Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказвае студэнтам медычнага ўніверсітэта пра Дзень народнага адзінства. Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказвае студэнтам медычнага ўніверсітэта пра Дзень народнага адзінства. Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Былы кіраўнік раённай паліклінікі Сяргей (імя змененае па яго просьбе) у абноўленым законе «Аб ахове здароўя» бачыць спробу ўлады закласці ў атрыманне медыкамі паглыбленай адукацыі па клінічных профілях — рэзідэнтуру.

Паводле яго, такі падыход падрыхтоўкі вузкіх спецыялістаў дзейнічае ў еўрапейскіх краінах і Ізраілі. 

«Наагул гэта добрая тэма, каб медыкі станавіліся вузкімі спецыялістамі на рэзідэнтуры. Цягам пяці гадоў яны будуць вучыцца, працаваць і зарабляць. А ў выніку стануць кваліфікаванымі адмыслоўцамі. Але мінус у адпрацоўцы», — адзначае Сяргей.

Цяпер ардынатура дазваляе паглыблена вывучаць спецыялізацыю, па якой лекар ужо працуе ці хоча мець іншы профіль працы. Вучыцца трэба два-тры гады. Па яе сканчэнні доктар мае перавагу ў прызначэнні на кіроўную пасаду, напрыклад, загадчыка аддзялення.

Цяпер спецыялістам вузкага профілю можна стаць і прайшоўшы першасную прафесійную перападрыхтоўку, якая доўжыцца ўсяго 4 месяцы.

Па словах Сяргея, у Польшчы, дзе ён цяпер працуе, сумняваюцца, што «пярвічка» дазваляе медыку стаць кваліфікаваным спецыялістам за такі кароткі тэрмін.

Ён мяркуе, што з набыццём сілы змененага закону «пярвічку» скасуюць ці перагледзяць навучанне на ёй. Пакуль жа яна існуе, медыкі будуць выбіраць яе і пазбягаць ардынатуры, каб не трапіць у залежнасць ад дзяржавы.

Таму, мяркуе ён, улады могуць яе прыбраць і ўвесці толькі клінічную ардынатуру, якая яшчэ больш стане падобнай на заходнюю рэзідэнтуру.

«Ардынатуру зробяць бясплатнай з пяцігадовай адпрацоўкай. Медыкаў гэтак заякараць у Беларусі і зменшаць адток кадраў. Намер такі: хочаш вузкую спецыяльнасць, кар'еру, заробак, дык ідзі ў ардынатуру ды цярпі адпрацоўку», — тлумачыць медык.

Ён дапускае, што пры паступленні ў ардынатуру будуць зважаць не толькі на ацэнкі ў дыпломе, наяўнасць навуковых работ, прафесійныя дасягненні, але і на ўзнагароды. Яны адыграюць вырашальную ролю, калі ў ахвотніка паступіць у ардынатуру не будзе дастаткова прахадных балаў. Таксама дзяржаўныя ўзнагароду могуць улічваць у выпадку паступлення на больш прэстыжныя спецыялізацыі, разважае доктар.

«У Польшчы пры паступленні на рэзідэнтуру трэба даказаць сваю гатоўнасць вучыцца ведамі. Улічваюцца навуковыя работы. Не лаяльнасцю ўладзе», — даводзіць Сяргей.

На яго погляд, ахвотных пайсці ў ардынатуру на умовах змененага закону будзе няшмат. Медыкі, «бачачы трэш у краіне, будуць імкнуцца зʼехаць з краіны, ці абысці нормы закабалення на месцах: знаходзіць спосабы пазбегнуць адпрацоўкі і атрымаць вузкую спецыяльнасць у іншай краіне».

Былы кіраўнік раённай паліклінікі лічыць, што пагодзяцца з нормамі змененага закону медыкі, якія не збіраюцца з'язджаць з Беларусі і будуць на радзіме рабіць карʼеру. Іх не напалохае тэрмін адпрацоўкі.

Згодна з нормамі змененага закона, дактары, якія прайшлі падрыхтоўку ў ардынатуры ў вочнай і завочнай форме за кошт бюджэту, будуць размеркаваныя ў дзяржаўныя бальніцы і паліклінікі з адпрацоўкай абавязковага тэрміну не менш за пяць гадоў. Разам з двума гадамі адпрацоўкі пасля ВНУ набягаюць усе 7 гадоў. У выпадку адмовы адпрацоўваць размеркаванне ў медыка запатрабуюць пакрыць кошт вучобы ў 2,5-кратным памеры.

«7 гадоў можна скарыстаць у іншай краіне і працаваць у зусім іншых, людскіх умовах. Стаўшы вузкім спецыялістам потым можна паехаць у любую краіну Еўропы і працаваць, і гэта будуць зусім іншыя заробкі», — даводзіць Сяргей.

Ён лічыць, што медыкі, якія зʼехалі, расказваюць калегам, як ім працуецца і іхныя аповеды не на карысць таго, што маюць суайчыннікі ў Беларусі.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заяўляе, што «уваход на некаторыя спецыяльнасці будзе толькі праз ардынатуру». 

«Думаю, справядліва, калі ты атрымліваеш высокатэхналагічную спецыяльнасць за кошт бюджэту і табе дзяржава дае магчымасць стаць высокага класа спецыялістам, якім становяцца на Захадзе за значна больш доўгі час, адпрацаваць гэты тэрмін у той установе аховы здароўя, куды цябе пашле Радзіма, па спецыяльнасці, якую абраў», — лічыць чыноўнік.

Новыя палажэнні закону распаўсюджвацца толькі на тых, хто пачне падрыхтоўку ў ардынатуры пасля 1 лютага 2024 года. Закон набудзе сілу праз тры месяцы. Медыкі салідарныя ў тым, што новую рэдакцыю закона «Аб ахове здароўя» прынялі, каб спыніць адток кадраў з медыцыны.

Згодна з нацыянальным банкам вакансій, у краіне шукаюць 6614 дактароў-спецыялістаў, 3975 медсясцёр, 3054 санітараў. 

Глядзіце таксама:

«Ці варта пападаць у кабалу на 5 гадоў пасля ардынатуры?» Медыкі выказаліся пра новаўвядзенні ў закон для іх

Як працуе і колькі зарабляе беларуская доктарка ў Чэхіі

Ірына Абельская расказала, як працуе «Лечкамісія»

«Вучу беларускую мову, каб казаць пацыентам «калі ласка». Як у Беларусі працуецца доктару-сірыйцу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?