Надзея Пятроўская Надежда Петровская Nadezhda Petrovskaya

Надзея Пятроўская на сваім новым месцы працы. Скрыншот radio-svaboda / YouTube

Кандыдата медыцынскіх навук Надзею Пятроўскую ў Мінску за ўдзел у акцыях пратэсту затрымлівалі двойчы. Першы раз падчас пратэстаў медыкаў 7 лістапада 2020-га. Тады ёй быў прысуджаны штраф. Наступным разам затрымалі 27 студзеня 2021 года на праспекце Пераможцаў, калі дакторка выходзіла з працы ў прыватным медычным цэнтры. На гэты раз Надзея правяла трое сутак на Акрэсціна.

З працы ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Надзея Пятроўская звольнілася пасля таго, як там змянілі кіраўніцтва. Да звальнення яе стаж складаў 21 год. Цяпер яна працуе ў горадзе Чэшскі Крумлаў на поўдні краіны.

Шлях у Чэхію

У Чэхію Надзея прыехала па гуманітарнай праграме Medevac. Як распавядае Пятроўская, гэтая праграма выкарыстоўваецца для дапамогі людзям у «гарачых кропках» планеты:

«У нейкі год гэта была дапамога людзям, якія пацярпелі ад землятрусаў ці ў ваенных канфліктах у Сірыі. У 2020 годзе праграма была накіраваная на дапамогу тым, хто пацярпеў у пратэстах. Другая частка праграмы была накіраваная на дапамогу медыкам».

На эміграцыю Пятроўская рашылася не адразу:

«Калі мы пераязджаем, то трапляем як бы ў асяроддзе з іншай гравітацыяй. Бо гэта ж не турызм. Таму вельмі каштоўная дапамога. Я падумала аб пераездзе. Пасля ў мяне было другое затрыманне, пасля якога я апынулася на Акрэсціна. Пасля яго ў мяне ўжо не было сумневаў, што я пагаджуся», — распавядае Пятроўская.

«Была надзея, што ўсё скончыцца добра, і я праз некаторы час вярнуся і зноў пачну сваё працоўнае жыццё ў роднай краіне. З цягам часу стала зразумела, што гэта не атрымаецца», — адзначае Надзея і распавядае, што ў Чэхіі праграма Medevac дапамагла каля 60 пацярпелым пад часпратэстаў. Людзі атрымалі статус бежанцаў. Акрамя гэтага праграмай скарысталася каля 20 чалавек, якія звязаныя з сферай аховы здароўя (медсёстры, фельчары, дактары).

Надзея згадвае, што ёй патрэбен быў дакумент, якія пацвярджае яе працу ў галаўной анкалагічнай установе. Даведку на былым месцы працы выдалі без дадатковых звестак.

«Па сутнасці, гэта такая невялікая помста рэжыму за маю пратэсную дзейнасць. У выніку я вымушана была вучыцца наноў. Мая практыка дома не была залічана, бо я не маю дакументальнага пацверджання. Тое, што я працавала, — так, але пералік маіх адказнасцей яны не пазначылі», —

распавядае Пятроўская.

Адаптацыя і крыўдныя моманты

Надзея шчыра прызнаецца, што ёй вельмі складана пасля 40 гадоў пачынаць жыццё з нуля:

«У апошні год маёй работы я займала добрую пасаду — была загадчыкам аддзялення старэйшага ўзросту ў рэспубліканскім цэнтры дзіцячай анкалогіі. Мне мая работа вельмі падабалася, і я адчувала, што я рэалізуюся так, як я хацела. Было адчуванне, што я сабе даказала ўсё, што хацела даказаць.

