Здымак ілюстрацыйны. Фота: Mustafa V / vecteezy.com

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Mustafa V / vecteezy.com

Што прыдумалі?

ТАСС паведаміў, што Беларусь і Расія распрацоўваюць праект будаўніцтва высакахуткаснай чыгуначнай магістралі Масква — Мінск. Цягнік для высакахуткасных чыгуначных магістраляў будзе абсталяваны лічбавай сістэмай кіравання на базе штучнага інтэлекту.

Гэты цягнік зможа развіваць хуткасць да 400 кіламетраў за гадзіну. На іх таксама змогуць перавозіць высокапрыбытковыя і спецыяльныя грузы. У адзін такі электрацягнік можа змясціцца каля 460 чалавек. Пачаць зборку цягнікоў плануюць ужо ў 2026 годзе. Такія звесткі ўтрымліваюцца ў прэзентацыі намесніка гендырэктара Расійскай чыгункі Алега Тоні, прадстаўленай на пасяджэнні ў Савеце Федэрацыі па развіцці транспартнага комплексу ў суб'ектах Расійскай Федэрацыі.

«Расійская частка трасы ўнесеная ў схему тэрытарыяльнага планавання, цяпер мы вядзём працу з нашымі беларускімі калегамі па вызначэнні парадку далейшых сумесных дзеянняў па распрацоўцы гэтага праекта», — заявіў Тоні.

Тэрміны пачатку будаўніцтва магістралі не называюцца.

Гэта нешта новенькае?

Не, ідэі высакахуткаснай дарогі паміж Мінскам і Масквой ужо больш за дзесяць гадоў. Летам 2010 года тагачасны начальнік Беларускай чыгункі, а пасля міністр транспарту Беларусі Анатоль Сівак расказваў:

«Мы пачалі папярэднюю працу ў будаўніцтве высакахуткаснай магістралі паміж Мінскам і Масквой. У цяперашні час праект знаходзіцца на першай стадыі. Другім этапам будзе падрыхтоўка тэхніка-эканамічнага абгрунтавання. [ … ] Мы працуем з партнёрамі — з «Расійскімі чыгункамі» і Кітаем».

Пры гэтым збіраліся пабудаваць абсалютна новую дарогу, а не выкарыстоўваць наяўныя шляхі. На ёй збіраліся дасягаць хуткасцяў да 300 км/г.

Незадоўга да гэтага БЧ і РЧ падпісалі пагадненне аб сумесных дзеяннях па развіцці хуткасных чыгуначных зносін ад Масквы да Брэста — з хуткасцю да 200 км/г. У красавіку 2012-га Сівак расказваў:

«Каб развіваць у сябе хуткасць у 200 км/г, неабходны адпаведны рухомы састаў. Цяпер мы вывучаем рынак. [ … ] Дасягненне такой хуткасці патрабуе вырашэння цэлага шэрагу пытанняў. Адным з іх з'яўляецца забеспячэнне камфортнага для пасажыраў праезду пры руху цягнікоў на крывых участках шляху, якое можа быць дасягнута за кошт уводу ў эксплуатацыю рухомага саставу з сістэмай нахілу кузава. На гэты момант ААТ «Расійскія чыгункі» закупляе такі рухомы састаў вытворчасці кампаніі Talgo для фарміравання цягнікоў, якія ідуць у зносінах з Заходняй Еўропай па Беларускай чыгунцы».

З тых часоў чыноўнікі розных узроўняў неаднаразова заяўлялі, што вось-вось пачнецца праектаванне і/або будаўніцтва хуткаснай чыгункі. У кастрычніку 2018-га той жа Сівак казаў, што будаўніцтва высакахуткаснай магістралі «Еўразія» з Кітая ў Еўропу праз Беларусь можа пачацца не раней, чым праз пяць гадоў.

Па праекце гэтай лініі, якая павінна звязаць Еўропу і Кітай, быў толькі прэзентацыйны матэрыял, у якім змяшчаюцца свайго роду тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне, разлікі, якія гавораць пра цану, акупнасці, папярэднія лічбы, магчымы ўдзел дзяржавы.

«Гэты праект у бізнэсу можа атрымацца і быць прыбытковым, але калі на ўсё гэта глядзець, то, будзем адкрытыя, у найбліжэйшыя пяць гадоў складана казаць, што ён у нас будзе рэалізаваны. Хоць міністэрства зацікаўлена ў тым, каб гэты працэс паскараць», — сказаў міністр.

Агульны кошт праекта тады ацэньваўся ў 118 мільярдаў долараў, а кошт участка на тэрыторыі Беларусі (Красное — Брэст) — 14,2 мільярда долараў.

У кастрычніку 2019—га тагачасны прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас выступіў з прапановай будаўніцтва хуткаснай магістралі, якая звяжа сталіцы Расіі, Беларусі і Германіі. У пачатку 2022-га ў пасланні беларускаму народу Аляксандр Лукашэнка казаў:

«З Мінска ў Маскву можна будзе даехаць за 3-4 гадзіны, калі мы скончым будаўніцтва і запусцім суперхуткасную чыгуначную магістраль».

