Абрабаваў родную маці

44-гадовы жыхар Баранавічаў адабраў у маці 4,7 млн рублёў і пайшоў прапіваць іх з сябрамі.

06.03.2013 / 16:51

2 сакавіка ў Баранавіцкі ГАУС звярнулася 70-гадовая гараджанка, якая расказала, што ўвечары 28 лютага сын забраў у яе 4,7 млн рублёў, піша «Intex-press».

«Пенсіянерка не адразу паведаміла пра здарэнне ў міліцыю. Магчыма шкадавала сына, які нядаўна вярнуўся з турмы», — расказалі ў гарадскім аддзеле ўнутраных спраў.

Мужчыну супрацоўнікі патрульна-паставой службы міліцыі знайшлі ў адным з дамоў, якія маюць рэпутацыю прытонаў. Частку грошай ён ужо паспеў прапіць з сябрамі.

5 сакавіка на рабаўніка завялі крымінальную справу па ч. 2 арт. 206 КК РБ (рабаванне), яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.