Сталічныя студэнты чысьцяць «дыямэнт»

25.11.2005 / 13:00

Узьвядзеньне новага будынку Бібліятэкі ня ўкладваецца ў заплянаваныя тэрміны. Пра гэта сьведчыць і факт масавага прыцягненьня да работ студэнтаў ды вайскоўцаў. БДУ штодзень дасылае на працу да 180 навучэнцаў.

Арганізацыяй працы займаецца Ўпраўленьне выхаваўчай работы з моладзьдзю. А вось што паведаміў карэспандэнту «НН» студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсітэту Зьміцер. Студэнтаў БДТУ накіроўвалі на будоўлю двойчы. Заняткі ў тыя дні адмяняліся, а яўка на працу была абавязковая. Падчас працы Зьміцер стаў сьведкам шматлікіх парушэньняў працоўнай дысцыпліны: будаўнікі палілі ў неабсталяваных памяшканьнях, сярод іх былі нецьвярозыя. Адзін з будаўнікоў паскардзіўся на тое, што месца для бібліятэкі выбранае неабдумана, і ім часьцяком даводзілася заліваць бэтонам расколіны ў фундамэнце. На будоўлі Зьміцер сустрэў сяброў з БАТУ.

Стаўленьне студэнтаў да прымусовых работ неадназначнае. Нехта рады прагуляць заняткі, кагосьці раздражняе марнаваньне часу.

Шмат хто з будучых карыстальнікаў бібліятэкі выказвае сумнеў у мэтазгоднасьці ўзьвядзеньня гмаху, калі ёсьць рацыянальныя і танныя варыянты, як, напрыклад, пабудова сеткі кампутарызаваных студэнцкіх бібліятэк.