Угодкі Аршанскай бітвы Celebration on the occasion of the Battle of Arshan Праздник по случаю Аршанской битвы

Святкаванне ў Вільні ўгодкаў Аршанскай бітвы, 2022 год. Скрын з відэа

Вялікае эсэ Барбары Налэнч-Нянеўскай (Barbara Nałęcz-Nieniewska) апублікаванае на сайце Ягелонскага клуба — грамадскай арганізацыі, якая аб'ядноўвае экспертаў, грамадскіх дзеячаў і публіцыстаў маладога пакалення рэспубліканскіх, кансерватыўных і неахрысціянскіх поглядаў.

«Для дасягнення амбіцыйных мэт мы павінны сфармуляваць бачанне развіцця Польшчы, якое будзе ахопліваць пакаленні, а не тэрміны паўнамоцтваў. Мы зʼяўляемся сведкамі вычарпання цяперашняй формулы Трэцяй Польскай Рэспублікі. Нам патрэбна новая мадэрнізуючая энергія, каб адказаць на выклікі, якія стаяць на гарызонце», — адзначаецца на сайце.

«Еўропа звычайна не чуе крыку беларусаў. Захад адводзіць вочы і ўпарта затыкае вушы. Нічога не змянілася ні пасля масавых пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі ў 2020 годзе, ні пасля пачатку вайны ва Украіне. Беларусь — ключавая краіна на геапалітычнай шахматнай дошцы сучаснасці, але яе вобраз і веды пра беларусаў у Польшчы спрошчаныя і плыткія. Прыйшоў час гэта змяніць, тым больш што ў нас так шмат супольнага,»— піша аўтарка, якая не хавае таго факту, што мае родзічаў у Беларусі. Яе бабуля паходзіць з вёскі на Палессі. Лёс яе закінуў у цэнтральную Польшчу, але ў Беларусі засталіся сёстры.

«Тут палякі, там беларусы, хоць мы дружная сямʼя. Самае цудоўнае, што нам атрымалася захаваць кантакт на працягу ўсіх гэтых гадоў і пакаленняў, нягледзячы на мяжу, якая добра ахоўваецца», — адзначае Налэнч-Нянеўская.

Аўтарка згадвае, што спачатку захаплялася расейскай культурай і ў час сваёй першай паездкі ў Беларусь і Расію ў 2000 годзе наша краіна ёй паказала «сумнай, недастаткова рускай». Але прайшлі гады, і яе захапленне Расіяй згасла, а цэнтр прыцягнення «усё больш і больш перамяшчаўся заходней Масквы, у бок ракі Буг, у Беларусь».

Цяпер яна рада, што «Беларусь, хоць і ўваходзіла ў склад СССР і знаходзіцца ў коле рускай культуры і мовы, не зʼяўляецца поўнасцю часткай Рускага свету. Яна мае сваю ўласную еўрапейскую ідэнтычнасць, якая заснавана на спадчыне Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай».

У сваім вялікім эсе Барбара Налэнч-Нянеўская тлумачыць польскаму чытачу некалькі важных момантаў.

Рэч Паспалітая была шматнацыянальнай, а не толькі польскай дзяржавай

«Беларусы нашмат лепш за нас разумеюць мультыкультуралізм Рэчы Распалітай», — заўважае аўтарка і піша, што палякі, якія абвінавачваць беларусаў у прысваенні польскай гісторыі, дэманструюць невуцтва.

«Праблема ў тым, што, на жаль, мы польскацэнтрычныя. Мы кажам, што некалькі сотняў гадоў таму Польшча даходзіла да Смаленску, а гэта ж была не проста Польшча, а Рэч Паспалітая, створаная з дзвюх дзяржаў — Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. А народаў у гэтых краінах было значна больш за два»,

— піша Налэнч-Нянеўская.

Рэспубліка Беларусь не заўсёды арыентавалася на Расію

Аўтарка распавядае, што ў пачатку свайго існавання Рэспубліка Беларусь звярнулася да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага. Нават пры Лукашэнку ёй надавалася ўвага. Аб гэтым сведчыць хаця б рэстаўрацыя замку Радзівілаў у Нясвіжы.

