Аляксей Арастовіч Алексей Арестович Alexey Arestovich

Аляксей Арастовіч спадзяецца на мірны шлях перамен у Беларусі. Скрыншот Racyja_Belarus / YouTube

На пачатку інтэрвʼю Аляксей Арастовіч адзначыў, што ён мае беларускія карані. У вёсцы Сорагі Слуцкага раёна нарадзіўся яго бацька. Там ён «правёў шмат часу, калі быў малым». Апошні раз Арастовіч быў у гэтых мясцінах, калі яму было гадоў 11-12.

Што можа выратаваць Лукашэнку

Па словах Арастовіча, лёс Беларусі залежыць ад лёсу Лукашэнкі. А лёс Лукашэнкі непасрэдна залежыць ад лёсу Пуціна. «Калі ў нейкі дзень не стане Пуціна, то ў Беларусі зʼявіцца гістарычны шанц пайсці шляхам свабоды замест шляху кантролю, звязанага са страхам, з тэрорам, з усім, што адбываецца».

Арастовіч адзначае, што Лукашэнка вельмі ўдала манеўруе. Аб гэтым сведчыць той факт, што больш за год няма ўдараў з беларускай тэрыторыі.

«Ён гандлюецца з Захадам, балансуе з Пуціным. Камплімент Пуціну ў адным інтэрвʼю, у іншым — камплімент украінцам. І гэтак далей. Ён пастаянна балансуе. Ён спецыяліст па ўтрыманні ўлады праз сістэму балансавання. І гэта можа бясконца працягвацца. Пакуль яму будзе хапаць фізічнага здароўя. І пакуль здароўя будзе хапаць Пуціну».

Аляксандр Лукашэнка Alexander Lukashenko Александр Лукашенко

На погляд Арастовіча, лёс Лукашэнкі залежыць ад лёсу Пуціна. Фота: Getty Images

Арастовіч лічыць, што калі Пуцін знікне, то ніхто не захоча апекавацца Лукашэнкам. І ў такім выпадку зʼяўляецца шанц змены ўлады ў Беларусі і змены шляху яе развіцця. Гэта можа адбыцца двума шляхамі.

Першы — калі Лукашэнку хопіць розуму абвясціць палітычную амністыю і правесці адкрытую выбарчую кампанію. У такім выпадку, нават калі Лукашэнка пераможа (але Арастовіч у гэтым не ўпэўнены), то парламент будзе апазіцыйным. І ў гэтым выпадку «пачнецца нармальны палітычны працэс».

Другі шлях — гэта шлях рэвалюцыі, заканчэнне справы, якая была пачатая ў 2020-м. «Будзе яна мірнай ці ўзброеным паўстаннем, будзе залежаць ад сітуацыі».

Па словах Арастовіча, на Лукашэнку ляжыць вялікая гістарычная адказнасць. «Сума тых злачынстваў, які ён ужо здзейсніў адносна беларускага народа, рэпрэсуючы людзей яшчэ з пачатку 90-х, дастатковая для таго, каб запісаць яго ў міжнародныя злачынцы. <…> Але ў яго застаецца шанц. Ён яго напалову выкарыстоўвае, калі не дае Беларусь уцягнуць у вайну.

І ў яго ёсць шанц на гістарычную амністыю, калі ён пасля падзення Пуціна і змены ўмоў пойдзе шляхам добраахвотнай перадачы ўлады праз належным чынам арганізаваныя і належным чынам праведзеныя агульнанацыянальныя выбары — мясцовыя, парламенцкія і прэзідэнцкія.

Калі ён гэта зробіць, то я нават думаю, што беларускі народ здатны яму прабачыць альбо зменшыць ступень вінаватасці. Ён яшчэ можа застацца гістарычнай фігурай, якая знайшла ў сабе сілы забяспечыць мірную перадачу ўлады. Калі не, то ён застанецца ў гісторыі як тыран, які здзекаваўся са свайго народа і скончыў прыблізна так, як Чаўшэску».

Чаму будучыня Беларусі важна для Еўропы

У любым выпадку Арастовіч не сумняваецца, што Беларусь пойдзе шляхам свабоды, бо яна «гістарычна вельмі моцна звязана з іншымі краінамі Усходняй Еўропы, якія заўсёды супрацьстаялі імкненню да дыктатуры, аўтарытарных рэжымаў». «Патэнцыял, які Беларусь выявіла ў 2020-м годзе, быў вельмі жорстка задушаны, але застаўся досвед. Ён паказвае, што пасля першага засвоенага ўрока ніхто ўжо другі шанц не аддасць».

Па словах Арастовіча, Украіна, краіны Балтыі і Польшча будуць зацікаўлены ў перамозе свабоды ў Беларусі. «Бо Люблінскі трохкутнік без Беларусі не працуе. Праект інтэграцыі Усходняй Еўропы «Інтэрмарыум» [«Міжмор'е»] без Беларусі не працуе. Беларусь — гэта краевугольны камень усёй гэтай канструкцыі Усходняй Еўропы як самастойнага гульца міжнароднай палітыкі».

Арастовіч адзначае, што падчас яго знаходжання на форуме «Інтэрмарыум» у Румыніі казалі, што без Беларусі гэты праект не атрымліваецца.

