Камісія па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы на пасяджэнні 9 сакавіка ў Парыжы прыняла рашэнне запрасіць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ Беларусі для абмену меркаваннямі са сваімі членамі падчас веснавой сесіі ПАСЕ 11–15 красавіка ў Страсбургу.

У ходзе пасяджэння дакладчык па Беларусі Сініка Хурскайнен (Фінляндыя) «рашуча асудзіла працяг рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, незалежных СМІ і актывістаў апазіцыі», гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ПАСЕ.

Хурскайнен выказала глыбокую занепакоенасць «несправядлівымі і палітычна матываванымі судовымі працэсамі, паведамленнямі аб катаваннях ў няволі, непразрыстым расследаваннем падзей 19 снежня і працягам вынясення смяротных прысудаў у Беларусі».

Дакладчык па Беларусі асудзіла папярэджанне, вынесенае Беларускаму Хельсінкскаму камітэту Міністэрствам юстыцыі, і заявіла, што камітэт па палітычных пытаннях ПАСЕ прыняў рашэнне пракансультавацца з Венецыянскай камісіяй на прадмет адпаведнасці гэтага папярэджання міжнародным нормам правоў чалавек.

Зараз БХК аспрэчвае ў Вярхоўным судзе папярэджанне Мінюста, якое было вынесена пасля таго, як праваабаронцы праінфармавалі спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэлу Кнауль аб фактах націску ўладаў на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня.

Мінюст вынес БХК папярэджанне «за парушэнне заканадаўства аб грамадскіх аб’яднаннях, сродках масавай інфармацыі, распаўсюджванне непраўдзівай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі рэспублікі, уласны статут арганізацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?