Вымушаны пераезд, гэта заўсёды страта сацыяльнага статусу. І я не мела ілюзіяў, што калі-небудзь тут вярнуся на такую пазіцыю. І не маю цяпер. Гэта складана. У нейкай меры я, магчыма, пераацаніла свой цвярозы розум. Пачынаць з самага нізкага ўзроўню, а я, па сутнасці, цяпер як выпускнік медычнага ўніверсітэта. Працую без атэстацыі. Каб яе атрымаць, я павінна працаваць яшчэ як мінімум пяць гадоў. Але пазітыўных момантаў у гэтай сітуацыі больш, чым негатыўных.

Надзея распавядае, што не ўсе, хто прыехаў па праграме ў Чэхію, здолелі інтэгравацца ў сістэму аховы здароўя краіны.

«Дастаткова складаны моўны бар'ер. <…> Трэба было вучыць мову. І падыходзіць да гэтага так жа прафесійна, як да сваёй працы. Бо трэба камунікаваць з пацыентамі. Асабліва з пажылымі, якіх большасць у анкалогіі», — распавядае Пятроўская.

Цяпер, па словах Надзеі, яна не адчувае сурʼёзнага моўнага барʼеру, можа камунікаваць на чэшскай мове як на бытавым, так і на прафесійным узроўні. Але гэта не было лёгка. На працягу паўтара года яна рыхтавалася да экзамену.

«Першая частка экзамену была пісьмовая. Атрымалася прайсці гэтыя тэсты. А вось другая частка экзамену — вусная. Чатыры раздзелы — хірургія, тэрапія, акушэрства і гінекалогія, педыятрыя. Трэба было чатыры вялізныя раздзелы медыцыны прыгадаць, як гэта было дома, калісьці ў інстытуце і, акрамя гэтага, тое, што цяпер новага.

Па сутнасці я вучыла ўсю інстытуцкую праграму наноў на чэшскай мове. І вельмі задаволена, што гэта зрабіла, бо для мяне было шмат новага, бо гэтыя галіны не заўсёды звязаныя з анкалогіяй. <…> Мой узровень у агульнай тэрапіі вельмі падняўся і я ўдзячна лёсу, што ён мяне прымусіў (адабраўшы вялізную колькасць нерваў) да гэтага».

Надзея распавядае, што яе інтэграцыя ў чэшскае жыццё і новы калектыў не была лёгкай:

«Канкурэнтнасць у асяроддзі дастаткова высокая. І працуем не толькі з пацыентамі, а з медсёстрамі і калегамі-дактарамі рознага ўзроўню. У Чэхіі доктар, які толькі скончыў інстытут, прыраўноўваецца па адносінах з боку калег, можна сказаць, да медсястры. Гэта ёсць і ў нас.

Але тут гэта вельмі востра выражана. А паколькі я па чэшскіх мерках якраз такі доктар, то з боку сярэдняга медперсаналу часам бывалі дастаткова непрыемныя моманты. Што датычыць калег, якія разумелі, пры якіх умовах я пераязджала, то да мяне адносіліся з павагай».

Цяжкасцю для Надзеі стала і камунікацыя паміж супрацоўнікамі на «ты» незалежна ад пасады.

«Цяпер стаўленне дастаткова асцярожныя. За мною яшчэ пераправераць некалькі разоў. Але гэта ўжо не так крыўдна, як гэта было на самым пачатку, калі мне здавалася, што я працавала ў самай крутой анкалагічнай установе Беларусі, а тут за мною правяраюць элементарныя пытанні (як я прызначаю аналізы ці таблеткі)», —

шчыра дзеліцца Надзея Пятроўскай.

Праца доктара ў Чэхіі і заробак 

Па словах Надзеі, у Чэхіі вельмі добрыя ўмовы для працы доктарам:

«Чэшская сістэма аховы здароўя мае вельмі высокую ацэнку па стандартах Еўрасаюза. Яна вельмі блізкая па сваім ўзроўні да аўстрыйскага ці нямецкага. Можа, зусім трохі саступае».

Такі ўзровень, лічыць Пятроўская, вынік дастаткова сурʼёзнага падыходу да адукацыі.

