Папа Рымскі Францішак. Фота: AP

Супрацоўнікі музеяў Ватыкана пагражаюць падаць у суд на ўлады самай маленькай дзяржавы свету, калі іх патрабаванні па паляпшэнні ўмоў працы не будуць выкананыя.

Калектыўны ліст у адміністрацыю накіравалі 47 ахоўнікаў, рэстаўратар і працаўнік кнігарні. Калі яны пададуць у суд, гэта будзе першы падобны пазоў у гісторыі Ватыкана — прафсаюзы ў гэтай краіне не маюць ніякіх правоў, піша BILD.

«Папа кажа аб правах, а нас лічаць простым таварам», — гаворыцца ў лісце працаўнікоў.

У паперы гаворыцца пра мноства праблем. Напрыклад, працаўнікі скардзяцца на жорсткія ўмовы бальнічных: людзі з даведкамі вымушаныя ўвесь час праводзіць дома, паколькі ў любы момант можа прыйсці праверка. 

Акрамя таго, у музеях працаўнікоў прымушаюць працаваць звышурочна па стаўцы ніжэйшай, чым за звычайны працоўны час. Аўтары ліста таксама звяртаюць увагу на самавольства пры вызначэнні памераў заробкаў і адсутнасць страхавання ад беспрацоўя.

Працаўнікі прыгадалі і пра стаўленне да іх падчас пандэміі. Паведамляецца, што Папа Францішак распарадзіўся не залічваць 2021-2023 гады ў стаж для вызначэння выплатаў пры выхадзе на пенсію. У тых, хто выходзіць на пенсію, проста аднімуць месяцы локдаўна.

Таксама ўлады і кіраўніцтва музеяў абвінавачваюць у грэбаванні тэхнікай бяспекі. Замест дазволеных 24 000 наведвальнікаў штодня ў музеі прыходзяць да 30 000 чалавек, што падвяргае небяспецы не толькі творы мастацтва, але і наведвальнікаў і персанал.

Клас
16
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
0