Акцыя салідарнасці з закладнікамі каля рымскага Капітолія. Фота: Andrew Medichini / AP

Акцыя салідарнасці з закладнікамі каля рымскага Капітолія. Фота: Andrew Medichini / AP

Урад Ізраіля пасля некалькіх гадзін абмеркавання ў ноч на сераду ўхваліў пагадненне з групоўкай ХАМАС аб вызваленні часткі захопленых ізраільскіх закладнікаў і чатырохдзённым спыненні агню ў сектары Газа, на працягу якога ў анклаў павінна паступіць гуманітарная дапамога і паліва, піша Бі-бі-сі.

«Урад ухваліў агульныя абрысы першага этапу пагаднення, згодна з якім прынамсі 50 выкрадзеных людзей — жанчын і дзяцей — будуць вызваленыя на працягу чатырох дзён, на якія прыйдзецца паўза ў баявых дзеяннях», — гаворыцца ў паведамленні канцылярыі прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху.

У ім адзначаецца, што спыненне агню можа быць падоўжанае адносна першапачаткова ўстаноўленага тэрміну: для кожных 10 вызваленых закладнікаў будзе дадавацца яшчэ адзін дзень. Улады таксама падкрэслілі, што пасля заканчэння перамір'я вайна працягнецца.

«Урад Ізраіля, ізраільская армія і сілы бяспекі працягнуць вайну, каб вярнуць усіх выкрадзеных, знішчыць ХАМАС і дамагчыся таго, каб з Газы больш не зыходзіла ніякай пагрозы дзяржаве Ізраіль», — дадалі ў канцылярыі.

Пагадненне, пасярэднікам у якім выступае Катар, таксама прадугледжвала вызваленне часткі палесцінскіх зняволеных з ізраільскіх турмаў — жанчын і непаўналетніх.

Праз некалькі гадзін пасля галасавання ў Ізраілі Катарскі МЗС афіцыйна пацвердзіў заключэнне ўгоды.

«Пагадненне прадугледжвае вызваленне 50 грамадзянскіх асоб — жанчын і дзяцей (усяго ў палоне знаходзіцца каля 240 чалавек — НН), якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа, у абмен на вызваленне шэрагу палесцінскіх жанчын і дзяцей, якія ўтрымліваюцца ў ізраільскіх турмах; колькасць вызваленых будзе павялічана на пазнейшых этапах рэалізацыі пагаднення», — гаворыцца ў заяве МЗС Катара.

Катарскія ўлады, якія ўдзельнічалі ў перамовах разам з прадстаўнікамі Егіпта і ЗША, заявілі, што час пачатку перамір'я будзе абвешчаны цягам 24 гадзін.

Баевікі ХАМАС ноччу таксама выступілі з заявай, у якой віталі «гуманітарнае перамір'е» і пацвердзілі, што вызваляць з палону 50 жанчын і дзяцей у абмен на 150 палесцінцаў.

Паводле звестак прадстаўнікоў ХАМАС, уся паветраная актыўнасць Ізраіля на поўдні Газы будзе спыненая на чатыры дні, а на поўначы — абмежаваная з 10 раніцы да 16 гадзін, пакуль дзейнічае спыненне агню.

«Абвяшчаючы аб заключэнні пагаднення аб перамір'і, мы пацвярджаем, што нашы пальцы застаюцца на спускавым кручку, а нашы байцы будуць працягваць абараняць наш народ і перамагаць акупацыю», — гаворыцца ў заяве групоўкі.

Як паведамляе Haaretz са спасылкай на высокапастаўленага ізраільскага чыноўніка, на працягу чатырох дзён ХАМАС вызваліць 30 дзяцей і 20 жанчын.

«Са слоў чыноўніка, усе падраздзяленні ізраільскіх службаў бяспекі — ЦАХАЛ, Шын-Бэт і Масад — падтрымліваюць планаваную ўгоду», — піша выданне.

Як заявіў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік амерыканскай адміністрацыі, Вашынгтон чакае, што колькасць закладнікаў, якія будуць вызваленыя ў выніку ўгоды, будзе большая за 50. Усяго ў палоне ў баевікоў знаходзіцца каля 240 закладнікаў.

«Структура ўгоды такая, што яна ў значнай ступені стымулюе вызваленне ўсіх [закладнікаў]», — заявіў ён на брыфінгу.

Па даных Haaretz, шэсць ізраільскіх бальніц ужо падрыхтаваліся да таго, каб прыняць вызваленых з палону ХАМАС — для іх падрыхтавалі асобныя палаты.

Чытайце таксама:

Катар заявіў пра фінальную стадыю перамоваў з ХАМАС па закладніках

Ізраільскія закладнікі ХАМАС: найгоршы кашмар для любога ўрада

Целы ахвяр атакі ХАМАС былі знойдзеныя ў абдымках 

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0