Кіроўцу, пакаранаму за расійскі сцяг, падарылі кнігу Арлова

Алесь Мазанік гатовы кампенсаваць Васілю Ананічу страчаную прэмію.

17.10.2013 / 16:14

У пачатку кастрычніка культурніцкі актывіст Алесь Мазанік дабіўся ад дырэктара аўтобуснага парка №2 Ігара Журка прыбраць з аднаго з аўтобусаў расійскі сцяг. Дырэктар Журок паведаміў таксама, што кіроўцу Васілю Ананічу паменшылі памер прэміяльнай аплаты за верасень 2013.

Паведамленне ў прэсе пра той выпадак выклікала рэзананс і абмеркаванне на форумах. Частка чытачоў прапанавала Мазаніку кампенсаваць кіроўцу страчаную прэмію.

Як піша газета «Новы час», Алесь Мазанік прыслухаўся да гэтых прапановаў. Ён вырашыў кампенсаваць кіроўцу прэмію і замірыцца з дапамогай пляшкі каньяка, а таксама падарыць Васілю Ананічу кнігу Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» з імянным аўтографам.

Гэтую кнігу Мазанік лічыць «найлепшай энцыклапедыяй гісторыі нашай Бацькаўшчыны», і ўпэўнены, што з яе дапамогай зможа данесці свае перакананні да Васіля. 

У аўтапарку адмовіліся арганізаваць сустрэчу з кіроўцам, таму Мазанік даслаў кнігу і ліст з прапановай кампенсацыі поштай.