«Стварэнне такога значнага музея, які дэманструе магутнасць Вялікага Княства Літоўскага праз гісторыю сямʼі Радзівілаў, фінансавалася беларускай дзяржавай, а гэта азначае, што не толькі антылукашэнкаўская апазіцыя прапагандавала наратыў аб спадчыне Вялікага Княства Літоўскага. Сам Лукашэнка таксама зрабіў гэта, каб паказаць Расіі, што ён не поўнасцю ад яе залежыць», —

дзеліцца сваімі думкамі аўтар і канстатуе, што афіцыйны наратыў аб асобнай ідэнтычнасці беларусаў, заснаваны на спадчыне ВКЛ і Рэчы Паспалітай, скончыўся ў фатальным 2020 годзе.

Калі б заходнія краіны мацней падтрымалі Беларусь у 2020-м, можа Пуцін не напаў бы на Украіну?

Аўтарка падрабязна спыняецца на гісторыі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года ў Беларусі і прычынах масавых пратэстаў. Яна канстатуе, што ў барацьбе за ўладу самаабвешчаны прэзідэнт «цалкам аддаўся Расіі, таму што Заходняя Еўропа не хацела з ім размаўляць». У выніку гэтага стаў магчымым рывок расійскіх войскаў на Кіеў у лютым 2022 года.

«У адваротным выпадку вайна такога маштабу была б немагчымай», — сцвярджае аўтарка і заўважае:

«На жаль, беларускі народ не атрымаў дастатковай падтрымкі з боку заходняга свету ў сваіх дэмакратычных намаганнях і мужным супраціве рэжыму. Хто ведае, ці рашыўся б Пуцін на вайну з Украінай, калі б стаў сведкам салідарнасці ЗША і Еўропы з беларусамі».

Нельга атаесамляць беларусаў з рэжымам Лукашэнкі. Добрыя адносіны з беларусамі — умова бяспекі палякаў.

Аўтар піша, што цяпер Лукашэнка «трубіць у антыпольскую трубу, паўтараючы, што Усходнія Крэсы былі польскай калоніяй, аб якой палякі згадваюць з любоўю і мараць заваяваць». Змянілася і яго стаўленне да спадчыны ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Нельга атаесамляць беларусаў з рэжымам Лукашэнкі

Вынікам падзей 2020-га і наступных гадоў стаў рост колькасці беларускіх эмігрантаў у Польшчы, якіх яна характарызуе як «адукаваных людзей, што ўсведамляюць сваю нацыянальную самабытнасць і тое, што нацыя можа быць палітычнай і сама вырашаць свой лёс».

«Беларусы тут, сярод нас, назіраюць, набіраюцца вопыту. Усе кажуць, што вераць у вяртанне на вольную, без рэжыму, дэмакратычную радзіму. Атрыманыя веды яны будуць выкарыстоўваць у краіне для будаўніцтва новай Беларусі», — піша Налэнч-Нянеўская.

На погляд аўтара, паміж палякамі і беларусамі не хапае большай інтэграцыі. «Нас не падзяляюць гістарычныя падзеі і крыўды, як да нядаўняга часу з літоўцамі і ўкраінцамі. Прысутнасць беларусаў у Польшчы — беспрэцэдэнтная магчымасць пазнаёміцца і ўмацаваць сувязі».

Налэнч-Нянеўская сцвярджае, што «неабходны падзенне рэжыму, дэмакратычныя змены і паварот Беларусі ў Еўропу. Гэта элемент нашай бяспекі і пабудовы моцнага рэгіёну. Умацаванне сувязей з Беларуссю аддаліць ад нас Расію. У нашых жыццёвых інтарэсах падтрымаць беларусаў у іх барацьбе за свабодную краіну, у якой яны змогуць самавызначыцца».

«Сённяшняя дынамічная геапалітычная сітуацыя можа паскорыць гэта. Калі Расея прайграе вайну, гэта таксама можа быць канец Лукашэнкі. Беларусы — гэта тая нацыя, з якой нам было б лёгка мець зносіны. Іх трэба найперш заўважыць і, перш за ўсё, перастаць атаясамліваць нацыю з рэжымам»,

— заканчвае сваё эсэ аўтар.

Чытайце яшчэ:

У Польшчы можа жыць больш за 300 тысяч беларусаў. Гэта практычна насельніцтва Магілёва

Беларусы заснавалі ў Польшчы амаль 12 тысяч фірмаў за апошнія паўтара года

Беларусы лідзіруюць у Польшчы сярод замежных інвестараў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?