Верагодна, Наталлі Радзінай будзе прад’яўленае канчатковае абвінавачванне і яе пачнуць знаёміць са справай.

Сёння раніцай рэдактару сайта charter97.org Наталлі Радзінай патэлефанаваў следчы і сказаў, што яна павінна быць заўтра раніцай у Мінску. Супрацоўнік КДБ не ўдакладніў, навошта канкрэтна выклікаюць журналістку, адзначыўшы толькі, што для «правядзенні следчых дзеянняў».

Адвакат журналісткі Мар’яна Сямешка не выключае, што Наталлі Радзінай можа быць прад’яўленае канчатковае абвінавачванне і яе пачнуць знаёміць з матэрыяламі крымінальнай справы для наступнай перадачы ў суд.

Да гэтага часу журналістка, якая больш за месяц правяла ў СІЗА КДБ, а цяпер знаходзіцца ў «высылцы» ў Кобрыне, за 300 кіламетраў ад Менска пад падпіскай аб нявыездзе, абвінавачвалася па двух частках артыкула 293 КК РБ. Канчатковага абвінавачванні ёй яшчэ не прад’яўлялі. Ва ўсякім выпадку, афіцыйна. Аднак 27 сакавіка ў прапагандысцкім фільме на тэлеканале СТВ прагучала, што Наталлі Радзінай «ужо прад’яўлена абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску».

«Відавочна паскарэнне працэсаў у раздзьмутым спецслужбамі крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня. Судовы канвеер працуе хутка і без перабояў, як па замове, прыгаворваючы апазіцыянераў да жахлівых тэрмінаў зняволення. Мабыць, дайшла чарга і да журналістаў. Зараз пачнуць распраўляцца з намі толькі за тое, што працавалі на Плошчы і не маўчалі ўсе гэтыя 17 гадоў дыктатуры», — заявіла Наталля Радзіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?