«У нас трохі іншая сістэма. Няма неабходнасці спецыялізавацца ў нейкай сферы, каб стаць анколагам. Я прыйшла пасля інстытута адразу ў анкалагічную ўстанову і займалася толькі анкалогіяй. Практычна не займалася тэрапіяй. Мела толькі пэўны вопыт працы педыятрам. Тут для таго, каб стаць анколагам, трэба пяць гадоў працаваць дастаткова ў строгіх умовах.

Трэба шмат працаваць менавіта ў тэрапіі, каб ведаць увесь спектр паталогій, які ты, зразумела, сустрэнеш, калі будзеш працаваць анколагам. Але паталогія не будзе анкалагічнай. Гэта будуць інфаркты, гіпертанічныя крызы, тромбаэмбалія, вялікі спектр паталогій, якім нас, як вузкіх спецыялістаў, не вучаць. Мы пра іх ведаем больш на інтуітыўным узроўні.

Тут падыход цалкам іншы. Ён абсалютна прафесійны. І пакуль чалавек не будзе добра валодаць прадметам, ён не здасць экзамен. Яго можна здаваць некалькі разоў. Звычайна атрымліваецца здаць з другой, трэцяй спробы».

Надзея Пятроўская працуе па спецыяльнасці, але не мае атэстацыі: «Я працую доктарам, выконваю функцыі анколага. Пры ўсім гэтым умовы працы тут нашмат камфортнейшыя, прыемнейшыя і лягчэйшыя».

Надзея адзначае, што лічыцца ў бальніцы маладым доктарам, які толькі скончыў універсітэт. Пры гэтым яна мае магчымасць зрабіць любыя даследаванні, якія палічыць неабходнымі для пацыента:

«І я не павінна бегаць і ўзгадняць кожны свой крок з начальствам, як гэта робіцца ў нас дома. Гэта хвароба галоўных установаў. У будучага доктара не выпрацоўваецца ўменне прымаць рашэнне, бо кожны крок павінен быць кансультаваны з калегай рангам вышэй. Тут ты працуеш з пацыентам. І гэта цалкам твая адказнасць. І калі ты павінен звярнуцца да старшага таварыша — гэта таксама твая адказнасць».

Гаворачы пра свой заробак, Надзея адзначае, што дома яна заўсёды працавала на трох работах для таго, каб адчуваць сябе ўпэўнена.

«Я атрымлівала заробак на трох работах дзесьці каля тысячы даляраў. Тут я працую на адной рабоце. Начных дзяжурстваў у мяне няма. І пры ўсім гэтам я атрымліваю дзве з паловай тысячы даляраў. Я не адчуваю фінансавых цяжкасцей, наколькі гэта можа быць для эмігранта актуальным. Так, я не магу купіць кватэру ці дом, але магу купіць машыну», —

распавядае Пятроўская.

«Я б не выключала магчымасці вяртання дахаты. Але ў гэты момант яна мінімальная. Я не вельмі веру ў хуткія і радужныя перамены. Акрамя гэтага, я вельмі шмат уклала ў тое, каб тут неяк даказаць сваю прафесійную прыдатнасць, і не гатовая ў адзін момант адмовіцца ад тых магчымасцей, якія мне прадстаўляе Чэхія і ЕС у плане прафесійнай рэалізацыі.

Але верагоднасць вяртання ёсць. І магчыма, некалі веды, набытыя тут, спатрэбяцца дома і нешта палепшыцца», —

гаворыць у канцы размовы Надзея Пятроўская.

Чытайце яшчэ:

«Інтэрны вядуць найцяжэйшых пацыентаў»: вопытныя дактары разбягаюцца з РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, сачыць за парадкам даслалі спецслужбіста 

«Ці варта пападаць у кабалу на 5 гадоў пасля ардынатуры?» Медыкі выказаліся пра новаўвядзенні ў закон для іх

Эміграцыя медыкаў з РНПЦ анкалогіі набывае трывожны маштаб: «Зона камфорту знішчана людзьмі ў чорным»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?