Аляксандр Лукашэнка (злева) падчас інспекцыі абароннага аб'екта ў Брэсцкай вобласці. Кастрычнік 2023 года. Скрыншот з відэа

Аляксандр Лукашэнка (злева) падчас інспекцыі абароннага аб'екта ў Брэсцкай вобласці. Кастрычнік 2023 года. Скрыншот з відэа

У чым заключаецца стратэгія ЕС

На погляд Паўла Слюнькіна, Захад заўсёды імкнуўся рэагаваць на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. Пры гэтым дэмакратычныя патрабаванні да Мінска заўсёды былі больш строгімі, чым, напрыклад, да Баку.

Гэтыя адносіны мелі ў мінулым перыяды як пацяплення, так і пахаладання. Цяпер жа яны, па сутнасці, знаходзяцца ў самым нізкім пункце за ўсю гісторыю рэжыму Лукашэнкі.

Аналізуючы выніковасць стратэгіі Захаду, аналітык адзначае, што «ў нейкія моманты так — яна прыносіла лакальны поспех». У той жа час асноўныя мэты — дасягненне дэмакратычных змен унутры краіны, сурʼёзныя паляпшэнні ў сферы правоў чалавека — не былі дасягнутыя.

Рэжым Лукашэнкі заўсёды вяртаўся ў адзін і той жа пункт — «у натуральны для сябе стан рэпрэсій і прыгнечанне іншадумства».

Слюнькін дапускае магчымасць таго, што стратэгія ЕС заключалася менавіта ў тым, каб, «не ўкладваючы зашмат палітычнага капіталу, цярпліва чакаць, пакуль «клімат» у Беларусі стане больш спрыяльным для такіх палітычных інвестыцый». І цяпер ЕС заняў менавіта такую пазіцыю.

«Фокуса на Беларусі ў ЕС няма, праблемы кіраўніцтва краіны стварае, але добрых ідэй, як іх вырашаць, няма», — канстатуе аналітык.

Ці ёсць у еўрапейцаў механізмы ўздзеяння на Мінск, акрамя санкцый

Слюнькін лічыць, што ў ЕС няма паслядоўнасці ў рэакцыі на падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. «Калі ў вас ёсць мэта і вы вызначылі для сябе інструменты, якімі будзеце яе дамагацца, — важна, каб ваша рэакцыя не мянялася, калі не мяняюцца абставіны, што яе выклікалі», — кажа ён.

Аналітык адзначае, што ў некаторых еўрапейскіх сталіцах абмяркоўваюцца варыянты, як наладзіць дыялог з Беларуссю. Але Слюнькін лічыць, што ЕС ні ў якім разе не павінен ісці на саступкі рэжыму Лукашэнкі ў выпадку, калі ён зробіць мінімальныя саступкі. Бо гэта можа прывесці да ўзмацнення рэпрэсій унутры краіны.

«І калі вы згаджаецеся прыняць як новую норму тое, што адбываецца ў Беларусі цяпер, адмаўляецеся ад інструментаў ціску, а замест гэтага інтэнсіфікуеце дыялог — то, калі Лукашэнка, напрыклад, пачне расстрэльваць палітвязняў у турмах, як гэта робіць Іран, ці ўвядзе войскі ва Украіну, вы гатовыя будзеце працягваць прытрымлівацца сваёй новай тактыкі ці зноў загаворыце пра санкцыі, якія, згодна з вашымі меркаваннямі, мінулым разам не прынеслі вынікаў?» — разважае Слюнькін.

У той жа час у ЕС няма ніякіх новых механізмаў уздзеяння на Лукашэнку. «Амаль усе рэалістычныя карты, якімі мог згуляць ЕС і іншыя заходнія краіны ў дачыненні да Беларусі, ужо на стале — і яны пакуль не прынеслі пазітыўнага выніку», — выказвае сваё бачанне Слюнькін і адзначае, што ўзровень рэпрэсій унутры краіны ці атак на рэгіянальную бяспеку «далёка не максімальны» і «можа быць яшчэ горшы».

Лукашэнка хоча метадычна змяніць свядомасць беларусаў

Па думку Слюнькіна, беларускія ўлады не ідуць на саступкі і не імкнуцца стварыць стымулы для перагляду падыходу заходніх краін. Магчыма, гэта звязана з іх надзеяй на тое, што «і без саступак іх прымуць такімі, якія яны ёсць».

Аналітык фармулюе канчатковую мэту, якая, на яго думку, цяпер ёсць у Мінска: «прыміце нас такімі, тады мы зможам быць карыснымі адно аднаму, але не стаўце пад сумнеў наша права рабіць з людзьмі і краінай усё, што мы пажадаем».

