праблеме. Можа быць, потым мы выдадзім нешта папяровае.

Калі вы жадаецца падтрымаць фінансава сям’ю, то можаце зрабіць гэта праз збор на «Байсол» ці Patreon.

Чытайце таксама:

BYSOL эвакуяваў сям’ю Ігара Случака і Аліны Нагорнай

Зладзеі расцягваюць усё, што бачаць, з дома Случака і Нагорнай

Сто беларусаў агучылі кнігу пра дыскрымінацыю роднай мовы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?