Разбор па скарзе рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) на папярэджанне Міністэрства юстыцыі працягнецца ў Вярхоўным судзе 11 сакавіка.

Як паведаміў старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, у другой палове дня 9 сакавіка ў судзе пачаліся спрэчкі бакоў. «Паспеў выступіць толькі я. У сваім выступленні я зноў гаварыў аб прынцыпе незалежнасці адвакатуры, прывёў факты націску на адвакатаў з боку беларускіх уладаў, адзначыў, што наша паведамленне спецдакладчыку ААН грунтавалася толькі на фактах такога націску. Мінюст, канешне, ацэньвае нашу падачу такіх фактаў як тэндэнцыйную. Але гэта наша права — даваць ацэнкі падзеям і фактам», — сказаў Паганяйла.

Гаворачы аб астатніх прэтэнзіях Мінюста да арганізацыі, у прыватнасці наконт выкарыстання ўстарэлай пячаткі для паштовых адпраўленняў, ён адзначыў, што «гэта дробязі, якіх недастаткова для вынясення папярэджання».

«Мы прызналі гэты факт. Гэта проста промах, які не варты такой суровай меры, як папярэджанне», — лічыць Паганяйла.

Пісьмовае папярэджанне Мінюста было вынесена БХК 12 студзеня, пасля таго як праваабаронцы праінфармавалі спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэлу Кнаўль аб фактах націску ўладаў на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.

Мінюст запатрабаваў тэкст гэтага ліста і вынес БХК папярэджанне «за парушэнне заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях, сродках масавай інфармацыі, распаўсюджванне недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі рэспублікі, уласны статут арганізацыі».

Паводле слоў старшыні юрыдычнай камісіі БХК, суддзя Галіна Жукоўская прыняла рашэнне прадоўжыць працэс 11 сакавіка ў 11 гадзін. «У гэты дзень выступіць старшыня БХК Алег Гулак, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, прадстаўнік пракуратуры, прысутны ў судзе, потым суд пойдзе на нараду, і будзе вынесены вердыкт», — сказаў Паганяйла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?