У выніку ні адзін з бакоў ні хоча ісці на саступкі. Да таго ж, як адзначае аналітык, кожны з бакоў цяпер займаецца вырашэннем сваіх пытанняў. Лукашэнка, які заняты палітычным выжываннем, «метадычна змяняе грамадскую свядомасць беларусаў, ліквідуе падмурак, на аснове якога стаў магчымы палітычны ўздым 2020 года».

А для ЕС зараз галоўнае — пытанні ўласнай бяспекі, межаў і дапамогі Украіне. Пры такім парадку беларускае пытанне адышло на далёкі план.

Ці могуць у Беларусі адбыцца свабодныя выбары

Падчас інтэрвʼю ў Слюнькіна спыталі, ці магчымыя новыя падыходы да вырашэння беларускага крызісу. Напрыклад, ЗША і Венесуэла дамовіліся аб змякчэнні санкцый у абмен на правядзенне выбараў у другой палове 2024 года.

Аналітык адзначыў, што вельмі сумняваецца ў тым, што дамоўленасці будуць выкананы чавістамі. Да таго ж ён звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што актывізацыя спробаў вырашэння венесуэльскага крызісу непасрэдна звязаная з вайной ва Украіне:

«Венесуэла валодае запасамі нафты, якія маглі б стабілізаваць сусветны рынак пасля вымушанай пераарыентацыі імпарту нафты і нафтапрадуктаў з Расіі на іншыя рэгіёны, што ўзнікла з прычыны дэфіцыту паліва і інфляцыі».

Таму ЗША зацікаўленыя ў развязванні крызісу, але не могуць зняць санкцыі на венесуэльскую нафту без якіх-небудзь перадумоў.

«У тэорыі, калі ў Мадура атрымаецца паспяхова «прадаць» амерыканцам выбары-фікцыю, можна ўявіць, што ў 2025-м Лукашэнка можа паспрабаваць пракруціць тое ж самае», — заўважае Слюнькін. Але пытанне ў тым, што ён можа прапанаваць Захаду. Нафты ў Беларусі, у адрозненне ад Венесуэлы, няма.

«Ад Расіі ён нікуды не падзенецца і рэпрэсіі спыняць не будзе — без іх ён не адчувае сябе ў бяспецы». Адзінае, што можа здарыцца, — гэта вызваленне палітзняволеных. Але цяпер, лічыць Слюнькін, цяжка сказаць, ці будзе гэтага кроку дастаткова.

Аналітык адзначае, што высновы з венесуэльскага кейса могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі. Магчыма, мы ўбачым, што санкцыйныя скептыкі памыліліся, і паслядоўны, моцны і даведзены да канца ціск вымушае рэжымы ісці на саступкі. Ці, наадварот, пакажа, што ніякія санкцыі, нават з боку самай магутнай краіны свету, не могуць змяніць не самы моцны і не самы стабільны рэжым тыпу рэжыму Мадура.

У кантэксце Беларусі, як лічыць Слюнькін, гэта можа паўплываць на разуменне «тэарэтычнай часткі пытання, якія меры і механізмы дзейсныя, а якія не».

Ці магчымы ў Беларусі рэальныя перамены

Павел Слюнькін адзначае, што прытрымліваецца свайго меркавання адносна таго, што змены ў траекторыі адносін Беларусі і заходніх краін магчымыя толькі ў тым выпадку, калі адзін з бакоў будзе гатовы пайсці на сурʼёзныя саступкі.

Гэта могуць быць крокі з боку Мінска, але больш сурʼёзныя за выпусканне дзесяці чалавек з турмаў. Ці Еўрасаюз паспрабуе пайсці на дыялог з Лукашэнкам, стымулюючы яго на нейкія мінімальныя крокі (умоўна, каб людзям у турмах хаця б лісты даходзілі ці матрацы выдавалі).

«І пакуль не адбудзецца нешта, што сурʼёзна зменіць пазіцыі абодвух бакоў ці хаця б аднаго з іх, мы будзем знаходзіцца прыкладна ў такой жа сітуацыі, як цяпер», — падсумоўвае суразмоўца.

Чытайце яшчэ:

«Мне 34 гады, я беларус, упершыню ў жыцці ўбачу мірную перадачу ўлады». Гэты допіс былога беларускага дыпламата ўзварушыў твітар

Пра Мікалая Лукашэнку, інсайды з самітаў, дыпламатаў у лазні і працу спецслужбаў — Павел Слюнькін у «Ток»

Слюнькін: Лукашэнка стаў гаўляйтарам, а любая крытыка стала разглядацца як злачынства

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?