Які варыянт перадачы ўлады найбольш верагодны

Арастовіч больш схіляецца да мірнага варыянту развіцця падзей у Беларусі:

«Міжнародны ціск на ўсіх тых генералаў-сталіністаў у Беларусі, якія скончылі адпаведныя вучэбныя ўстановы ў Маскве і даўно там перавербаваныя, будзе настолькі моцны, што, магчыма, можна будзе абысціся без «Хаймарсаў». Яны добраахвотна пойдуць на транзіт. Бо без Пуціна яны вельмі ўразлівыя. Ім няма куды фізічна дзявацца».

Арастовіч думае, што міжнародная супольнасць прапануе «кандовым генералам, якія трымаюць сістэму» наступнае: «або вы запускаеце працэс, і ў вас зʼяўляецца шанц на мірную старасць і пенсію, альбо з вамі будуць размаўляць зусім інакш. А пасля таго, як Пуціна не стане ці зменіцца ўлада ў Расіі, ім не будзе на каго спадзявацца».

Пазіцыя Захаду па Беларусі

Арастовіч лічыць, што Захад негалосна працуе з Лукашэнкам:

«Калі б з ім не працавалі, калі б яго не слухалі, калі б яму не абяцалі нейкіх прэферэнцый за тое, што ён не саступае, то Беларусь была б уцягнутая ў вайну супраць Украіны альбо былі б больш маштабныя правакацыі супраць Польшчы і Літвы. Галоўная задача застаецца той жа — не даць уцягнуць беларускую армію, народ у вайну».

Такая сітуацыя вельмі складаная, бо на фоне крызісу Беларусь эканамічна залежная ад Расіі, і Лукашэнка павінен у нечым саступаць.

Арастовіч заўважае, што як ні цяжка чуць гэта беларусам, асабліва тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій (па словах аналітыка, яго стрыечны дзядзька Аляксандр Арастовіч таксама пацярпеў ад палітычных рэпрэсій Лукашэнкі), нельга спыняць негалоснае супрацоўніцтва Захаду з Лукашэнкам. Бо ў адваротным выпадку можа быць горшы сцэнарый:

«Вайна — гэта, на жаль, заўсёды выбар паміж дрэнным і вельмі дрэнным. І рабіць дрэннае, каб не было вельмі дрэнна. Таму задача цяпер — утрымаць Беларусь і стварыць умовы мірнай перадачы ўлады Беларусі і разварот краіны на шлях свабоды, які беларускі народ пачаў, але не змог дарабіць».

Чым тлумачыцца пазіцыя ўкраінскіх палітыкаў адносна Беларусі

На погляд Арастовіча, разглядаць Беларусь як краіну-агрэсара было правільна ў першыя «сто, максімум дзвесце дзён вайны, калі была вялікая эмацыйная напампоўка, казацкі драйв, вымаганне ад свету дапамогі, стаўка на ўкраінскую заўзятасць».

Але потым, як лічыць аналітык, неабходна было праводзіць іншую палітыку. «А мы засталіся ў той жа самай парадыгме раздавання клеймаў.

Вы — агрэсары, вы — нягоднікі, а вы — забойцы, а вы — гультаі, не хочаце нам дапамагчы і гэтак далей. Такая палітыка вельмі дрэнна працуе.

Яна дрэнна працуе з беларусамі. Бо кляйміць дзяржаву агрэсарам… А як жа беларускі супраціў, партызаны, якія падрывалі рэйкі, як тыя ўсе людзі, якія цяпер сядзяць у турмах, а беларуская апазіцыя?»

Аналітык дапускае, што калі палітыкі гавораць пра дзяржаву-агрэсара, то маюць на ўвазе, што «Лукашэнка здзяйсняе эфектыўны кантроль над беларускаю сілавою, дзяржаўнаю машынаю». «Трэба заўжды падкрэсліваць ролю беларускага народа і беларускага супраціву. Калі гэта не робіцца, то гэта з іх боку вялікая памылка».

Калі могуць пачацца працэсы змен у Беларусі

Арастовіч мяркуе, што на шляху да свабоды ў Беларусі «зашмат чорных лебедзяў»:

«Мы нават не маем уяўлення, як развяжацца крызіс на Блізкім Усходзе <…> Адно можна сказаць — для таго, каб змянілася ўлада ў Беларусі, павінна змяніцца ўлада ў Маскве. А ў тым, што гэта рана ці позна адбудзецца, я на сто адсоткаў упэўнены. Калі — сказаць немагчыма. Наша задача цяпер не даць уцягнуць Беларусь у вайну і зберагаць патэнцыял людзей, які змогуць выступіць генератарамі змен».

І гэта заданні, якія трэба выконваць незалежна ад таго, калі наступіць час змяняць долю Беларусі. Аналітык адзначае, што «мы змяняем яе зараз, працуючы кожны дзень. Мы паступова, па міліметры выцягваем Беларусь на шлях свабоды».

Ён згадвае словы Гегеля аб тым, што ў пэўны момант колькасныя паказчыкі пераходзяць у якасныя: «Змены накопліваюцца паступова, а рэалізуюцца скачкападобна. Спачатку непрыкметная праца, калі, як здаецца, нічога не адбываецца. Потым накопліваецца крытычны патэнцыял, хлоп, і новая фаза развіцця».

Чытайце яшчэ:

Зяленскі ці Арастовіч? Каму найбольш давяраюць украінцы? З’явіўся новы рэйтынг

Аляксей Арастовіч прыйшоў на стрым з залепленым вокам ФОТАФАКТ

Арастовіч расказаў, як на пачатку вайны заходнія палітыкі чакалі ад Украіны кампрамісу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?