Social weekend — сацыяльныя праекты па-беларуску

У Беларусі другі раз распачаўся Social Weekend - конкурс сацыяльна-значных праектаў. У конкурсе ўдзельнічаюць і беларускамоўныя праекты. Якія праблемы хвалююць іх ініцыятараў і на якую аўдыторыю яны разьлічваюць?

20.10.2013 / 23:28

Першы адбор пасьпяхова прайшлі 94 праекты з 136, заяўленых на startidea.by.

Да 22 лістапада працягнецца народнае галасаваньне, у выніку якога будзе адабраная дзясятка найлепшых. Сярод тэмаў, якія ўздымаюць ініцыятары праектаў, — дапамога старым і людзям з абмежаванымі магчымасьцямі, пошук зьніклых людзей, дапамога хворым, праблемы экалёгіі і клопат пра беспрытульных жывёлаў, дапамога дзецям і іх творчае разьвіцьцё, ажыўленьне гарадзкіх вуліц сродкамі мастацтва, змаганьне з вандалізмам на вуліцах, а таксама хамствам аўтамабілістаў, стварэньне пляцовак узаемадапамогі і узаемнага абмену рознымі паслугамі.

Сярод беларускамоўных праектаў, а іх сярод пададзеных амаль 15%, фігуруюць збольшага тэмы літаратуры і культуры, а тады ўжо адукацыі, турызму, СМІ, рамёстваў, крэатыўных падарункаў, а таксама канцэртаў у дапамогу псіхічна хворым.

Літаратурныя праекты прапаноўваюць перанесьці беларускую літаратуру як на віртуальныя пляцоўкі і мабільныя плятформы, так і на цалкам рэальныя, напрыклад, распаўсюджваць беларускую клясыку ў грамадзкім транспарце.

Для смартфонаў адна з ініцыятыўных груп прапаноўвае праект «Беларускія казкі», а для звычайных інтэрнэт-карыстальнікаў — сацыяльную сетку для чытачоў і аўтараў, а таксама сайт абмену водгукамі пра дзіцячую літаратуру.

Культурніцкія праекты «Дыялог пакаленняў» і «Культура дзецям» знаёмяць з традыцыйнай народнай культурай і зь яе дапамогай вырашаюць праблемы самых неабароненых катэгорый нашага насельніцтва — старых і дзяцей.

Праект «Культура пачынаецца зь цябе» спрабуе задзейнічаць сродкі сацыяльнай рэклямы.

Канцэрт-акцыя «Жоўты дом» — гэта ўжо спроба паставіць культуру на службу людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Адукацыйныя праекты — гэта найперш моўныя ідэі. Праект «Да мовы праз малюнкі» прапаноўвае стварэньне серыі тэматычных слоўнікаў для дзяцей.

А «Крок наперад» — гэта конкурс відэаролікаў, якія заахвочваюць карыстацца беларускай мовай.

Рамесьніцкія праекты знаёмяць адпаведна з пляценьнем з лазы («Лаза па вакацыях») і хлебнай справай («Жорны — штукарская пякарня і цукерня»).

Беларускамоўным таксама абяцае быць турыстычны сайт, дзе будуць сабраныя цікавосткі менавіта моладзевага турызму.

Адзін зь нешматлікіх камэрцыйных праектаў — Арт-крама — прапаноўвае зьмяніць стаўленьне да Беларусі праз распаўсюд якасных сувэніраў.

Падрабязнае апісаньне ўсіх праектаў можна прачытаць на сайце Social Weekend, тамсама можна і прагаласаваць за іх.

даслала чытачка Наталя Сіліванава