Першым новым спектаклем у адноўленым Купалаўскім будзе «Пан Тадэвуш» Міцкевіча

29.12.2012 / 17:10

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы перадалі калектыву.
Як адзначыў намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш, усе будаўнічыя і аддзелачныя работы завершаны. Інжынерныя сістэмы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць будынка — ацяпленне, каналізацыя, вентыляцыя, сістэма пажаратушэння, — працуюць. «Калектыў тэатра можа спакойна пераязджаць і абжываць памяшканне», — падкрэсліў намеснік міністра.

Павіншаваць калектыў тэатра са знамянальнай падзеяй прыехаў і старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Ён адзначыў, што на працягу студзеня-лютага будуць унесены апошнія штрыхі: «Асноўныя работы выкананы, засталося толькі, як гаворыцца, абжыцца, завезці рэквізіт, давезці мэблю, развесіць карціны, наладзіць абсталяванне сцэны», — сказаў Ладуцька.

Урачыстае адкрыццё тэатра адбудзецца ў сакавіку 2013 года.
Як распавёў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін, першым спектаклем, пастаўленым на новай сцэне, стане «Паўлінка».

«Цяпер зоймемся адаптацыяй да сцэны прыблізна 20 спектакляў, якія ішлі ў нас на розных пляцоўках, А першым новым спектаклем стане „Пан Тадэвуш“ Адама Міцкевіча», — распавёў Мікалай Пінігін.