І гэтак далей.

А як цяпер у Беларусі справы з хуткаснымі цягнікамі?

З 30 красавіка 2021 года з Мінска ў Маскву ходзяць расійскія саставы «Ластаўка»: цягнікі №№ 717/722 і 721/718 праязджаюць шлях за 6 гадзін 50 хвілін у адзін бок і 6 гадзін 55 хвілін у другі, выконваючы 3 прамежкавыя прыпынкі.

Адлегласць паміж гарадамі па чыгунцы — 750 кіламетраў, значыць, цягнікі трымаюць сярэднюю хуткасць у раёне 110 км/г. Пры гэтым па тэрыторыі Беларусі цягнік ідзе з максімальнай хуткасцю 140 км/г, па расійскай разганяецца да 160 км/г.

Таксама да 140 км/г разганяюцца хуткасныя цягнікі Мінск — Гомель і Мінск — Брэст. Увогуле самі беларускія саставы могуць разганяцца і да 160 км/г, і нават да 200 км/г, але пакуль што ім не даюць. Анатоль Сівак тлумачыў, чаму:

«Любое павелічэнне хуткасці пасажырскіх цягнікоў зніжае колькасць грузавых цягнікоў. Гэта значыць, пасажырскі цягнік элементарна даганяе грузавы састаў, які трэба здымаць з графіка, што эканамічна нявыгадна».

А ў 2016 годзе праз Беларусь запусцілі сапраўдны хуткасны цягнік. У снежні пачаў хадзіць хуткасны састаў №13/14 Масква — Берлін. Ён выпушчаны ўжо згаданай кампаніяй Talgo і атрымаў назву «Стрыж» (Swift). Цягнік умее самастойна змяняць шырыню каляіны з савецкай (1.520 мм) на еўрапейскую (1.435 мм), дзякуючы чаму гэты працэс цяпер стаў займаць толькі 28 хвілін замест ранейшых дзвюх гадзін.

За кошт гэтага, а таксама за кошт сваіх хуткасных якасцяў цягнік ехаў ад Масквы да Берліна не 25—26 гадзін, як раней, а толькі крыху больш за 20 гадзін. Праўда, па Беларусі цягнік ехаў не вельмі хутка (па вышэйапісаных прычынах), а ад Масквы да Мінска — 8 гадзін. Зрэшты, тады, 7 гадоў таму, і гэта было прарывам.

І што не так з ідэяй разганяць цягнікі да 400 км/г?

Вельмі цікавая заява, што цягнікі пад хуткасную магістраль могуць пачаць збіраць ужо ў 2026 годзе (гэта значыць, не далей як праз тры гады), а вось калі пачнуць будаваць саму чыгунку, — ніякіх звестак няма.

Паглядзім старыя расклады. Калі ў 2011—м гаварылі пра будучую хуткасную дарогу, паміж Мінскам і Масквой хадзіла 24 цягнікі розных маршрутаў, а самы хуткі — фірмовы №4 «Мінск» — праязджаў 750 кіламетраў ад Мінска да Масквы за 7 гадзін 47 хвілін з сярэдняй хуткасцю 96,3 км/г.

Цяпер, як адзначалася, «Ластаўка» трымае сярэднюю хуткасць 110 км/г, але пры гэтым колькасць цягнікоў скарацілася ўтрая — у чатыры разы: толькі 6-7 цягнікоў у суткі паміж дзвюма сталіцамі.

Ужо прынамсі 20 гадоў таму БЧ абяцала ў нейкай аддаленай перспектыве павысіць хуткасць руху цягнікоў да 160 км/г. Вось навіна з 2003-га:

«Адным з вынікаў сустрэч на вышэйшым узроўні стала падпісанне пагаднення паміж Расіяй, Польшчай, Беларуссю і Германіяй аб павелічэнні хуткасці праходжання цягнікоў па тэрыторыі нашых краін да 160 кіламетраў у гадзіну».

У красавіку 2010 года БЧ разам з расійскімі калегамі і спецыялістамі іспанскай кампаніі Talgo арганізавала паездку цягніка-лабараторыі гэтай кампаніі на ўчастку Масква — Брэст, якая паказала магчымасць рэалізацыі хуткасці да 200 км/г на асобных перагонах.

