Чакаецца, што каспійская нафта Azeri Light, прапампоўванне якой пачалася ў лютым па нафтаправодзе Адэса — Броды, паступіць на Мазырскі НПЗ у красавіку.

Аб гэтым паведамілі на ААТ «Мазырскй НПЗ», абвергнуўшы інфармацыю шэрагу СМІ аб тым, што нафта Azeri Light ужо паступіла на завод.

Пакуль праходзіць выцісканне тэхналагічнай нафты Urals, якой запоўнены нафтаправод, адзначылі на прадпрыемстве.

Кампанія «Укртранснафта» 13 лютага пачала перапампоўванне азербайджанскай нафты ў напрамку прыёма-здатачнага пункта ўліку энерганосьбітаў «Мазыр». Гэта было зроблена ў рамках рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых з беларускім бокам на міжурадавым узроўні і на ўзроўні гаспадарчых суб’ектаў па транспарціроўцы нафты па тэрыторыі Украіны ў Беларусь з выкарыстаннем нафтаправода Адэса — Броды і адной з дзвюх нітак нафтаправода «Дружба».

29 студзеня ў порт Паўднёвы (Адэская вобласць) прыбыў першы танкер з азербайджанскай нафтай (каля 81 тыс. тон). Паводле інфармацыі ўкраінскай кампаніі, 11 лютага быў прыняты другі танкер з азербайджанскай нафтай (85 тыс. тон).

Пастаўкі нафты з Азербайджана ажыццяўляюцца на падставе дамоўленасцей паміж ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія», Дзяржаўнай нафтавай кампаніяй Азербайджана (SOCAR) і Венесуэлай. Азербайджанская нафта будзе замяшчаць венесуэльскую ў рамках своп-кантрактаў. У 2011 годзе па своп-схеме ў Беларусь па нафтаправодзе Адэса — Броды плануецца паставіць 4 млн. тон азербайджанскай нафты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?