Грамадзянка Беларусі жыве ва Украіне з 2008 года, у яе дазвол на пастаяннае пражыванне, які дзейнічае да 2033 года. Яшчэ ў 1999 годзе яна выйшла замуж на ўкраінца, у сям'і двое дзяцей. Беларуска працуе на пад'ёмным кране ў адной з украінскіх кампаній, піша «Радыё Свабода». 

У жніўні 2023 года ў беларускі скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта. А ў снежні міграцыйная служба Днепрапятроўскай вобласці выпісала ёй адміністраціўку і штраф у 3400 грыўняў (80 еўра). На думку міграцыйнай службы, беларуска парушае закон, калі жыве на тэрыторыі Украіны без сапраўднага пашпарта.

Беларуска падала ў суд на міграцыйную службу. Яна заявіла, што з-за ваеннага становішча і баявых дзеянняў у яе няма фізічнай магчымасці з'ездзіць у Беларусь і абмяняць пашпарт. Жанчына падкрэсліла, што не парушала закон, паколькі яе дазвол на пражыванне дзейнічае яшчэ дзевяць гадоў.

Міграцыйная служба ў судзе заяўляла, што спачатку беларуску аштрафавалі за пашкоджанне дакумента аб ПМЖ — раней яны выдаваліся ў выглядзе кніжак, а не пластыку. Таксама супрацоўнікі міграцыйнай службы сцвярджалі, што папярэдзілі беларуску аб неабходнасці абмену пашпарта, але яна гэта патрабаванне, з іх слоў, праігнаравала.

Аднак суд заняў бок грамадзянкі Беларусі. У рашэнні сказана, што жанчына жыве ва Украіне на законных падставах, паколькі яе дазвол на ПМЖ сапраўды. Суд лічыць, што норма аб дзейнасці дакументаў тычыцца менавіта ПМЖ, а не нацыянальнага пашпарта замежніка.

Таксама ў рашэнні адзначаецца, што з-за вайны і фактычнай адсутнасці адносін паміж Украінай і Беларуссю ў жанчыны няма фізічнай магчымасці зрабіць новы пашпарт. Суд адмяніў адміністраціўку і штраф беларускі.

Чытайце таксама:

Беларусы больш не змогуць замяняць пашпарты ў консульствах, а даверанасці, аформленыя за мяжой, перастануць прызнавацца — новы ўказ

Вярхоўная Рада падтрымала важны для беларусаў законапраект аб прававым статусе абаронцаў Украіны

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
3