Гатэль «Рытц». Фота: Evan Lang / Getty Images

Гатэль «Рытц». Фота: Evan Lang / Getty Images

Пярсцёнак коштам 750 тысяч еўра, які знік у фешэнэбельным парыжскім гатэлі Ritz, быў знойдзены ў пыласосе. Гаспадыня думала, што яго скралі, і звярнулася ў паліцыю, піша Бі-бі-сі.

Уладальніца каштоўнасці, прадпрымальніца з Малайзіі, у пятніцу заявіла пра яго знікненне ў паліцыю, выказаўшы здагадку, што яго скраў хтосьці з гасцінічнага персаналу.

Але ахоўнікі знакамітай гасцініцы ў нядзелю выявілі яго ў нетрах пыласоса, унутры мяшка для збору пылу.

Гаспадыня тады паляцела з Парыжа ў Лондан, але вернецца назад, каб забраць пярсцёнак.

Прадстаўнікі міжнароднай сеткі фешэнэбельных гасцініц паведамілі прэсе, што прапанавалі жанчыне тры бясплатныя ночы для кампенсацыі прычыненых ёй нязручнасцяў, але яна, здаецца, не збіраецца прыняць гэтую прапанову.

«Дзякуючы дбайнай працы ахоўнікаў сёння раніцай пярсцёнак быў знойдзены. Мы хочам падзякаваць супрацоўнікам парыжскага гатэля Ritz, якія ўзялі ўдзел у пошуках пярсцёнка і якія кожны дзень праяўляюць прафесіяналізм і прыстойнасць у сваёй працы», — было сказана ў заяве Ritz у панядзелак.

Уладальніца пярсцёнка паведаміла паліцыі, што ў пятніцу яна пакінула яго на стале ў сваім гасцінічным нумары, перад тым як адправіцца па крамах у цэнтры горада. Яна адсутнічала некалькі гадзін, а калі вярнулася, пярсцёнка, упрыгожанага рэдкім брыльянтам, на стале не было.

Цяпер ён знаходзіцца ў паліцыі і прабудзе там, пакуль гаспадыня яго не забярэ.

Знакаміты пяцізоркавы гатэль Ritz знаходзіцца на Вандомской плошчы ў самым сэрцы Парыжа. Ён рэгулярна прыцягвае забяспечаных і знакамітых пастаяльцаў.

Каштоўнасці адтуль знікалі і раней.

У 2018 годзе ўзброеныя сякерамі налётчыкі абрабавалі ювелірную краму, якая знаходзіцца ўнутры, забраўшы з сабой упрыгажэнняў і каштоўнасцяў на некалькі мільёнаў еўра.

У тым жа годзе неназваная прадстаўніца каралеўскай сям'і Саудаўскай Аравіі заявіла, што з яе гасцінічнага нумара зніклі ювелірныя рэчы на 800 тысяч еўра.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
4