У маі таго ж года Анатоль Сівак казаў:

«Кажу пра гэта ўпершыню: у 2012 годзе паедзем з хуткасцю 200 кіламетраў за гадзіну. Спачатку — у бок Брэста, па гэтых жа шляхах. [ … ] Развіць 200 км за гадзіну тэхнічна нескладана. Гэта можна і цяпер: якасць шляху дазваляе. Для арганізацыі рэгулярнага руху трэба толькі памяняць кантактную сетку. А каб пасажырам было камфортна на крывых малога радыусу (такія ёсць і на расійскіх участках), маецца рухомы састаў з сістэмай нахілу кузава. [ … ] Тым не менш, паўтару, у 2012 годзе на ўчастку Масква — Брэст цягнікі пойдуць з хуткасцю 200 км/г. Трэба абнавіць кантактную сетку, засцерагчы некаторыя ўчасткі шляху, пазбавіцца ад пераездаў, вырашыць праблему населеных пунктаў, размешчаных па абодва бакі ад рэек».

Прайшло амаль 13 гадоў — але і цяпер яшчэ па Беларусі цягнікі разганяюцца толькі да 140 км/г.

А пра перспектыву новых хуткасных магістраляў Сівак казаў так:

«Пад адзін цягнік у суткі гэта не будзе будавацца, гаворка ідзе пра вялікія капітальныя ўкладанні, трэба як мінімум 10 цягнікоў. Калі б у Мінску насельніцтва дасягала 8 мільёнаў чалавек, то мы б казалі, што эканоміка праекта атрымаецца».

Па даных Міжнароднага саюза чыгунак, будаўніцтва высокахуткасных магістраляў эфектыўнае пры пасажырапатоку звыш за 5 мільёнаў чалавек у год.

А вось і статыстыка.

Напрыклад, у дапандэмійным 2018 годзе ў напрамку Мінск — Масква было перавезена 519,5 тысячы пасажыраў, па маршруце Мінск — Санкт-Пецярбург — 137,2 тысячы.

За ўвесь 2022 год БЧ перавезла 2,7 мільёна пасажыраў у расійскім кірунку — тут улічваюцца ўсе цягнікі ў Расію, якіх ходзіць 24 пары (Масква, Санкт-Пецярбург, Адлер, Мурманск і т.п.). Колькі з іх прыпадае на Маскву?

Як бачна, статыстыка і блізка не дацягвае да заяўленых пяці мільёнаў. Начальнік БЧ рэзюмаваў:

«Патрэбных для акупнасці [хуткаснай чыгункі] 5 мільёнаў пасажыраў у Маскве і Берліне не набярэцца. А ўзгадніць прыйдзецца інтарэсы дарог чатырох краін: гэта складана».

Прычым гэта гаварылася яшчэ ў тыя часы, калі з Мінска цягнікі хадзілі ў Варшаву, Прагу, Берлін, Вену, Ніцу, Парыж і іншыя еўрапейскія гарады. Але вось ужо тры з лішнім гады цягнікі на захад ад Беларусі не ходзяць (малюсенькае выключэнне — Калінінград). І польскія чыгункі выразна далі зразумець, што ў 2024-м ніякіх цягнікоў з Беларусі ў Польшчу не будзе. Дзе ж тады набраць неабходныя 5 мільёнаў пасажыраў з Беларусі ў Маскву, каб было выгадна будаваць хуткасную чыгуначную магістраль?

Дарэчы, а што там у суседзяў?

У Расіі ходзяць хуткасныя цягнікі ЭВС1/ЭВС2 «Сапсан» з хуткасцямі да 250 км/г. Да 2022 года таксама хадзілі цягнікі Allegro з Санкт-Пецярбурга ў Хельсінкі з максімальнай хуткасцю да 220 км/г. Цягнікі Talgo «Стрыж» з максімалкай да 200 км/г усе былі выведзеныя з абарачэння і закансерваваныя. Праект хуткаснай дарогі з Масквы ў Казань закансерваваны. Праектуецца новая хуткасная дарога Масква — Санкт-Пецярбург.

У Польшчы ёсць некалькі участкаў, разлічаных на хуткасці да 250 км/г. Пакуль што цягнікі на іх разганяюцца да 200 км/г, — гэта саставы Alstom ED250 Pendolino. Да пабудовы плануюцца некалькі ліній з хуткасцямі да 350 км/г. Польскі рэкорд на чыгунцы — 293 км/г.

Ва Украіне больш за дзесяць гадоў таму былі закупленыя хуткасныя цягнікі Hyundai HRCS2 і EJ675 і пабудаваныя ўласныя саставы ЭКр1. Яны маюць канструкцыйную хуткасць у 176-200 км/г, але ўсе тры тыпы эксплуатуюцца на хуткасцях не больш за 160 км/г.

У Літве і Латвіі (а таксама Фінляндыі, Эстоніі і Польшчы) пакуль толькі праектуецца хуткасная магістраль Rail Baltica з хуткасцямі да 250 км/г.

Чытайце таксама:

Белчыгунка прызначыла больш за 140 цягнікоў на калядныя і навагоднія святы

Цэны на квіткі з Польшчы ў Беларусь выраслі ў 2-3 разы. Колькі каштуе з'ездзіць на навагоднія святы

У беларускім Мінтрансе расказалі, чаму не купляюць расійскіх самалётаў

Клас
7
Панылы сорам
9
Ха-ха
24
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
9