20-гадовая мінчанка 23 разы здала арандаваную каватэру

05.11.2013 / 15:11

Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Партызанскага РУУС Мінска за ўчыненне серыі махлярскіх дзеянняў затрымана 20-гадовая жыхарка сталіцы. Яна паспела падмануць больш як два дзясяткі людзей на 13 тысяч даляраў.

Падчас першага ж апытання маладая мінчанка прызналася ў кватэрных афёрах, а таксама паведаміла, што рабіла гэта з-за кахання да свайго 32-гадовага сужыцеля. Той нядаўна выйшаў з турмы і прыахвоціўся да азартных гульняў, таму пастаянна меў патрэбу ў грашах.

Дзяўчына на год наняла аднапакаёвую кватэру па вуліцы Геалагічнай і ў інтэрнэце размясціла аб'яву з выгаднай прапановай. Падчас гутаркі з патэнцыяльнымі кліентамі «гаспадыня» выстаўляла ўмову — перадаплата. Далей зацікаўленыя прыязджалі паглядзець жыллё. Там дзяўчына казала, што цягам двух тыдняў зробіць у кватэры рамонт, пасля чаго можна будзе засяляцца. Грошы ж прапаноўвала выплаціць адразу.

Калі заканчваўся абумоўлены час, кліенты тэлефанавалі і цікавіліся магчымасцю засялення. Аднак у адказ чулі, што рамонт яшчэ не закончаны, патрэбны час, а потым дзяўчына наогул перастала адказваць на тэлефанаванні.

Паводле наяўных у Партызанскім РУУС звестак, такім чынам зламысніца паспела здаць нанятую кватэру 23 разы. Менавіта столькі пацярпелых звярнуліся на сённяшні дзень у міліцыю. Аднак міліцыянеры мяркуюць, што не пра ўсе дзеянні падазронай вядома.

Атрыманыя за кватэру грошы дзяўчына адразу ж перадавала сужыцелю. Паводле папярэдніх падлікаў, у яго рукі трапілі 13 тысяч даляраў. Даведаўшыся, што сужыцельку шукаюць, іграман кінуў сяброўку і ўцёк. Зараз ён таксама знаходзіцца ў вышуку.